У Расіі разглядаецца магчымасць прыватызацыі буйных пакетаў акцый найбуйнейшых дзяржаўных энергакампаній.

Пра гэта заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін перад удзельнікамі інвестфоруму «Расія кліча».

Пуцін заявіў, што распрацаваныя раней праграмы эканамічнага росту ўжо не дзейнічаюць, бо «памянялася агульная сітуацыя», у тым ліку немагчыма спрагназаваць кошт на нафту.

«Але асноўных паказчыкаў, я думаю, мы дасягнем», — заявіў Пуцін.

Паводле яго слоў, для гэтага ў Расіі магчымая далейшая прыватызацыя дзяржуласнасці, у тым ліку, у энергетычнай сферы.

«Будзем рухацца па шляху прыватызацыі далейшай, у тым ліку і дзяржактываў. На 2015, 2016, 2017 гады ў нас стаіць вялікі пералік. У маіх і артыкулах, і ўказах я казаў пра тое, што мы будзем займацца прыватызацыяй. Але я вынес за дужкі энергетычныя кампаніі нашы. А цяпер сітуацыя мяняецца, і я не ўпэўнены, што мы павінны захоўваць гэтую пазіцыю», — заявіў Пуцін.

«Больш за тое, мы цяпер разглядаем магчымасць выхаду на рынак з буйнымі пакетамі нашых найбуйнейшых энергетычных кампаній, якія знаходзяцца пад кантролем дзяржавы», — дадаў прэзідэнт РФ.

Паводле яго слоў, прыватызацыя гэтых актываў можа адбыцца «ўжо ў гэтым годзе».

«Тое ж датычыцца і абаронных актываў. Мы зараз уважліва глядзім на тое, як і якія з іх маглі б быць акцыянаваныя на рынку», — сказаў Пуцін.

Як вядома, найбуйнейшымі дзяржкарпарацыямі ў Расіі з'яўляюцца газавы манапаліст «Газпром» і нафтавы гігант «Роснефть».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?