Усе кнігарні ААТ «Белкніга» да канца 2014 года будуць аснашчаныя электроннай даведачнай сістэмай.

Аб гэтым паведаміла сёння журналістам міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч на адкрыцці кнігарні ў Мінску.

«Дырэктар ААТ «Белкніга» Аляксандр Вашкевіч нас запэўніў, што ў бягучым годзе ў зале кожнай кнігарні будзе ўстаноўлена даведачная сістэма, а ў буйных — па дзве або тры, каб кожны, хто прыходзіць у гандлёвы аб'ект, мог самастойна знайсці неабходную кнігу», — адзначыла міністр.

Даведачная сістэма стане своеасаблівым навігатарам падбору кніг: яна будзе паказваць, ці ёсць у краме кніга, а калі не — то ў якім гандлёвым аб'екце яе можна знайсці.

«Гэта сістэма таксама будзе добрым барометрам запатрабаванасці кніг і аўтараў не толькі ў канкрэтнай краме, але і ў кніжнай прасторы краіны», — адзначыла Лілія Ананіч. Можна будзе спыніць спрэчкі аб тым, хто аўтар, якога найбольш чытаюць, і інш. Атрыманыя даныя будуць карыснымі не толькі арганізацыям, што рэалізуюць кнігі, але і кнігавыдаўцам, лічыць міністр.

Паводле інфармацыі Ліліі Ананіч, сёння дзяржава выпускае па сацыяльна значных праектах каля 130 кніг з 11 тыс. найменняў, якія выдаюцца ў краіне.

«Гэтыя 130 кніг — тыя кнігі, якія можа выдаваць толькі дзяржава. Магчыма, іх будзе і больш, напрыклад, з наступнага года мы плануем на конкурснай аснове прыцягваць вялікую колькасць творчых калектываў да распрацоўкі асобных найбольш сацыяльна значных праектаў», — паведаміла кіраўнік Мінінфарма.

Таксама міністр выказала меркаванне, што прыярытэтнае месца ў кнігарнях краіны павінны займаць кнігі на беларускай мове і кнігі беларускіх аўтараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0