1 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Гомеля ў асобе суддзі Вольгі Казловай вынес рашэнне пра адмову ў задавальненні скаргі сустаршыні зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт» Андрэя Цянюты. Адказчыкам па справе з'яўляўся Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. 

З ВНУ актывіст быў адлічаны 20 мая 2014 года. Былы студэнт палічыў адлічэнне незаконным і палітычна матываваным і падаў скаргу ў суд. 

Прадстаўнік ГДУ імя Ф.Скарыны, начальнік юрыдычнага аддзела ўніверсітэта Валерый Недаступ, не пагадзіўся з іскам і прасіў суд адмовіць у задавальненні скаргі, бо, паводле яго меркавання, былі прапушчаныя тэрміны абскарджання, а адлічэнне было законным. 

Адвакат заяўніка Пётр Барысаў прыводзіў у судзе довады, што адлічэнне не было законным, бо парушана яго працэдура і пашырана вытлумачаныя правілы ўнутранага распарадку, на парушэнні якіх спасылалася пры адлічэнні ВНУ. 

«Паводле Кодэкса аб адукацыі, трэба пры адлічэнні выканаць неабходны парадак з шасці пунктаў, у гэтым выпадку ўніверсітэт выканаў толькі два пункты. Таксама ў студэнта не бралі тлумачэнні, і нам здаецца, пашырылі выкарыстанне правіл унутранага распарадку, якія датычацца паводзін у сценах універсітэта і падчас навучальнага працэсу. Адміністрацыйныя правапарушэнні, на якія спасылаўся пры адлічэнні ВНУ, былі ўчыненыя не ў сценах універсітэта ці інтэрната і не падчас навучальнага працэсу ці сесіі», — пракаментаваў адвакат. 

Андрэй Цянюта рашэнне суда назваў чаканым. «Таму што калі справа датычыцца палітыкі — суд заўсёды становіцца на бок дзяржавы, а не актывістаў. Я буду абскарджваць гэтае рашэнне хоць бы для таго, каб папсаваць нервы адміністрацыі ўніверсітэта, каб яны ведалі — у выпадку адлічэння студэнтаў за палітыку іх чакаюць судовыя разборы», — адзначыў сустаршыня «Маладога фронту». Ён дадаў, што адлічэнні з ГДУ імя Ф.Скарыны актывістаў — «гэта ўжо сістэма», нагадаўшы пра адлічэнне з універсітэта выдатніка Дзмітрыя Жалезнічэнкі, які затым паспяхова скончыў замежнае ВНУ. 

Паводле дакумента, падпісанага 20 мая рэктарам Аляксандрам Рагачовым, студэнт 3-га курса завочнага факультэта спецыяльнасці «Правазнаўства» адлічаны «за ўчыненыя сістэматычныя супрацьпраўныя дзеянні ў адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі і правіламі ўнутранага распарадку». Падставамі для адлічэння названыя рашэнні суда Цэнтральнага раёна Гомеля ад 17 красавіка і суда Чыгуначнага раёна Гомеля ад 6 мая. Нагадаем, 17 красавіка суд прызнаў Цянюту вінаватым у «парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства», калі той з таварышамі ўскладаў кветкі ў Гомелі ў памяць аб загінулых у Кіеве. Цянюта атрымаў у судзе афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства. 

6 мая ён быў арыштаваны на 10 сутак за нібыта нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікам міліцыі. Цянюта заявіў, што гэта было прэвентыўнае затрыманне напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?