Па дадзеных Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу Беларусі, які займаецца выдачай дазволаў на ўвоз падкантрольных тавараў, на пачатак бягучага тыдня ў пастаўках еўрапейскага малака ўдзельнічалі 15 заводаў.

За жнівень і 19 дзён верасня на перапрацоўку на беларускія прадпрыемствы прайшло некалькі тысяч тон малочнай сыравіны — малочнай прадукцыі, пастэрызаваных малака і вяршкоў.

Самы буйны імпарцёр — брэсцкі «Савушкін прадукт» — манапалізаваў пастаўкі з Польшчы.

Большасць беларускіх заводаў закупляе малако ў літоўскіх сельгасвытворцаў. Да Бярозаўскага сыраробнага камбіната, «Бабушкіной крынкі», Верхнядзвінскага масласырзавода і Пастаўскага малочнага завода, якія імпартавалі малако з гэтай краіны ў жніўні, у верасні дадаліся барысаўская «Здравушка-мілк»,«Белсыр»,«Малочныя горкі», Слуцкі сыраробны камбінат, Маладзечанскі малочны камбінат, «Смаргонскія малочныя прадукты».

На літоўскім і латвійскім малацэ працуюць «Лідская крынка», Тураўскі малочны і Глыбоцкі малочнакансервавы камбінаты. Латвійскае малако таксама перапрацоўвае Ляхавіцкі малочны завод.

У канцы мінулага тыдня прадстаўнікі Рассельгаснагляду заявілі, што Расея можа абмежаваць імпарт прадукцыі шэрагу рыбных і малочных прадпрыемстваў Беларусі з-за прапарцыянальнага росту рызык на фоне рэзкага павелічэння паставак рыбы з Нарвегіі і малочнай прадукцыі з Літвы і Польшчы ў краіну.

«Мы паставілі на маніторынг прадукцыю шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Калі ў нас будуць падставы сумнявацца ў яе бяспецы, вядома ж, мы прымем свае меры», — сказаў, у прыватнасці, прадстаўнік Рассельгаснагляду Аляксей Аляксеенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?