Беларускія ўлады адмовілі ў рэгістрацыі грамадскага аб'яднання «Краёвае згуртаванне літвінаў».

«Спіс заснавальнікаў ГА «Краёвае згуртаванне літвінаў» змяшчае ў сабе няпоўныя і недакладныя звесткі аб заснавальніках дадзенага грамадскага аб'яднання, у сувязі з чым з'яўляецца несапраўдным дакументам», — гаворыцца ў адказе з Міністэрства юстыцыі.

У якасці няпоўных і недакладных звестак прыводзіцца адсутнасць нумароў хатніх і працоўных тэлефонаў у двух заснавальнікаў, недакладныя звесткі аб месцы пражывання ў трох заснавальнікаў.

Пры гэтым прыкладам недакладных звестак прыводзіцца тое, што адрас аднаго заснавальніка пададзены наступным чынам: «г. Слаўгарад, вул. К. Маркса», тады як, заяўляюць у Мінюсце, ён павінен выглядаць так: «г. Слаўгарад, вул. Маркса Карла Фрыдрыхавіча». І гэта пры тым, што бацьку Карла Маркса звалі Генрыхам.

«У любой еўрапейскім дзяржаве гэта было б прызнана тэхнічнай памылкай і дадзены час на выпраўленне. Але мы, вядома, знаходзімся ў візантыйскай цывілізацыі, дзе ўсё, што небяспечнае, здаецца чужым і варожым», — заявіў старшыня «Краёвага згуртавання літвінаў» Аляксандр Стральцоў.

Паводле яго слоў, цяпер рыхтуецца скарга ў Вярхоўны суд.

***

4 жніўня ў Мінску адбыўся ўстаноўчы з'езд грамадскага аб'яднання «Краёвае згуртаванне літвінаў». На з'ездзе прысутнічала 50 чалавек. 5 жніўня рэгістрацыйныя дакументы былі пададзеныя ў Міністэрства юстыцыі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?