19.10.2014 / 10:47

Усе памочнікі Лукашэнкі: ад Віктара — да Янчэўскага 6

Памочніца прэзідэнта Наталля Пяткевіч 1 кастрычніка была адпраўленая ў адстаўку «па згодзе бакоў».

Дагэтуль нікога з найвышэйшых эшалонаў улады не выпраўлялі «на адпачынак» з такой інтрыгоўнай фармулёўкай. Гэта не пакідае шанцаў на вяртанне ў Адміністрацыю. Але і пасадка не пагражае. Наталля Пяткевіч можа знайсці сябе ў бізнэсе. Ёй застаецца дом у Драздах і шматлікія ўспаміны.

Апошнія тры гады самая прыгожая чыноўніца Беларусі ўзначальвала канцылярыю Лукашэнкі. Пры ўсёй нягегласці назвы пасады — памочнік прэзідэнта — чалавек на ёй знаходзіцца вельмі ўплывовы, бо мае непасрэдны доступ да «цела» Лукашэнкі. Да Пяткевіч у канцылярыі працаваў былы міністр культуры і дырэктар ПТВ Уладзімір Мацвяйчук, а яшчэ раней — Уладзімір Макей, які з канцылярыі і пайшоў угару па кар’ернай лесвіцы.

Што тычыцца Наталлі Пяткевіч, дык ёй 42 гады. Калісьці яна была прэс-сакратаром Лукашэнкі, а пасля атрымала пасаду ў Адміністрацыі прэзідэнта, дзе адказвала ў тым ліку і за міжнародную палітыку. Многім помніца таямнічы абед Пяткевіч у рэстаране «Фрэскі» з намеснікам памочніка Дзяржсакратара ЗША Дэвідам Крэймерам.

Пяткевіч, хоць і неўязная, але лётала ў Нью-­Ёрк на сесіі ААН, у аэрапорце, па яе прызнанні, чыноўніцу трымалі ў «адстойніку». На сваёй апошняй пасадзе адносінамі з ЗША Пяткевіч не займалася. Для гэтага ў Адміністрацыі ёсць іншыя людзі.

Першым мужам Наталлі (дзявочае прозвішча Краўчанка) быў Уладзіслаў Пяткевіч. Сёння ён узначальвае РУП «Нацыянальныя спартыўныя латарэі». У іх ёсць сын Філіп. Другім мужам ёсць вядучы БТ Аляксандр Мартыненка.

Апошняя гучная гісторыя, у якую, магчыма, трапіла Пяткевіч — гэта званок ад пранкера Вавана, які назваўся сынам Януковіча. З Ваванам размаўляла жанчына з Адміністрацыі, чый голас быў вельмі падобным да голаса Пяткевіч. Магчыма, гэта і стала адной з прычын адстаўкі.

Былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі выказаў здагадку, што Пяткевіч магла не падзяліць штосьці з кімсьці з гульцоў хакейнай каманды прэзідэнта, якія таксама маюць непасрэдны доступ да кіраўніка дзяржавы.

Што за пасада такая — памочнік?

У задачы памочніка ўваходзіць: рэалізацыя рашэнняў прэзідэнта міністэрствамі і ведамствамі, правядзенне дзяржорганамі дзяржаўнай сацыяльна­эканамічнай, кадравай палітыкі і ідэалогіі, тлумачэнне асноўных кірункаў унутранай і знешняй палітыкі кіраўніка дзяржавы.

Фактычна, памочнікі прызначаныя кантралёрамі, ці, калі казаць слэнгам, «сматрачымі», за іншымі чыноўнікамі. Таксама яны абавязаныя перадаваць кіраўніку дзяржавы аналітычную інфармацыю ў сваім кірунку.

Варта адзначыць, што на пасадзе памочнікаў сабраныя амбіцыйныя 40­гадовыя топ­менеджары. Іх сярэдні ўзрост значна ніжэйшы, чым узрост міністраў ці кіраўнікоў камітэтаў.

Памочнік па нацыянальнай бяспецы

Самы вядомы памочнік прэзідэнта — гэта ягоны старэйшы сын Віктар. Ён адказвае за нацыянальную бяспеку. Цікава, што такую адказную пасаду Віктар Лукашэнка заняў у зусім маладым узросце — у 29 гадоў. Цяпер яму ўжо 38.

Віктар рэдка з’яўляецца на тэлеэкранах, застаючыся асобай непублічнай. Толькі калі Лукашэнка прымае чарговага сілавіка, дзесьці ў памяшканні абавязкова прысутнічае памочнік па нацыянальнай бяспецы. Альбо свежыя кадры з Лукашэнкам­малодшым можна адшукаць у навінах краін Персідскага заліва. З рэгулярнай перыядычнасцю ён наведвае то Аман, то Катар, то ААЭ.

Сёння можна смела казаць, што ўсе ключавыя сілавыя пасады займаюць людзі, якіх асабіста падбіраў Віктар Лукашэнка. Крок за крокам ён пазбаўляўся ад старых кадраў. Старэйшага сына Лукашэнкі эксперты называюць другім самым уплывовым чалавекам краіны.

Памочнік па эканоміцы

Кірыл Руды яшчэ маладзейшы за Віктара Лукашэнку, яму ўсяго 36 гадоў — самы малады ў найвышэйшым кіраўніцтве. Да гэтага пасаду займалі саветчык (ад слова «савецкі») Сяргей Ткачоў, які сышоў у «Амкадор», і пенсіянер Пятро Пракаповіч, якога павысілі ў віцэ­прэм’еры.

Руды зрабіў выдатную навуковую кар’еру. Кандыдатам навук стаў ужо ў 23 гады, а доктарам — у 33. Гэта рэдкі чыноўнік, які мае пэўны замежны досвед. Ён стажыраваўся ў ЗША па праграме Фулбрайта. А перад тым, як быў прызначаны ў Адміністрацыю, пэўны час папрацаваў дарадцам пры пасольстве Беларусі ў Кітаі.

У чэрвені Руды выступіў з праграмным артыкулам, дзе тлумачыў, чаму Беларусі патрэбная новая эканоміка. Ён заклікаў развіваць сферу паслуг і ІТ як прыярытэтныя. А таксама прапанаваў вяртаць эмігрантаў на радзіму, прапануючы ім пасады.

Памочнік па замежнай палітыцы

Валерый Брылёў вучыўся на архітэктара, але ўсё ж кар’еру звязаў з дыпламатыяй. Ягоны поспех звязваюць з іменем былога сакратара ЦК і міністра Івана Антановіча — Брылёў ягоны зяць.

Яшчэ за савецкім часам Брылёва прызначылі лектарам Дома савецкай культуры ў Югаславіі. Ясна, што абы­каго накіраваць на працу ў замежжа тады не маглі. Пасля развалу СССР Брылёў стаў штатным супрацоўнікам МЗС. Працаваў у Літве, Балгарыі, Югаславіі. У апошняй краіне ён быў паслом, калі скідалі дыктатара Слабадана Мілошавіча. На пасадзе памочніка прэзідэнта пакуль што публічна сябе не праяўляў.

Памочнік па ідэалогіі

Усевалад Янчэўскі ўзначальвае Ідэалагічнае ўпраўленне Адміністрацыі прэзідэнта ўжо шэсць гадоў. Былы кіраўнік БРСМ. Яму прыпісваюць цеснае сяброўства з Віктарам Лукашэнкам.

Міхаіл Мясніковіч называе яго ў пераліку тых чыноўнікаў, якія «значна перавышаюць сярэдні ўзровень».

Памочнік па спорце

Падчас выступу Лукашэнкі з Пасланнем парламенту і беларускаму народу пераможцу конкурсу «Каралева Вясна — 2013» Дар'ю Шманай пасадзілі побач з памочнікам прэзідэнта па спорце Максімам Рыжанковым (у цэнтры). Красавік 2014.

Кар’еру Максім Рыжанкоў пачынаў як дыпламат. Працаваў у Ізраілі і Польшчы, у цэнтральным апараце МЗС, быў начальнікам Упраўлення замежнай палітыкі пры Адміністрацыі прэзідэнта. Але ў 2012 годзе стаў «ахвярай» спартовай рэформы, калі гэтую галіну аддалі людзям звонку: эмэнэсніку Шамко, памежніку Рачкоўскаму і дыпламату Рыжанкову.

Для Максіма спорт — не чужая сфера, бо ягоны бацька Уладзімір быў першым міністрам спорту незалежнай Беларусі. Дарэчы, у спартыўных колах усё часцей вядуцца размовы, што Міністэрства спорту і турызму ў хуткім часе якраз і ўзначаліць Рыжанкоў­малодшы. Працай Шамко наверсе не задаволеныя.

Памочнік па асаблівых даручэннях

Апошнім чалавекам, які займаў гэтую пасаду, быў Віктар Шэйман. Пасля прызначэння Шэймана ў Кіраўніцтва справаў прэзідэнта гэтае крэсла ніхто не займаў.

Шэйман адказваў за адносіны з Лацінскай Амерыкай, Афрыкай і Азіяй. Найчасцей ягоную місію звязвалі з продажам зброі. За Шэйманам цягнецца доўгі шлейф не самых прыемных гісторый.

Яшчэ раней памочнікам па асаблівых даручэннях былі Міхаіл Мясніковіч і вайсковец­дэпутат Віктар Кучынскі.

Інспектары па абласцях

Таксама памочнікаў Лукашэнка мае ў кожнай з абласцей краіны і ў горадзе Мінску.

Па Брэсцкай вобласці — Дзмітрый Гобараў, былы старшыня Магілёўскага гарвыканкама;

Па Віцебскай вобласці — Мікалай Шэрстнеў, былы дырэктар «1­ай Мінскай птушкафабрыкі»

Па Гомельскай вобласці — адсутнічае;

Па Гродзенскай вобласці — Уладзімір Даманеўскі, былы старшыня Слуцкага райвыканкама;

Па Мінскай вобласці — Мікалай Корбут, былы кіраўнік Кіраўніцтва справаў прэзідэнта;

Па Магілёўскай вобласці — Генадзь Лаўранкоў, былы кіраўнік Кіраўніцтва справаў прэзідэнта;

Па Мінску — Аляксандр Якабсон, былы старшыня КДК, былы старшыня Гомельскага аблвыканкама.

Зміцер Панкавец

1
Сонейка / Адказаць
19.10.2014 / 06:55
Наталля ужо адна. Нявеста. Але ж ну яе....злыдня
1
Сонейка / Адказаць
19.10.2014 / 07:05
Руды ....ну i што...беларускiя дыпламаты, гэта бяссэнсоуныя пачвары...iм патрэбны грошы. Яны ядуць адзiн аднаго. Вы ведаеце, як у Беларусi гатуюцца розныя кандыдаты? Янчэускi.....пра нябожчыкау нiчога. Брылеу ..ха-ха...ён пiша з памылкамi..АЙ...ПАМОЧНIКI....
1
Не сможем дышать и есть / Адказаць
19.10.2014 / 09:15
Это не помоЩники, это прислуга.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру