12 кастрычніка ў Гомелі прайшла «Моўная сустрэча» з Вінцуком Вячоркам.

Моўныя сустрэчы — гэта сумоўе зацікаўленых у беларушчыне, практычная майстэрня, дзе разам шукаюць адказы тыя, хто вяртае беларускую мову ў гарадское жыццё.

Гэтым разам на сустрэчы былі разгледжаны такія тэмы, як беларусізаваць тэрміналогію, у прыватнасці, банкаўскую, якія дзеепрыметнікі і дзеясловы ўласцівыя роднай мове, якія формы лепш выкарыстоўваць пры звароце да іншых асоб.

Мерапрыемства адбылося пры падтрымцы кампаніі Асамблеі дэмакратычных грамадскіх арганізацыяў «Зробім лепш!» сумесна з ГМКГА «Талака».

Мовазнавец пракаментаваў нядаўнія выказванні кіраўніка дзяржавы пра тое, што «можа, трэба ў школе на карысць беларускай мовы даць адну гадзіну, а не ангельскай?».

Вінцук Вячорка лічыць, што тое выказванне мае двух адрасатаў: Уладзіміра Пуціна і беларускую інтэлігенцыю.

«Лукашэнка перыядычна пасылае Пуціну ці яго аналітыкам такія намёкі, што, маўляў, калі што — тут можа усчацца хваля нацыянальнага адраджэння, і Пуціну тут мала што будзе свяціць, у сэнсе далейшага, хаця куды ўжо далей! — замацавання пазіцыяй расейшчыны. І таму яго, Лукашэнку, як надзейнага гаранта расейскіх інтарэсаў, надзейнага стрымальніка нацыяналістычнай небяспекі, Пуцін павінен падкормліваць: даваць зніжкі на нафту, газ і так далей. І дарэчы, гэтую ідэю ён прадае ўжо не першы год і не першы раз», — патлумачыў суразмоўца.

Другі адрасат выказванняў пра мову – беларуская інтэлігенцыя, якая вельмі хоча спадзявацца, што раптам улада ўсвядоміць, што незалежнасць не ўратуеш без адраджэння.

«Але ўвесці ў школе гадзіну беларускай мовы коштам ангельскай - абсалютна шкодная, калі не сказаць – правакацыйная прапанова, таму што гэта выкліча неразуменне і абурэнне ў бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці адкрываліся на свет праз ангельскую мову», — лічыць мовазнаўца.

Ён мяркуе, што калі б кіраўніцтва дзяржавы сапраўды захацела адраджэння статуса беларускай мовы, то былі б вернутыя гімназіі і ліцэі з выкладаннем па-беларуску, родная мова вярнулася б у вышэйшую школу, што вырашыла б абсалютную бальшыню праблемаў прэстыжнасці беларускай мовы. Па стане на мінулы навучальны год толькі 0,9% студэнтаў атрымлівалі адукацыю па-беларуску, а ў гэтым годзе адсотак будзе меншым, з улікам скарачэння набору на філфак.

«Таму гэтыя заявы Лукашэнкі ёсць паказуха. Дваццацігадовы тэрмін яго кіравання пераканаўча засведчыў, што кепска з беларускай мовай, як цяпер, не было нават ў апошнія гады камуністычнай улады», - дадаў Вінцук Вячорка.

Аптымізму ў моўнай праблеме яму надаюць моладзевыя праекты і ініцыятывы, напрыклад, розныя моўныя курсы і шоу, якія зараз папулярныя ў Мінску.

«Моўныя курсы робяцца маладымі людзьмі, для маладых людзей, паводле моладзевых канонаў і новых навыкаў інтэрнэт– культуры, і для іх гэта сваё, чым і тлумачыцца колькасны феномен. І вось гэта выдатна. Гэта азначае што будучыня ў нас есць, але будучыня звязаная з народам, а не з дзяржаўным кіраўніцтвам», — падкрэсліў мовазнаўца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?