У выхадныя дні ў Беларусі значна ўзрастае колькасць злачынстваў, якія ўчыняюцца ў сферы сямейна-бытавых адносін,

паведаміў намеснік начальніка кафедры адміністрацыйнага права і кіравання органамі ўнутраных спраў факультэта міліцыі Акадэміі МУС Іван Фядчук 24 верасня ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі «Развіццё і інстытуалізацыя механізмаў міжведамаснага ўзаемадзеяння ў сферы процідзеяння насіллю ў сям`і». 

Кажучы пра размеркаванне бытавых злачынстваў па часе сутак, спецыяліст адзначыў, што іх колькасць узрастае з 18 да 24 гадзін, дасягаючы піка каля паўночы. 

Паводле слоў Фядчука, прыблізна 60% злачынстваў у бытавой сферы ўчыняецца ў гарадах, у 88% выпадкаў — у жылых памяшканнях. 

Большасць злачынстваў учыняецца мужчынамі (88%), але ў той жа час у траціне бытавых забойстваў і выпадкаў нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў вінаватыя жанчыны, расказаў спецыяліст. 

Паводле яго меркавання, асноўнымі фактарамі, якія ўплываюць на злачыннасць у бытавой сферы, з`яўляюцца п`янства і беспрацоўе. Так, у стане алкагольнага ап`янення злачынства ўчыняецца ў 77% выпадкаў. 

29% злачынстваў учыняюцца раней асуджанымі людзьмі, якія маюць непагашаную судзімасць. 54% мужчын-агрэсараў — беспрацоўныя, 34% — прадстаўнікі рабочых прафесій, 7% — пенсіянеры. Жанчыны-агрэсары ў 40% выпадкаў з`яўляюцца прадстаўнікамі рабочых прафесій, у 38% — беспрацоўнымі, у 10% — знаходзяцца на пенсіі, у 7% — у адпачынку па доглядзе за дзіцем. 

У студзені—жніўні гэтага года зарэгістравана 68 забойстваў на бытавой глебе, 117 наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў і 49 меней цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Акрамя таго, за гэты перыяд зарэгістравана 347 выпадкаў наўмыснага прычынення лёгкага цялеснага пашкоджання, 225 выпадкаў катаванняў, 579 — пагрозы забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў ці знішчэннем маёмасці. 

У 2013 годзе на бытавой глебе было ўчынена 98 забойстваў, 274 нанясенні наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў і 101 — меней цяжкіх цялесных пашкоджанняў, а таксама зарэгістравана 445 выпадкаў наўмыснага прычынення лёгкага цялеснага пашкоджання, 288 выпадкаў катаванняў, 759 — пагрозы забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў ці знішчэннем маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?