З беларускіх монагарадоў можна фарміраваць лагістычныя хабы ці цэнтры перапрацоўкі аграпрадукцыі. Такую думку 30 верасня ў Мінску выказала кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы «Наш дом» Вольга Карач на канферэнцыі «Монагарады Беларусі ў кантэксце эканамічных рэформ». 

«Адным з перспектыўных сцэнарыяў пераўтварэння монагарадоў у Беларусі можа стаць фарміраванне на іх аснове рэгіянальных лагістычных хабаў. Беларусь — транзітная краіна, аднак лагістычная інфраструктура ў нас усё яшчэ развіта недастаткова. Другі варыянт — ператварэнне монагарадоў у цэнтр перапрацоўкі аграпрадуктаў. Гэта значыць дзяржава, або прыватныя інвестары, або тыя і другія разам будуюць у монагорадзе некалькі прадпрыемстваў па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі. Аграпрадпрыемствам усіх форм уласнасці ставіцца ўмова: дзяржсубсідыі на вытворчасць аграпрадукцыі яны могуць атрымліваць толькі ў выпадку, калі яны гэту прадукцыю будуць накіроўваць на перапрацоўку менавіта на прадпрыемствы, пабудаваныя ў монагорадзе», — прапанавала актывіст. 

Яна мяркуе, што праблемы монагарадоў можна вырашыць і праз прыватызацыю. «Але прыватызацыя горадаўтваральных прадпрыемстваў павінна ў корані адрознівацца ад усіх мадэляў прыватызацыі, якія мы бачылі ў Беларусі дагэтуль. Сродкі ад прыватызацыі павінны паступаць не ў дзяржбюджэт, а ў гарадскі і расходавацца на развіццё горада, на стварэнне новых працоўных месцаў, у тым ліку на стымуляванне мясцовага прадпрымальніцтва. Другая мадэль — калі інвестар атрымлівае прадпрыемства бясплатна, але абавязуецца на працягу некалькіх гадоў укласці пэўную суму ў яго развіццё і тэхперааснашчэнне. То бок мы атрымліваем фактычна схему рэінвеставання сродкаў ад прыватызацыі ў гэта ж прадпрыемства, толькі без хаджэння грошай па рахунках розных дзяржструктур і без аплаты шматлікіх бюракратаў», — мяркуе Карач. 

На яе думку, у Беларусі існуюць два віды монагарадоў — «паспяховыя» (Наваполацк, Жодзіна, Жлобін, Салігорск) і тыя, аснову эканомікі якіх складаюць прадпрыемствы мясцовага значэння, якія маюць канкурэнтаў у іншых рэгіёнах краіны. Гэта Рэчыца, Ельск, Касцюковічы, Ялізава, Нароўля, Мікашэвічы, Жабінка, Новалукомль і іншыя. «У прадпрыемстваў, размешчаных у монагарадах другога тыпу, агульныя праблемы — адмоўная рэнтабельнасць, вялікія запасы гатовай прадукцыі пры загружанасці магутнасцяў на 20—25%, стан унутранага рынку працы блізкі да крытычнага», — мяркуе кіраўнік ініцыятывы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?