За 18 дзён верасня беларускі Мінсельгасхарч выдаў дазволы на ўвоз рэкорднай колькасці малочнай сыравіны.

Як падлічыла «Наша Ніва», Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду за два з паловаю тыдня выдаў айчынным прадпрыемствам дазволы на імпарт да канца 2014 года ажно 128 717 тон малака, вяршкоў і сыроваткі (коды ТН ЗЭД Мытнага саюза 0401, 0402 і 0404). Для параўнання: увесь аб'ём імпарту па згаданых вышэй кодах за сем месяцаў бягучага года склаў 7 759 тон.

Па вераснёўскіх заяўках мае ўвозіцца прадукцыя амаль выключна з краінаў ЕС. У спіс трапілі Латвія, Літва, Польшча, Францыя і Эстонія. Так, з тэрыторыі Літвы можна імпартаваць да 70 500 тон малочных паўфабрыкатаў, з Польшчы – 32 500 тон, з Латвіі – 24 180 тон, з Эстоніі – 1 037 тон і з Францыі – 500 тон.

Арганізацыям розных рэгіёнаў пашанцавала неаднолькава. Найперш пашчасціла мець вялікія квоты на імпарт заходнім абласцям. Прадпрыемствам Брэсцкай вобласці з пачатку верасня быў дазволены ўвоз 49 000 тон малакапрадуктаў, Віцебскай вобласці – 3 780 тон, Гомельскай вобласці – 9 400 тон, Гродзенскай вобласці – 34 000 тон, Мінскай вобласці – 16 437 тон, Магілёўскай вобласці – 9 100 тон, Мінска – 7 000 тон.

Сярод асобна ўзятых атрымальнікаў грузаў лідарам па колькасці адобранага малочнага імпарту выступае ЗАТ «Савушкин продукт», якое свае 32 500 тон збіраецца выбраць заяўкамі з тэрыторыі Польшчы. На другім месцы па колькасці дазволенай да завозу сыравіны знаходзіцца ААТ «Малочная кампанія Навагрудскія дары». Каля 27 000 тон малочнай прадукцыі прадпрыемства плануе імпартаваць з Латвіі ды Літвы. ААТ «Баранавіцкі малочны камбінат» патэнцыяльна можа ўвезці з Літвы да 14 000 тон.

Наступныя пазіцыі ў рэйтынгу імпарцёраў размеркаваліся наступным чынам. ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» – 8 000 тон, ААТ «Мінскі малочны завод №1» – 7 000 тон, ААТ «Бабушкина крынка» – 6 600 тон, ААТ «Тураўскі малочны камбінат» – 5 300 тон, ТАА «Лідская крынка» – 4 000 тон, ААТ «Мілкавіта» – 3 800 тон, ААТ «Здравушка-милк» – 3 700 тон, ААТ «Пастаўскім малочны завод» – 2 500 тон, ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» – 2 400 тон, ЗАТ «Борысаўдзецспецпрадукт» – 2 300 тон, СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», СТАА «Данон Шклоў», філіял «Смаргонскія малочныя прадукты» – па 2 000 тон, ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат» і СТАА «Юнілакт» – па 1 000 тон, ААТ «Малочныя горкі» і СТАА «Роскорм» – па 500 тон, СТАА «Белсыр» – 300 тон, ААТ «Лепельскі малочна-кансервавы камбінат» – 220 тон, ПУГП «Еўрабелбізнэс» – 60 тон, ТАА «Сегрета» – 37 тон.

Варта заўважыць, што амаль ва ўсіх выпадках месцамі захоўвання прадукцыі вызначаныя складскія памяшканні саміх імпарцёраў.

Можна меркаваць, што пасля перапрацоўкі гэтая малочная прадукцыя мае задаволіць попыт расійскага рынку. Расійскае эмбарга зрабіла немагчымымі прамыя пастаўкі малочкі з Еўрасаюза.

Нягледзячы на тое, што перапрацоўка Беларуссю еўрапейскай сыравіны не забароненая, а Масква выказвала спадзяванні на замяшчэнне імпарту з Еўропы беларускім, ператварэнне Беларусі ў хаб для прадукцыі еўрапейскай сельскай гаспадаркі выклікала нервознасць у Рассельгаснагляду. Учора яго кіраўнік Данкверт пагражаў поўнай забаронай на ўвоз беларускай мясной і малочнай прадукцыі, абгрунтоўваючы яго нібыта знойдзенымі ў іх антыбіётыкамі і бактэрыямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?