«Ён [Гіркін] па-свойму герой. Ён узняў сцяг і гэтак далей. Мы яго за гэта шануем. Але ў тых пытаннях, якія ён спрабаваў вырашыць за кошт жыццяў нашых землякоў… ну… мы б зрабілі па-іншаму».

Аляксандр Захарчанка, цяперашні «прэм'ер» самаабвешчанай «ДНР» даў інтэрв'ю расійскаму выданню «Русскій репортёр». У размове нямала ўвагі нададзена аднаму з былых верхаводаў тэрарыстаў — Гіркіну-Стралкову. «Мы тады знаходзіліся ў Барадая — Стралкоў і я. І мы з ім… вельмі шчыльна лаяліся з нагоды здачы Славянска. У нас быў проста дзікі скандал. І перад тым, як адтуль выйсці, я вымавіў фразу: «Вы, Ігар Іванавіч, для нас інакш пахнеце», — расказаў Захарчанка.

«Для мяне знесці дзевяціпавярховікі на ўскраіне Данецка — дзіка. Мы яму не далі іх знесці. Ён хацеў, бо, на яго думку, абараняцца ў руінах зручней. Бо ён тут не жыве», — кажа Захарчанка.

Палкоўнік ФСБ Стралкоў-Гіркін камандаваў штурмавымі атрадамі, якія захапілі некалькі гарадоў Данбаса ў красавіку. Праваслаўны фундаменталіст, з часам ён набыў вялікую папулярнасць у расійскіх нацыяналістычных колах. Сталі гаварыць нават пра тое, што ён можа стаць канкурэнтам Пуціну.

Як вядома, у жніўні Стралкова-Гіркіна адклікалі ў Расію. Пасля гэтага ў дадатак да расійскага спецназа, што дзейнічаў у Данбасе з вясны, у баі ўступілі расійскія дэсантныя войскі. Яны і пераламілі ход канфлікту: захапілі ва ўкраінцаў Савур-Магілу і наваколлі Луганска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?