Міжнароднае супрацоўніцтва беларускіх праваахоўных органаў з замежнымі калегамі па процідзеянні сексуальнаму насіллю дзяцей «сапсавала» секс-тур у Беларусь грамадзяніна Вялікабрытаніі.

Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 6 кастрычніка паведаміў начальнік аддзела па процідзеянні міждзяржаўнаму гандлю людзьмі ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС Дзмітрый Цаюн. 

«Калегі з Вялікабрытаніі своечасова праінфармавалі нас аб прыездзе ў нашу краіну іх грамадзяніна, раней судзімага за сексуальныя злачынствы ў дачыненні да дзяцей. Перададзеная нам інфармацыя, усе абмежавальныя меры пры зносінах гэтага грамадзяніна з непаўналетнімі дазволілі нам не дапусціць учынення гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару ў дачыненні да дзяцей на тэрыторыі Беларусі», — канстатаваў прадстаўнік МУС. 

Гэты прыклад, паводле яго слоў, гаворыць аб тым, што магчымасць учынення насілля над дзецьмі не ведае межаў, носіць міжнародны характар, уяўляе сабой выклік для праваахоўных органаў усіх краін. 

Як адзначыў Дзмітрый Цаюн, выяўленне злачынстваў у дачыненні да непаўналетніх звязана з пэўныміі цяжкасцямі. Гэта, у прыватнасці, учыненне злачынстваў ва ўмовах невідавочнасці. Паводле слоў спецыяліста, часта ўся праца па выяўленні такіх злачынстваў будуецца на атрыманні інфармацыі асабістым вышукам аператыўнікаў. Вельмі рэдкія выпадкі звароту ў міліцыю з заявай трэціх асоб — бацькоў, знаёмых, выпадковых людзей, якім нейкім чынам сталі вядомыя акалічнасці ўчынення ў адносінах да дзяцей злачынстваў. 

Прадстаўнік МУС назваў некалькі міжнародных дакументаў, якія выкарыстоўвае Беларусь у процідзеянні сексуальнаму насіллю над дзецьмі, і са шкадаваннем выказаўся аб тым, што краіна пакуль не далучылася да дзвюх канвенцый Савета Еўропы, «хоць станоўчае рашэнне гэтага пытання можа стаць важным крокам для больш эфектыўнага міжнароднага ўзаемадзеяння і барацьбы з педафіламі і распаўсюджвальнікамі дзіцячай парнаграфіі».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?