Ня выключана, што бюджэт краіны на наступны год будзе зацьверджаны ў канцы сьнежня, калі стане вядомай цана расейскага газу.

Паводле старшыні палаты прадстаўнікоў Вадзіма Папова, затрымка з разглядам праекту бюджэту выкліканая асабістым пажаданьнем Аляксандра Лукашэнкі падкарэктаваць некаторыя сацыяльна‑эканамічныя паказчыкі на наступны год.

Газэта «Белорусы и рынок» выказвае некалькі меркаваньняў адносна тэрміну разгляду Бюджэту‑2008. Найбольш аптымістычны прагноз — праект патрапіць у палату прадстаўнікоў на гэтым тыдні і магчыма будзе разгледжаны на пленарным паседжаньні 13 сьнежня. Ускосна гэта пацьвердзіў міністар фінансаў Мікалай Корбут, паводле якога тыя самыя выпраўленыя паказчыкі ўжо знаходзяцца на разглядзе ў Лукашэнкі.

Паводле рэглямэнту, перш чым праект бюджэту трапіць у Авальную залю, зь ім маюць азнаёміцца ўсе парлямэнцкія камісіі. А часу на гэта не хапае. Таму магчымы леташні варыянт: Міністэрства фінансаў зьбярэ пашыранае паседжаньне ўсіх камісіяў, і на наступны дзень пытаньне вырашыцца на пленарным паседжаньні.

Выданьне не выключае, што праект будзе разгледжаны ў апошні дзень працы дэпутацкай сэсіі, то бок 20 сьнежня. Газэта мяркуе, што затрымка выкліканая хутчэй не пажаданьнем прэзыдэнта, а неабходнасьцю дачакацца будучай цаны на газ. Варта адзначыць, што цана газу стане вядомай напрыканцы сьнежня. Пра гэта паведаміў начальнік упраўленьня Міністэрства эканомікі Беларусі Раман Шырма. Як паведамляе Радыё Свабода, цана газу будзе абмяркоўвацца на паседжаньні савету міністраў саюзнай дзяржавы, якое пройдзе ў Менску ў сьнежні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?