Новыя падрабязнасці скандальнай справы. Блогер Анатоль Міцура, які пражывае ў Маскве, апублікаваў сенсацыйную інфармацыю пра затрыманага 9 ліпеня беларускага «сенатара» Віталя Кастагорава. З ягоных звестак, чыноўнік з’яўляецца ўладальнікам расейскага пашпарта і кватэры ў Маскве.

Такую выснову можна зрабіць на падставе выпіскі з Адзінага дзяржаўнага рэестра падаткаплацельшчыкаў Расейскай Федэрацыі.

«Гэта станцыя метро Новаслабадская Кальцавой лініі Маскоўскага метрапалітэна. Сюды варта прыехаць, каб сустрэцца з сябрам верхняй палаты беларускага «парламента» - Віталём Кастагоравым, піша блогер, публікуючы фота наваколля. - Ды і наўрад ці сам «сенатар» ездзіў на метро, але менавіта адсюль бліжэй за ўсё дабірацца да ягонай хаты.

Цэнтральная адміністрацыйная акруга Масквы. Выходзім з метро на вуліцу Далгарукаўскую і шукаем дом №6. Менавіта ў гэтым доме, паводле выпісу з Адзінага дзяржаўнага рэестра падаткаплацельшчыкаў, у кватэры нумар 65 пражывае беларускі «сенатар».

Са слоў блогера, арыентаваны кошт кватэры - амаль 1,5 млн даляраў. Каля дома маецца абгароджаная тэрыторыя і ахова.

«Зрэшты, кватэру ён набыў яшчэ да таго, як стаў дэпутатам парламента, у далёкім сакавіку 2002 года, хаця ўжо тады быў «Прадпрымальнікам года». Але ўжо двойчы! Не, не зусім нічога дрэннага ў тым, што ў кагосьці ёсць кватэра ў Маскве. Важна толькі давесці, што грошы (якія сярэднестатыстычнаму беларусу прыйшлося б збіраць 200 гадоў) на якія яна набытая - заробленыя шчыра, а з іх сплачаныя ўсе падаткі. І, што ніхто не прадаваў прадукцыю за гатоўку, а потым праз фінкі не адганяў меншыя сумы, каб плаціць менш у казну. Але мы ж ведаем», - піша Анатоль Міцура.

Аднак больш цікавую інфармацыю блогер выявіў у выпісцы з рэестра. Побач з указаннем месца жыхарства прысутнічаюць лічбы - 643.

«Аказваецца, што ў простага беларускага «сенатара» - простае расейскае грамадзянства.

Праўда атрымаў ён яго зусім нядаўна – толькі сёлета ў траўні, а сам пашпарт забраў на рукі 9 чэрвеня, роўна за месяц да заключэння пад варту. Атрыманне расейскага грамадзянства займае паводле часу каля паўтары гадоў, атрымліваецца што афармляць дакументы на грамадзянства Віталь Генадзевіч стаў толькі заняўшы крэсла сенатара ў канцы 2012 года. Магчыма ён, штосьці адчуваў нядобрае і рыхтаваўся да ўцёкаў, але не паспеў», - піша блогер.

З ягоных слоў, праверка пашпарта на рэчаіснасць на афіцыйным сайце ФМС кажа, што ён цяпер сапраўдны. Захаваліся нават звесткі беларускага пашпарта Віталя Генадзевіча.

«Атрыманне расейскага грамадзянства не скасоўвае аўтаматычна беларускага, і фармальна не супярэчыць закону «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, сябра Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь», які патрабуе наяўнасць беларускага грамадзянства, - адзначае блогер. - Але тут узнікае пытанне: інтарэсы якой дзяржавы прадстаўляе ў беларускім «парламенце» грамадзянін Расейскай Федэрацыі Кастагораў Віталь Генадзевіч? А ён жа напэўна меў доступ да інфармацыі, якая змяшчае дзяржаўную таямніцу. Або ў нас ад усходняга суседа сакрэтаў няма? Сумны досвед Украіны кажа пра тое, што трэба быць больш асцярожнымі, каб на мяжы (якой наогул і няма паміж краінамі) не паўстала «Магілёўская Народная Рэспубліка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?