13.10.2014 / 22:22

Дзмітрый Ус: З сынам пагавару — з’езда прыхільнікаў «рускай ідэі» не будзе 46

Чаму трэба адпраўляць «гуманітарку» ў ДНР, ці падтрымаў Майдан і чый Крым, кажа ў інтэрв'ю «Еўрарадыё» экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус.

Еўрарадыё: Ваш сын Іван збіраецца правесці нешта накшталт з’езда і стварыць арганізацыю «Антымайдан», каб аб’яднаць прыхільнікаў «рускага міра». Як вы ставіцеся да такой яго дзейнасці?

Дзмітрый Ус: Гэта толькі яго, так бы мовіць, думкі — ніякага з’езда не будзе, вы нават не хвалюйцеся!

Еўрарадыё: Вы яго ад гэтай ідэі па-бацькоўску адгаворыце?

Дзмітрый Ус: Не ў гэтым нават рэч — сэнсу няма ў гэтым з’ездзе. Што ён хоча, ад каго ён хоча? Трызненне нейкае. Я з ім пагавару. Тое, што ў нас даўно ёсць у Беларусі, і навошта нейкія з’езды рабіць — усё і так дэ-факта існуе.

Еўрарадыё: Вашае стаўленне як чалавека і палітыка да тых, хто выступае за прасоўванне ідэі «рускага міра» ў Беларусі?

Дзмітрый Ус: У мяне маці праваслаўная, а бацька — каталік. І ў іх пастаянна ідзе вайна на гэтай глебе. Вы хочаце раздзяляць на гэтай глебе людзей, я не зразумеў? Я ведаю, што гэтыя пытанні ўвогуле не трэба ўзнімаць і агучваць, калі мы хочам, каб у нас быў мір у Беларусі. «Ты за чырвоных ці за белых?» — тыпу таго, так? Я за эканамічнае развіццё і дэмакратыю. А па вашым пытанні я зразумеў, што вы ўжо пачынаеце раздзяляць: на палякаў, на рускіх людзей. Навошта дзяліць? Я за тое, каб у нас была квітнеючая Беларусь, каб была эканоміка і каб бізнес уплываў на палітыку. Каб бізнесмены, як у Злучаных Штатах, абіралі прэзідэнтаў. Каб у нас была багатая краіна — вось за гэта я.

Еўрарадыё: А я яшчэ за тое, каб краіна была незалежная…

Дзмітрый Ус: Яна ў любым выпадку незалежная. Аўстрыя ў складзе Германіі была, выйшла і таксама незалежная. Вы нават не хвалюйцеся! І Расія не зацікаўленая ў тым, каб Беларусь, як Крым, забраць. Гэта ўсё бязглуздзіца. Я быў сёлета ў Крыме, быў у Ялце, у Алушце, у Феадосіі, у Сімферопалі і бачыў стаўленне людзей: большасць была за ўваходжанне ў склад Расіі. А ўсё таму, што Заходняя Украіна і паўднёвы ўсход з Крымам — гэта розныя людзі. Заходнія ўкраінцы захацелі навязаць свае каштоўнасці, а гэтыя не пагадзіліся. Свая мову, свае святы: там яны (на Заходняй Украіне — Еўрарадыё) Дзень Перамогі не святкуюць, усе сцягі знішчаюць, усе помнікі разбураюць, той жа помнік Савецкаму салдату. А для іншых людзей гэта мае гістарычную каштоўнасць: дзяды, прадзеды ваявалі, удзельнічалі ў нейкіх ваенных дзеяннях. А гэта зняважліва. На гэтай глебе адлучэнне і адбылося. У нас у Беларусі гэтага не адбудзецца. З пункту гледжання палітыкі ў найбліжэйшыя 10-15 гадоў гэтаму не бачна перспектыў у Беларусі.

Еўрарадыё: Да пэўных падзей мы не асабліва засяроджвалі ўвагу на тым, на якой мове хто размаўляе, хто збіраецца на з’езд БНФ, а хто…

Дзмітрый Ус: З’езд БНФ збіраецца толькі па ўказе прэзідэнта, толькі калі яму трэба! Паверце: яны ўсе да такой ступені несур’ёзныя палітычныя фігуры, якія цалкам пад кантролем у Аляксандра Рыгоравіча. Ён іх выкарыстоўвае ў той момант, калі трэба выбіць з Расіі нейкія грошы. Калі ім трэба нафты 23 мільёны тон, то БНФ падключаюць і пачынаюць нейкія мерапрыемствы, Дзень Волі праводзіць: «Глядзіце, я трымаю іх у кулаку, а калі я сыду, то Беларусь адыдзе Польшчы!» І Януковіч тое ж рабіў — Яраша таго ж выгадаваў. Таксама хацеў такім жа чынам выбіваць больш грошай, нафты, газу. Гэта палітыка краін-сатэлітаў, якія залежаць альбо ад Расіі, альбо ад Еўропы. У нас апазіцыі няма, уся апазіцыя падкантрольная вертыкалі ўлады. Пачынаючы ад Мілінкевіча і Някляева — яны ізноў зараз ідуць на выбары, каб паказаць, што ў нас дэмакратыя. Ніякай палітычнай дзейнасці ў Беларусі няма: яна альбо цалкам пад кантролем, альбо проста знішчаецца. І ніколі незалежнай палітыкі ў нас не будзе. Нешта змяніць у нас можа толькі вонкавы фактар. І гэта — Расія. Бо мы, беларусы, жывём за кошт расійскага газу, нафты і рынка і за кошт кантрабанды, якую адпраўляем у Расію. Гэта «чатыры кіты», на якіх трымаецца беларуская ўлада сёння. І ўсё будзе залежыць ад расійскага кіраўніцтва, ад яго дзеянняў. Ні на што іншае не звяртайце ўвагі — нам трэба сваю дзяржаву ствараць.

Еўрарадыё: Але ж падзеі на Данбасе ўсіх нас напалохалі, і цяпер да з’езда прыхільнікаў «рускага міра» стаўленне насцярожанае…

Дзмітрый Ус: Ой, супакойцеся! Нічога не будзе: без Аляксандра Рыгоравіча тут і муха не праляціць!

Еўрарадыё: Вашае стаўленне да таго, што ваш сын збірае і адпраўляе гуманітарную дапамогу ў так званую ДНР?

Дзмітрый Ус: Нармальнае стаўленне. Чаму дзецям і хворым людзям не дапамагаць? Я ведаю, што дасылаюць тушонку, бінты, памперсы, малочныя сумесі — гэта нармальна, я лічу. Гэта ж усё адзіная тэрыторыя і людзі: яны гавораць па-руску, у іх менталітэт — праваслаўе. Таму да таго, што ён іх падтрымлівае, я прэтэнзій не маю. А наконт з’езда я яшчэ раз кажу: нічога не будзе.

Еўрарадыё: Асабіста вы як успрынялі Майдан у Кіеве?

Дзмітрый Ус: Я яго падтрымаў у тым сэнсе, што рэжым Януковіча з яго карупцыяй неабходна было звергнуць. І большасць народа ўкраінскага падтрымала гэта. А радыкальныя метады, радыкалізм, свастыкі, знішчэнне помнікаў — гэтага я не падтрымаў. Проста нацыяналізм і шавінізм пачалі на гэтай глебе расці, рускамоўных людзей збівалі, нацкоўвалі людзей адно на аднаго — вось гэтага я не падтрымаў. І быў, і цяпер супраць таго, каб у Радзе партрэты Бандэры вешалі — нельга на нацыяналізме дзяржаву будаваць. Не, калі б гэта была невялікая краіна… А ў такой вялікай шматнацыянальнай краіне, дзе жывуць людзі шмат якіх нацыянальнасцяў, трэба было мякчэй рабіць.

Еўрарадыё: На чыім вы баку: Кіева, які змагаецца за непадзельнасць краіны, ці на баку так званай ДНР?

Дзмітрый Ус: Такой дзяржавы, як Украіна ужо дэ-факта няма. Калі б Кіеў зрабіў інакш… Навошта першым прынялі закон пра ўкраінскую мову, калі палова Украіны па-руску гаворыць? Помнік Савецкаму салдату ў Львове разбамбілі для чаго? Хоць мой дзед Асвенцім вызваляў. Чаму гэтага раней не было, чаму гэты нацыяналізм толькі цяпер вылез?

Еўрарадыё: А тое, што Масква штучна падагравала прарасійскія настроі на Данбасе, вы выключаеце?

Дзмітрый Ус: І без гэтага не абышлося. Як не абышлося без таго, што амерыканцы і палякі добра прафінансавалі гэтую сітуацыю. Проста гэта выгадна амерыканцам, усе грошы цяпер зарабляюць амерыканцы: Еўропа ў эканамічнай стагнацыі, Расія — таксама, і цяпер толькі Амерыка рыбку ловіць. Як і ў сітуацыі з Югаславіяй.

Еўрарадыё: На вашу думку, Крым павінен быў заставацца ўкраінскім ці добра, што ён стаў расійскім?

Дзмітрый Ус: Я кажу пра людзей, якія там жывуць: яны радуюцца! Бо прыехалі з Львова і сказалі: «Чамадан, вакзал, Расія». А крымчане ў адказ сказалі: «Мы з сабой у Расію ў чамадан і Крым забралі!» Толькі татары, але іх усяго каля 200 тысяч, і ўкраінцы, але і іх там меншасць, яны «шыпяць», а ўсе астатнія, адсоткаў 80-90…

Еўрарадыё: Вы кажаце, што ўсе лідары апазіцыі падкантрольныя ўладзе…

Дзмітрый Ус: Апроч Статкевіча! І Саннікаў — асобная гісторыя. Яго Халіп з Радзінай уцягнулі ў гэтую гісторыю, бо хацелі зарабіць грошай.

Еўрарадыё: Цікава, як вы паставіліся па Майдана ў Кіеве? Паралелі нейкія з Плошчай-2010 не праводзілі?

Дзмітрый Ус: Ніхто з апазіцыі не хацеў ніякага Майдана ў Мінску рабіць, нікому з лідараў ён не патрэбны быў — ім трэба было толькі «засвяціцца». Ніхто не хацеў сур’ёзных узрушэнняў для ўлады: выйсці, карцінку атрымаць. А тое, што адбылося, то гэта, маё такое меркаванне, правакацыя КДБ — гэтыя пабітыя шыбы ў Доме ўраду. Людзі там былі мірныя і пратэст выказвалі мірна. Там не было экстрэмістаў і падрыхтаваных баевікоў, як на Майдане. Таму і не магло ў нас нічога такога атрымацца, бо не было такой падрыхтоўкі, як ва Украіне. Там людзі на сотні былі падзеленыя, навучаныя, як супраціўленне аказваць. Нічога такога не рабілася ў Беларусі.

Еўрарадыё: Не шкадуеце цяпер, што не рабілася?

Дзмітрый Ус: У нас няма каму гэта рабіць. Адзін Статкевіч. Таму ён і сядзіць. І будзе сядзець.

Еўрарадыё: Ваш прагноз на выбары-2015?

Дзмітрый Ус: Дык яны ўжо прайшлі, пратаколы падпісаныя — толькі агучыць засталося! Гэтым разам ён сабе намалюе 64%, як Пуцін — зробіць «больш дэмакратычныя» выбары. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Satan / Адказаць
13.10.2014 / 22:27
Ага. ЧТД. Не ходите, дети, в Африку. Там Эбола. И на беларусские выборы не ходите. Там сплошь те, что в Ватикане с талантами.
0
Reller / Адказаць
13.10.2014 / 22:27
Мухі ў галаве ў чалавека. Чарговы інвалід халоднай вайны.
0
капец проста нейкі ) / Адказаць
13.10.2014 / 22:32
Якія людзі былі ў кандыдатах, ды няхай лепш будзе Лукашэнка.
Паказаць усе каментары/ 46 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру