Мінск гатовы да ацяпляльнага сезона, заявіў на брыфінгу 1 кастрычніка першы намеснік старшыні гарвыканкама Уладзімір Кухараў. 

«Камунальнымі службамі Мінска забяспечана выкананне комплекснага плана мерапрыемстваў, зацверджаных рашэннем Мінгарвыканкама № 1176 ад 3 мая 2014 года «Аб падрыхтоўцы да восеньска-зімовага сезона 2014—2015 года». Падчас забеспячэння выканання гэтага плана была створана аператыўная група па каардынаванні і кантролі за ходам мерапрыемстваў», — сказаў Кухараў. 

У горадзе створаны неабходны запас топачнага мазуту і іншых відаў паліва, усе кацельні гатовыя да ацяпляльнага сезона, атрыманыя пашпарты гатоўнасці ўсімі 130 ЖЭСамі, а таксама ўстановамі адукацыі і аховы здароўя. 

«Акрамя таго, сёлета была нададзена вялікая ўвага перакладцы цеплавых сетак. На сёння перакладзена 56 км, гэта 80% запланаванага. Да канца года, як і меркавалася, будзе завершана перакладка сетак — гэта 70 км труб. Усе яны папярэдне ізаляваныя», — сказаў чыноўнік. Створаны таксама запас пясчана-солевых сумесяў, 500 адзінак тэхнікі гатовыя да працы ў зімовых умовах. 

«Мы бачым, што практычна ўсе работы, неабходныя для таго, каб жыллёва-камунальная гаспадарка Мінска функцыянавала нармальна ў перыяд зімы, будуць выкананыя», — запэўніў Кухараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?