26.09.2014 / 14:54

Адыёзнага заходнерусіста Льва Крыштаповіча прыбралі з ІАЦ Адміністрацыі прэзідэнта 39

Пра адстаўку чыноўніка нічога не паведамлялася ў афіцыйных зводках. Ад 2008 года Крыштаповіч з’яўляўся намеснікам дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта. На сайце ІАЦ прозвішча Крыштаповіча ўжо прыбранае з спісу кіраўніцтва.

У апошнім па часе нумары часопісу «Беларуская думка» надрукаваны артыкул Льва Крыштаповіча і былога міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага «Вялікі верасень», прысвечаны 75-годдзю ўз’яднання Беларусі.

З біяграфічнай даведкі вынікае, што цяпер Леў Крыштаповіч з’яўляецца начальнікам навукова-даследчага аддзелу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва.

Льву Крыштаповічу 65 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Пекалін Смалявіцкага раёна. Скончыў гістфак БДУ. Доктар філасофскіх навук, прафесар.

Аўтар кніг: «Беларусь як руская святыня», «Беларусь і Расія: гістарыясофскае і цывілізацыйнае адзінства». Уваходзіць у спіс неўязных у Еўрасаюз беларускіх чыноўнікаў.

Крыштаповіч прытрымліваецца заходнерусісцкіх поглядаў, якія ўважаюць рускіх, беларусаў і ўкраінцаў адным народам. З’яўляецца ўдзельнікам праекта «Заходняя Русь», сталы аўтар сайта zapadrus.su.

За час працы ў ІАЦ Крыштаповіч запомніўся крытыкай праграмы Міністэрства культуры «Замкі Беларусі», якая мела на мэце аднаўленне страчанай архітэктурнай спадчыны. Крыштаповіч жа зазначыў, што «магнаты Радзівілы, Сапегі, Агінскія не маюць нічога супольнага з беларускай ментальнасцю», а гісторыю ВКЛ варта выкінуць «на звалку гісторыі».

Летась Леў Крыштаповіч атрымаў ордэн Дружбы ад Уладзіміра Пуціна за вялікі ўклад ва ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй.

Варта адзначыць, што ў ліпені ў ІАЦ змяніўся дырэктар: замест былога прэс-сакратара КДБ Уладзіміра Базанава пасаду заняў юрыст Аляксей Дзербін (ён таксама ў мінулым супрацоўнічаў з КДБ).

Зміцер Панкавец

0
belariy / Адказаць
26.09.2014 / 15:00
а вось гэта цікава.
0
Янка / Адказаць
26.09.2014 / 15:02
Звычайны здраднік! Вось з такіх Рашка і гатуе гаўляйтэраў " магілёўскй народнай рэспублікі", "віцебскай народнай рэспублікі" ,...
0
Ягор / Адказаць
26.09.2014 / 15:07
пара падчышчаць вертыкаль каб не дала збою як на Ўкраіне пад час майдану. :)
Паказаць усе каментары/ 39 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру