Верхняя палата беларускага парламента 9 кастрычніка ўхваліла праект закона аб ратыфікацыі Дагавора аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Некалькімі гадзінамі раней законапраект прыняла ніжняя палата. 

Прэзентаваў сенатарам законапраект член прэзідыума Савета міністраў, член Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад Беларусі, кіраўнік Банка развіцця Сяргей Румас. 

Паводле яго слоў, у працы па кадыфікацыі заканадаўства ЕАЭС было выкарыстана 96 дагавораў, прынятых у межах МС і АЭП, і 134 — ЕўрАзЭС. 

«Большая частка палажэнняў дагавора скіраваная на паглыбленне эканамічнай інтэграцыі», — заявіў Румас, адзначыўшы, што чатыры палажэнні «прадугледжваюць некаторыя адступленні». 

«Дагавор — гэта выхад на якасна новы ўзровень міжнароднага супрацоўніцтва», — падкрэсліў чыноўнік. 

Паводле яго слоў, дагавор прадугледжвае стварэнне саюза з міжнароднай правасуб'ектнасцю, стварэнне ўласнага суда, сістэмы кантролю фінансава-гаспадарчай дзейнасці і шэраг іншых норм. У адрозненне ад дакументаў МС і АЭП дагавор аб ЕАЭС не прадугледжвае ўвядзення і выкарыстання абмежаванняў дзяржавамі ў мэтах аховы нацыянальных рынкаў. 

«У цэлым палажэнні дагавора значна пашыраюць і паглыбляюць супрацоўніцтва дзяржаў у розных сферах, ствараючы аснову для ўтварэння адзінага рынку», — сказаў Румас. 

Адказваючы на адно з пытанняў парламентарыяў пры абмеркаванні законапраекта, чыноўнік адзначыў, што ў дагаворы існуюць выключэнні па шэрагу таварных пазіцый: рынкі нафты, газу, аўтарынак. «Таму Беларусь дае сігнал партнёрам па «тройцы» пра неабходнасць выканання ў дагаворы мэтаў, дэклараваных пры стварэнні саюза», —- падкрэсліў Румас. Пры гэтым ён заўважыў, што, падпісваючы 29 мая гэтага года дагавор, Беларусь яшчэ не мела рашэнняў у двух- ці трохбаковым фармаце «па адчувальных для яе пазіцыях». 

Пры абмеркаванні законапраекта Румасу было зададзена чатыры пытанні. 

Разгляд праекта закона аб ратыфікацыі Дагавора аб стварэнні ЕАЭС разам з галасаваннем заняло не больш за 30 хвілін. За прыняцце дакумента прагаласавалі ўсе 48 прысутных у зале пасяджэнняў членаў Савета Рэспублікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?