Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, супрацоўнікі аператыўна-пошукавага аддзела звярнулі ўвагу на аўтамашыну «Дэу-Нексія» з расійскімі нумарамі. Два мужчыны і дзве жанчыны (трое з іх неславянскіх знешнасці), якія знаходзіліся ў салоне, паводзілі сябе незвычайна. Іншамарка, перамяшчалася па вуліцах Фрунзенскага, Заводскага і Партызанскага раёнаў, спынялася ў людных месцах — каля крамаў або паштовых аддзяленняў. З машыны выходзілі жанчыны і імкнуліся завязаць гутарку з пенсіянерамі.

Тэма для размовы выбіралася па сітуацыі, часцей за ўсё прапаноўвалася абмеркаваць пытанне замены папяровых пенсійных пасведчанняў на пластыкавыя. Жанчыны называлі сябе работнікамі сацыяльнай службы, пры гэтым шукалі падставы для таго, каб трапіць дадому да сталага чалавека. За тры гадзіны «Дэу» здзейсніла восем падобных прыпынкаў, аднак ніводная спроба збліжэння з мінчанамі не скончылася поспехам.

Калі машына па Партызанскім праспекце накіравалася да выезду з горада, аператыўныя супрацоўнікі вырашылі затрымаць аўтамабіль і праверыць асобу кіроўцы і пасажыраў. А літаральна праз некалькі хвілін з Савецкага РУУС паступіла інфармацыя пра кватэрны крадзеж, здзейснены жанчынай, якая прадставілася работнікам сацыяльнай службы.

Васьмідзесяцігадовая жанчына, якая жыве ў кватэры дома па вуліцы Куйбышава, звярнулася ў міліцыю і распавяла аб крадзяжы буйной сумы грошай. Аказалася, што напярэдадні да яе прыходзіла невядомая, якая назвалася сацыяльным работнікам і прапаноўвала замяніць пенсійнае пасведчанне. Пасля яе сыходу выявілася прапажа тысячы даляраў, тысячы еўра і дзевяці мільёнаў рублёў. Прыкметы госці былі падобныя да прыкметаў адной з затрыманых. Ужо па дарозе ў Савецкае РУУС яна прызналася ў здзяйсненні крадзяжу на вуліцы Куйбышава. Неўзабаве «сацработніцу» апазнала і пацярпелая пенсіянерка.

Асобы затрыманых высветленыя. Жанчыне славянскай знешнасці 31 год, яе смуглявай напарніцы 50 гадоў. Старэйшаму мужчыну 51 год, малодшаму - 27 гадоў. Яны прыехалі з Маскоўскай вобласці. У цяперашні час падазраваная ў крадзяжы змешчана ў ізалятар часовага ўтрымання, яе спадарожнікі — у цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.

Ва ўпраўленні крымінальнага вышуку ГУУС лічаць, што затрыманыя маглі здзейсніць і іншыя злачынствы, магчыма, у іншых гарадах краіны. Іх фота змешчаныя на сайце ГУУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?