6 сьнежня ў памяшканьні Нацыянальнае суполкі пісьменьнікаў Украіны адбылася цырымонія ўручэньня прэміі часопісу “Сучасність” за 2006 год. Адным з трох лаўрэатаў стаў беларускі паэт, эсэіст і перакладчык Андрэй Хадановіч. Ён атрымаў узнагароду за публікацыю шасьці вершаў ды эсэ “Уладзімір Караткевіч і філязофскі камень” у “беларускім” нумары часопісу “Сучасність” (№8-2006). Прэмію ўручыў галоўны рэдактар “Сучасністі”, паэт Ігар Рымарук.

У сваім эсэ пра Караткевіча Андрэй Хадановіч намякае на асабісты досьвед ствараньня сьвету, але ўвайсьці ў яго можа толькі той, хто мае аднолькавы зь ягоным творцам культурны код. Тады гэты вандроўнік пабачыць, як праз культурныя слаі, выкладзеныя паэтам, сьвеціцца агульная для абодвух – чытача і аўтара – каштоўнасная аснова. Тады, прастуючы за Хадановічам кругамі ягонага пачуцьцёвага раю, чытач прамаўляе: “Ага!” – пазнаючы знаёмыя рэчы. Аднак, аглядаючы гэтыя як быццам пазнаныя, але пераствораныя ляндшафты, падарожны ня можа ўстрымацца ад воклічаў: “Ого!” – настолькі суб’ектыўна, небесстароньне ды прымхліва Хадановіч абладзіў свой вымаўлены сьвет. І калі вяртаесься з гэтага ідэальнага сусьвету, то нават наш гранічна недасканалы космас нечакана выяўляецца не такім ужо і кепскім.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?