Удзел Пятра Парашэнкі ў мінскім саміце СНД не паўплываў бы на сітуацыю ва Украіне, заявіў журналістам 10 кастрычніка ў Мінску кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў. 

Ён адзначыў, што краіны СНД не займаюцца ўрэгуляваннем канфлікту ва Украіне. «Гэтым займаюцца прадстаўнікі Кіева і паўднёвага ўсходу ў межах мінскага працэсу», — сказаў ён. Акрамя таго, дадаў расійскі чыноўнік, Украіна была прадстаўлена на саміце паслом Міхаілам Ежалем.

Як паведамлялася раней, на сённяшнім пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД прэзідэнт Узбекістана Іслам Карымаў выказаў незадавальненне наконт адсутнасці Пятра Парашэнкі. «Ствараецца ўражанне, што ён раздвойваецца і не можа адказаць сабе, на карысць выхад з СНД ці не, — лічыць Карымаў. — Калі б ён выступіў сёння тут, то гэта стварыла б для нас яшчэ большую яснасць з вырашэннем украінскай праблемы. Але, на жаль, гэтага не здарылася».

«Хто твар у твар апошнім часам сустракаўся з Парашэнкам?» — запытаў Карымаў у прысутных. Пры гэтым, заўважыў ён, прэзідэнт Украіны «наведаў многія краіны Еўропы». 

Варта адзначыць, што напярэдадні саміту, 9 кастрычніка, адбылася тэлефонная гутарка паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Пятром Парашэнкам. Украінскі прэзідэнт папрасіў прабачэння за свой няўдзел у мінскім саміце і прапанаваў Лукашэнку сустрэцца найбліжэйшым часам ва Украіне. Парашэнка папрасіў суразмоўцу давесці да ўдзельнікаў саміту пазіцыю Украіны ў сувязі з падзеямі ў Луганскай і Данецкай абласцях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?