У родавай сядзібе Дзяржынскіх, Дзяржынаве, што ў Налібоцкай пушчы (Стаўбцоўскі раён), адбыўся штогадовы ўрачысты рытуал пасвячэння маладых афіцэраў у супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі. Як піша стаўбцоўская раённая газета «Прамень», эксклюзівам стаў удзел у ім дэлегацыі Расійскай Федэрацыі, у складзе якой былі — упершыню — нашчадкі Фелікса Дзяржынскага, заснавальніка савецкага ЧК.

З Масквы прыехалі старшы ўнук Дзяржынскага, прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Фелікс Янавіч Дзяржынскі, і дарадца Пуціна, старшыня асацыяцыі Герояў Савецкага Саюза Мікалай Антошкін. Прысутнічаў таксама старшыня ветэранскай арганізацыі КДБ Беларусі «Гонар», заслужаны супрацоўнік органаў дзяржбяспекі Аляксей Васільеў.

Як адзначыў у сваім прывітальным слове старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык, такім чынам чэкісты «аддаюць даніну павагі асобе гэтага чалавека, яго мэтанакіраванасці, сіле волі і мудрасці». 

На цырымонію прывезлі вучняў школы з Цеснавой, якая носіць імя Дзяржынскага і з’яўляецца падшэфнай для Камітэта дзяржбяспекі. Іх прынялі ў клуб «Юны дзяржынец». Кожнаму з іх старшыня КДБ асабіста паціснуў руку.

Маладым жа афіцэрам уручылі службовыя пасведчанні. Яны прынялі Кодэкс гонару і пакляліся быць сумленнымі, самаахвярнымі, вернымі доўгу і айчыне. Але, як вынікае з месца і формы цырымоніі, іх айчынай застаюцца Расія і СССР.

З Беларуссю Дзяржынскага звязваюць толькі месца нараджэння. Ён быў палякам па выхаванні і савецкім чалавекам па выбары.

З ягоным імем звязана стварэнне таталітарнай сістэмы, ад якой толькі ў сталінскія часы ў Беларусі пацярпела каля 600 тысяч чалавек, 200 тысяч нявінных загінула. Сярод ахвяраў сістэмы былі, у тым ліку, тысячы супрацоўнікаў органаў бяспекі. Сістэма, такім чынам, вынішчала тых, чыімі рукамі вёўся тэрор.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?