Былы міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі сёння быў абраны старшынёй ніжняй палаты польскага парламента — Сейма.

За прызначэнне Сікорскага на гэтую пасаду аддалі галасы 233 дэпутаты пры 220 неабходных для прыняцця рашэння. Супраць Сікорскага прагаласавалі 143 дэпутаты і 62 устрымаліся ад галасавання.

«Дзякую фракцыям, якія не вылучылі іншага кандыдата на маршалка (старшыні Сейма). Дзякую тым, хто за мяне прагаласаваў і тых, хто яшчэ не паверыў у маю кандыдатуру. Я хачу заслужыць давер дзеяннямі, а не прамовамі», — сказаў новапрызначаны старшыня галоўнай заканадаўчай палаты польскага парламента.

Ён звярнуў увагу, што палякі горш за ўсё ацэньваюць дзейнасць Сейма з усіх дзяржаўных органаў, адзначыўшы, што гэта сведчыць пра тое, што вострыя дыскусіі, якія тут вядуцца, не выклікаюць даверу грамадзян і гэта трэба змяніць.

«Атмасфера канфрантацыі, якая тут пануе, не толькі не спрыяе стварэнню законаў, але таксама не дадае нам папулярнасці. Гэта для кожнага з нас павінна стаць падставай для аўтарэфлексіі. Падчас кожнага свайго выступу мы павінны паказваць, што знаходзімся тут, каб вырашаць, а не ствараць праблемы», — адзначыў Сікорскі, і дадаў, што давяраюць Сейму ўсяго 18% палякаў.

51-гадовы Сікорскі пакінуў пасаду міністра замежных спраў, якую ён займаў з восені 2007 года, у пачатку гэтага тыдня пасля прызначэння новага Кабінета міністраў. Ён ствараўся ў сувязі з прызначэннем папярэдняга прэм'ера Дональда Туска старшынёй Савета Еўрасаюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?