Намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пракаповіч абмеркаваў інвестыцыйныя і гандлёвыя праекты супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Францыяй з прадстаўнікамі шэрагу міжнародных і французскіх фінансавых структур і кампаній.

Перамовы адбыліся 6 кастрычніка пасля завяршэння сустрэчы беларускай дэлегацыі з прадстаўнікамі французскага бізнесу ў штаб-кватэры MEDEF — найбуйнейшай арганізацыі Францыі, якая аб'ядноўвае французскія прадпрыемствы. 

Як паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Францыі, рабочы візіт беларускай дэлегацыі на чале з Пятром Пракаповічам у гэту краіну праходзіць 6—7 кастрычніка. У склад дэлегацыі ўваходзяць таксама беларускі пасол Павел Латушка, намеснік міністра прамысловасці Павел Уцюпін, прадстаўнікі апарату ўрада, кампаніі «Белэксімгарант» і дзелавых колаў Беларусі. 

На сустрэчы ў MEDEF віцэ-прэм'ер правёў прэзентацыю магчымасцяў супрацоўніцтва з Беларуссю ў эканамічнай сферы. Ён прадставіў дэталёвую інфармацыю пра магчымасці развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін, рэалізацыі французскімі кампаніямі інвестыцыйных праектаў у Беларусі. Як паведамляецца, асаблівая ўвага была нададзена новым магчымасцям супрацоўніцтва з Беларуссю ў сувязі са стварэннем ЕАЭС. З французскага боку ў ліку іншых на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі кампаній Thales, Michelin, Peugeot-Citroen, Vinci, Rothschild, Oberthur і дыпламаты. 

Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся, што ў 2015 годзе пад эгідай MEDEF International адбудзецца візіт дзелавых колаў Францыі ў Беларусь. 

У рамках рабочага візіту беларускай дэлегацыі таксама запланаваны перамовы з міністрам па пытаннях замежнага гандлю Францыі Матыясам Феклам, правядзенне нарады з кіраўнікамі падраздзяленняў французскіх міністэрстваў, адказнымі за адносіны з Беларуссю. 

Плануецца, што па выніках сустрэч будзе падпісаны кантракт паміж сумесным прадпрыемствам «Юнісан» і аўтамабільным канцэрнам Peugeot-Citroen — аб стварэнні ў Беларусі зборачнай вытворчасці. Чакаецца таксама, што паміж РУП «Белэксімгарант» і французскім агенцтвам па страхаванні экспартных крэдытаў Coface будзе падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні. Акрамя гэтага, плануецца, што будзе падпісана пагадненне аб будаўніцтве ў Беларусі гасцініц з групай кампаній Accor.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?