Яўген Канаплянка, Unian.net

Яўген Канаплянка, Unian.net

Перамогу над беларускай зборнай у адборачным матчы чэмпіянату Еўропы 2016 года ўкраінскія футбалісты прысвецяць балельшчыкам і тым хлопцам, якія змагаюцца на фронце.

Пра гэта заявіў паўабаронца зборнай Украіны Яўген Канаплянка на прэс-канферэнцыі ў Мінску 8 кастрычніка.

«Мы аддадзім усё на полі дзеля перамогі», — сказаў ён.

«Вы самі цудоўна разумееце, што абыякавых людзей няма, тым больш у зборнай, — сказаў галоўны трэнер каманды Міхаіл Фаменка, адказваючы на пытанне, як адбіваюцца на зборнай баявыя дзеянні на Данбасе. 

— У нас ёсць прадстаўнікі данецкага «Шахцёра», дзе адбываюцца ўсе гэтыя дзеянні. Хлопцы гэта абмяркоўваюць. Мы жывем у краіне, дзе дастаткова шмат рознабаковай інфармацыі, і яна не можа не закранаць хлопцаў».

«У нас ёсць магчымасць падтрымаць народ сваёй гульнёй, крыху адцягнуць яго ўвагу, але не думаю, што гэта так лёгка», — сказаў Фаменка.

Паводле слоў трэнера, матч у Барысаве будзе няпростым. «Зборная Беларусі, як Украіна і Македонія, ставіць задачу выхаду ў фінальную частку Еўра-2016. Група сур'ёзная. У беларусаў шмат футбалістаў, якія выступаюць у Расіі, а расійскі чэмпіянат не з'яўляецца аўтсайдарам», — адзначыў ён.

Матч другога тура адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы 2016 года Беларусь — Украіна пройдзе 9 кастрычніка на «Барысаў-Арэне», пачатак у 21.45 (трансляцыя на «Беларусь-2»). 12 кастрычніка ў гэты ж час каманда Кандрацьева прыме славакаў.

У першым туры 8 верасня Беларусь згуляла ў гасцях з Люксембургам унічыю 1:1, а Украіна саступіла дома Славакіі — 0:1.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?