Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда 10 кастрычніка вынесла прыгавор 34-гадоваму непрацуючаму жыхару Брэста, які забіў з асаблівай жорсткасцю бацьку-пенсіянера. 

Як паведаміў начальнік аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Алена Лешчанка, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачанне па справе, вечарам 22 чэрвеня мужчына, які жыве ў адной кватэры з бацькамі, збіў 60-гадовага бацьку. Ён нанёс яму кулакамі і нагамі не менш як 18 удараў, у тым ліку не менш як 12 — у галаву. Пасля гэтага сын пайшоў да сябе ў пакой глядзець тэлевізар. Маці, якая вярнулася дамоў, знайшла ў спальні мёртвага мужа, які памёр ад адкрытай чэрапна-мазгавой траўмы. 

Паводле слоў абвінавачванага, калі ён распіваў віно разам з бацькам, той назваў яго няўдачнікам. Палічыўшы гэта абразай, сын збіў бацьку. 

Сястра абвінавачванага расказала, што раней брат, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, таксама збіваў бацьку і маці. 

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала мужчыну вінаватым у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця чалавека, учыненым з асаблівай жорсткасцю (п. 6 ч. 2 арт. 139 КК), і прыгаварыла да 14 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. У судовым пасяджэнні ён заявіў, што страціў над сабой кантроль, забіваць бацьку не хацеў. 

Прыгавор яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны. Судзімасці раней мужчына не меў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?