Кастрычніцкая
плошча

Ідэю сабрацца напярэдадні візыту Пуціна на прэвэнтыўную акцыю падаў Івашкевіч, падтрымалі Баршчэўскі і Міхалевіч.

12 сьнежня а 18-й гадзіне ў сталіцы на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца акцыя ў абарону незалежнасьці Беларусі. Гэта было вырашана на зьезьдзе Партыі БНФ.

Ідэю сабрацца напярэдадні візыту Пуціна на прэвэнтыўную акцыю падаў Івашкевіч, падтрымалі Баршчэўскі і Міхалевіч.

Са словаў Міхалевіча, выходзіць на Плошчу мусова, бо сустрэча Пуціна з Лукашэнкам нясе пагрозы незалежнасьці, і голас грамадзтва мае прагучаць як засьцярога.

Міхалевіч ня стаў раскрываць падрабязнасьці плянаванага мерапрыемства, бо распрацоўваў акцыю ня ён. Тым часам Віктар Івашкевіч быў недаступны, бо затрыманы пасьля выступу гандляроў 10 сьнежня.

А як жа з папярэдняй акцыяй, якую сам Міхалевіч склікаў на 9 сьнежня? Ён прапаноўваў сабрацца са сьцягамі на плошчы Незалежнасьці ля галоўпаштамту, каб даслаць Пуціну тэлеграмы пратэсту. У выніку там сабраліся людзі, але безь сьцягоў і без важака. Чаму не было самога Міхалевіча? Зьезд Партыі БНФ зацягнуўся, кажа ён, да таго ж на зьезьдзе пераважыла ідэя Івашкевіча наконт 12-га, таму сам Міхалевіч даслаў тэлеграму пратэсту пазьней.

Партыя БНФ заклікала ўсіх сяброў БНФ у Менску ўзяць у акцыі ўдзел.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі зьвярнуўся да ўладаў з заклікам «не перашкаджаць мірнаму волевыяўленьню беларускіх грамадзянаў». У ягоным звароце да замежных дыпляматаў і журналістаў утрымліваецца просьба, каб тыя «пракантралявалі ступень цывілізаванасьці паводзінаў беларускіх уладаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?