Ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які хаваўся ад арышту, затрымалі 8 красавіка ў сталіцы, проста на вуліцы. Уначы з 8 на 9 красавіка яго перавезьлі ў Ваўкавыск, і 9 красавіка раніцай два міліцыянты даставілі у Ваўкавыскую райбальніцу, каб яго агледзелі дактары. Пры затрыманьні яму націснулі каленам на рабро, таму быў зроблены рэнтгенаўскі здымак.

М.Аўтуховіч уцёк з-пад хатняга арышту ў ноч з 8 на 9 лютага, перад судовым працэсам, які меў пачацца ў Горадні.

На ўцекача быў складзены адміністрацыйны пратакол аб тым, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся і не падпарадкоўваўся міліцыянтам. У панядзелак а 9-й раніцы мае адбыцца суд.

Прадпрымальніка абвінавачваюць у тым, што ён ухіляўся ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Сам ён лічыў арышт помстай за нежаданьне «дзяліцца» грашыма з уладай і ўдзел у якасьці незалежнага кандыдата ў парлямэнцкіх выбарах. Мікалай Аўтуховіч праводзіў галадоўку пратэсту супраць свайго арышту спачатку ў гарадзенскай турме, потым у рэспубліканскім турэмным шпіталі, адкуль яго 28 сьнежня 2005 году перавезьлі у Ваўкавыск і зьмясьцілі пад хатні арышт. За 74 дні галадоўкі ён страціў 38 кіляграмаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0