Бабкоў сказаў: Пачну з адхіленняў.

І расказаў пра размову Хомі Бхабхі і Ту Вэйміна, індыйца і кітайца, выхадца з зараастрыйцаў і выхадца з канфуцыянцаў, размову пра ўніверсальны і тутэйшы касмапалітызм, які вырастае з лакальнасці.

Так распачаўся 4-ы Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Яго прыняў Універсітэт імя Вітаўта Вялікага ў Коўне (па-літоўску — Каўнас). Арганізоўвае яго інстытут «Палітычная сфера» і яшчэ дзясятак партнёраў. На кангрэс запісалася 480 удзельнікаў і 70 гасцей.

Праўда, на ўступным дакладзе Ігара Бабкова прысутнічала ўсяго 200 чалавек. Астатнія даедуць пазней, хіба што, каб узяць удзел у працы пятнаццаці секцый 3—5 кастрычніка. Такая вось беларуская недысцыплінаванасць.

Беларускі інтэлектуальны гуру 90-х, 50-гадовы філосаф і паэт Ігар Бабкоў назваў свой даклад «Пасля лакальнасці: беларуская інтэлектуальная гісторыя найноўшага часу (1989—2014 гг.)»

Эпоха посткамунізму скончылася ў 2014-м, сказаў Бабкоў, бо ніхто Украіне на дапамогу не прыйшоў. А была б так прыгожа, калі б уся былая Рэч Паспалітая – Польшча, Беларусь і Літва — сказалі «мы разам з вамі».

Мы выкінулі ў сметнік ідэю пра моўную і культурную маналітнасць нацыі як рэальнасць і арыенцір, — казаў Бабкоў. – Мы выкінулі спрэчкі пра этнічныя і грамадзянскія нацыі. Мы адкінулі адрозненні між гістарычнымі і негістарычнымі нацыямі, калі прыняць якія, выйшла б, што наша будучыня – чужая сучаснасць, і мы адбіралі б у сябе будучыню.

Бабкоў гаварыў пра дэканструкцыю лінейкі прагрэсу.

Беларускі выпадак — выпадак паскоранай таталітарнай мадэрнізацыі, казаў Бабкоў.

Беларускі праект — не столькі нацыянальны, колькі сацыяльны, і гэтая ідэя не настолькі вар’яцкая, як здаецца на першы пагляд.

Ідэя Багушэвіча была ў вызваленні беларускай вёскі. Гэта тлумачыць стаўленне беларусаў да сацыялізму і савецкай спадчыны, працягваў Бабкоў. Беларусы былі глухія да сацыялізму, але цанілі сацыяльныя ліфты, лічыць ён.

Калі мы хочам выскачыць з камунізму, то павінны не проста зруйнаваць помнікі Леніну, а задаць пытанні пра глыбінныя структуры, якія застаюцца з таго часу, сказаў Бабкоў.

У Беларусі паралельна развіваліся два праекты: нацыянальна-дэмакратычны (у аснове яго былі ідэі мовы, нацыі, збліжэння з Еўропай) і крэольскі (багушэвіцкая ідэя сацыяльнай роўнасці). Між двума праектамі ўзнікла беларуская барыкада, казаў Бабкоў.

Яшчэ адна ідэя, якая можа растлумачыць беларускую сітуацыю, — канцэпцыя памежжа, казаў Бабкоў, памежжа геакультурнага і геапалітычнага.

«У Беларусі ўсё зусім не выдатна», — прызнаў Бабкоў. Бо нацыя аб’яднаная толькі змаганнем двух праектаў. Нацыя паўстае ў экстраардынарным рэжыме.

Але, пакуль аналітыкі спрачаліся, які з праектаў больш шанцаў, вакол беларускай барыкады паўстала палітычная нацыя, і гэта і ёсць наш вялікі сакрэт, паэтычна заключыў Бабкоў.

Пасля гэтага пачалася дыскусія.

Палітолаг Аляксандр Папко скрытыкаваў меркаванне Бабкова, што няма даганяючых нацый. Такое магло б прагучаць на з’ездзе «Адзінай Расіі», сказаў ён. Насамрэч гэта вядзе да маральнага рэлятывізму. Перадавы досвед мы бярэм на Захадзе, таму што лепшага няма, сказаў ён.

Слова бралі таксама Андрэй Чарнякевіч, Мікола Іваноў, Захар Шыбека, Уладзімер Мацкевіч.

Іншым уступным спікерам быў прэзідэнт Украінскага ПЭН-цэнтра Мікола Рабчук. І гэта было сімвалічна ў год, калі Еўропа стала іншай пасля агрэсіі Расіі ва Украіне.

Украіна і Беларусь цяпер, паэтычна адзначыў Бабкоў, гэта як Францыя і Нямеччына канца XVIII і пачатку ХІХ стагоддзя, калі Францыя тварыла гісторыю, а Нямеччына стварала філасофскую думку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?