Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка прапанаваў народным дэпутатам разгледзець як першачарговыя праекты пастаноў аб унясенні зменаў у межы раёнаў Луганскай вобласці.

Пра гэта ён сказаў на нарадзе з кіраўнікамі фракцый і дэпутацкіх груп.

Паводле інфармацыі, праекты пастаноў унёс на разгляд Вярхоўнай Рады старшыня Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Генадзь Маскаль.

Пастаянны прадстаўнік прэзідэнта ў парламенце Руслан Князевіч лічыць, што неабходнасць разгляду гэтага пытання ўзнікла ў сувязі з тым, што пэўныя раёны Луганскай вобласці часткова не кантралююцца ўкраінскімі ўладамі.

«Для належнага кіравання гэтымі тэрыторыямі і забеспячэння жыццядзейнасці гэтых раёнаў Луганскай вобласці трэба ўнесці змены ў межы раёнаў Луганскай вобласці і далучыць да тых раёнаў, якія мы кантралюем», — сказаў ён, каментуючы праекты пастаноў.

Па словах Князевіча, на нарадзе з прэзідэнтам гэтая ініцыятыва абмяркоўвалася дэпутатамі, і ўсе без выключэння прадстаўнікі парламенцкіх фракцый і груп, а таксама старшыня Вярхоўнай Рады яе падтрымалі.

«Гэта важнае рашэнне, якое дазволіць пасля яго прыняцця неадкладна адкрываць у гэтых раёнах тэрытарыяльныя аддзялення Дзяржказначэйства, выплачваць людзям пенсіі і заработныя платы, ажыццяўляць увесь пакет сацыяльных паслуг, абавязацельствы па якіх нясе дзяржава. Гэта самае важнае, чаго чакаюць жыхары Луганшчыны сёння», — адзначыў Князевіч, цытуе яго прэс-служба прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?