Мультфільмы пра Тома і Джэры, якія паказвае для сваіх падпісчыкаў тэлевізійны інтэрнэт-канал Amazon Prime Instant Video, у апошні час суправаджаюцца папярэджаннем аб тым, што некаторыя сцэны гэтага шэдэўра сусветнай мультыплікацыі адрозніваюцца «расавымі забабонамі».

Мультфільмы рэжысёраў Уільяма Ханны і Джозэфа Барбера пра мыш і ката, знятыя больш за 70 гадоў таму, абвінавачаныя ў расісцкіх стэрэатыпах, дапушчаных у адлюстраванні аднаго з персанажаў — чарнаскурай хатняй прыслужніцы.

Папярэджанне кампаніі Amazon паказвае на тое, што такія забабоны ў свой час былі распаўсюджаныя ў амерыканскім грамадстве.

Таму серыі «Том і Джэры» зараз суправаджаюцца ярлыком «этнічныя і расавыя забабоны».

Прафесар сацыялогіі і каментатар па пытаннях культуры Фрэнк Фурэдзі назваў гэтую ініцыятыву «бязмозглай». Паводле яго слоў, гэта прыклад фальшывага маралізатарства і від цэнзуры, якая ахапіла культурнае жыццё Злучаных Штатаў.

«Мы спрабуем меркаваць аб людзях, якія жылі ў мінулым, кіруючыся нашымі цяперашнімі ўяўленнямі», - кажа прафесар Фурэдзі.

«Бліскучая анімацыя»

Першы фільм «Том і Джэры» быў зняты ў 1940 годзе на кінастудыі MGM. З тых часоў знятыя больш за сто серый гэтага мультфільма, які атрымаў сем «Оскараў».

Абвінавачванні ў расізме гучаць у адрас гэтых мультфільмаў не ўпершыню. У 1960-х гадах для паказу па амерыканскім тэлебачанні нават былі адрэдагаваныя некаторыя серыі.

Выказвалася незадаволенасць і тым, што некаторыя персанажы мультфільма кураць, пасля чаго былі падкарэктаваныя некаторыя сцэны ў пазнейшых серыях.

Стыў Абрахарт, вядучы курс лекцый па мастацтве анімацыі ў універсітэце Дэ Монтфор, лічыць якасць анімацыі ў серыі «Том і Джэры» бліскучай нават па сучасных мерках.

Паводле яго слоў, студэнты, якія вывучаюць гісторыю анімацыі, не здзіўленыя тым, як больш за паўстагоддзя таму амерыканцы ставіліся да пытанняў расы і этнічнай прыналежнасці. Яны добра разумеюць, што гэта стаўленне змянялася з часам, кажа Стыў Абрахарт.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?