13.10.2014 / 22:37

Беларусь — мадэль дзяржавы, якую Пуцін хацеў бы бачыць ва Украіне 5

У Беларусі новы палітычны зняволены, у той час як адносіны дыктатуры з Захадам цяплеюць. Піша Валер Кавалеўскі.

6 кастрычніка дэмакратычнаму актывісту Юрыю Рубцову прысудзілі 18 месяцаў абмежавання свабоды. Суд прызнаў яго вінаватым згодна з артыкулам 391 Крымінальнага кодэкса (абраза суддзі).

Яшчэ да таго, як прысуд быў агучаны, праваабарончы цэнтр «Вясна» папярэдзіў, што, у выпадку адмоўнага рашэння суда, Рубцоў будзе прызнаны новым палітычным вязнем. Пасля прысуду ён далучыўся да групы з сямі іншых палітычных зняволеных, у тым ліку, былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча.

Вядомыя і іншыя прыклады працягу рэпрэсій у Беларусі. Дэмакратычныя актывісты Павал Вінаградаў, Ілля Дабратвор, Максім Вінярскі і іншыя рэгулярна атрымліваюць адміністратыўныя арышты і штрафы. Журналістаў пераследуюць за іх супрацоўніцтва з замежнымі СМІ, якія не маюць афіцыйнай акрэдытацыі. Пасля фубольнай гульні Беларусь – Украіна заўзятараў з абодвух бакоў арыштоўвалі і штрафавалі за выкрыкванне палітычных лозунгаў падчас матчу.

Нягледзячы на захаванне статус-кво ў практыцы абыходжання з унутранымі апанентамі, дыктатура Лукашэнкі пражывае рэдкі перыяд сцішанай крытыкі з боку дэмакратычнага Захаду. Вайна ва Украіне зрушыла адносны баланс дабра і зла ў свеце. Агульнапрызнаны ізгой і нелегітымны кіраўнік Лукашэнка раптам апынуўся «ў рэшце рэшт не такім ужо і кепскім». Сапраўды, у адрозненне ад Пуціна, Лукашэнка не экспартуе ў навакольны свет насілле і падаўленне правоў чалавека і свабоды.

Свае ганебныя падыходы, беззаконне і зневажаючае абыходжанне Лукашэнка засяродзіў на беларусах. «Міжнароднаму міру і бяспецы» і «непадзельнай, свабоднай і мірнай Еўропе» такія дзеянні не пагражаюць.

Дыктатура ў Беларусі пабудавана на строгім кантролі асабістай адданасці кожнага чыноўніка і цеснай кругавой паруцы. Парадаксальна, але Беларусь лічыцца не надта карумпаванай параўнальна з Расіяй і Украінай. У рэальнасці ж карупцыя ў нашай краіне дзейнічае паўсюдна, аднак рэжым старанна і збольшага дзейсна хавае яе. Гэтаму спрыяе страх людзей перад пакараннем за раскрыццё карупцыйных схемаў ва ўмовах адсутнасці незалежнай судовай сістэмы.

На працягу 20 гадоў кіравання краінай Лукашэнка накіроўвае сваю ўласную энергію і дзяржаўныя рэсурсы на знішчэнне і падпарадкаванне ўнутраных палітычных сілаў, грамадзянскай супольнасці і СМІ, якія могуць пагражаць яго асабістай уладзе. У выніку яго прэзідэнцтва разглядаецца як нелегітымнае, адносіны Беларусі з Захадам глыбока пашкоджаныя, у краіны няма саюзнікаў акрамя ваяўнічай Расіі, якая да таго ж глядзіць на незалежнасць нашай краіны як на часовую анамалію. Аднак для Лукашэнкі галоўнае, што яго пазіцыі ў самой Беларусі застаюцца непахіснымі.

Выглядае на тое, што свет не жадае прызнаць таго, што Лукашэнка не з’яўляецца самадастатковай фігурай і ізаляванай з’явай. Яго падтрымліваюць іншыя аўтарытарныя рэжымы, у першую чаргу, Расія. Лукашэнка з’яўляецца прыкладам таго, як такі ізгой можа лёгка выжываць пасярод складаных міжнародных механізмаў і нават распаўсюджваць свой дыктатарскі досвед у іншых краінах. Няма сумневаў і ў тым, што ўпартае знаходжанне Лукашэнкі ва ўладзе і яго метады кіравання краінай служаць каштоўным дапаўненнем у падтрымку палітыкі Пуціна ў Расіі і за мяжой.

У рэшце рэшт, Беларусь сёння – гэта мадэль дзяржавы, якой Пуцін хацеў бы бачыць Украіну заўтра. 

Дзяржавы са слабым суверэнітэтам, карумпаваным кіроўным класам, залежным ад волі і слова Масквы, з пагардай да правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў і антызаходнім светапоглядам. Дзяржавы, што няпэўная ў сваіх гістарычных каранях і нацыянальнай свядомасці. Дзяржавы, якая саступае ціску Масквы і далучаецца да Расія-цэнтрычных Мытнага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза без таго, каб даведацца меркаванне насельніцтва. Дзяржавы, якая пагаджаецца з тым, што Расія мае прывеліяваныя правы ў межах чужой юрысдыкцыі і можа не дазваляць рашэнні, якія ёй не падабаюцца.

Тым не менш, выглядае на тое, што Захад, заблытаны ўсё больш супярэчлівымі – ці на дыпламатычнай мове «збалансаванымі» – заявамі Лукашэнкі па Украіне, вырашыў зрабіць свой падыход датычна дыктатуры ў Беларусі яшчэ менш прынцыповым і больш непаслядоўным. Тэма палітычных зняволеных, дэмакратычных выбараў і свабоды ў нашай краіне ўздымаецца ўрадамі Захаду ўсё радзей. Праводзяцца неабавязковыя сустрэчы на вышэйшым узроўні ў парушэнне ўласных абавязальніцтваў. Бакі абменьваюцца збольшага павярхоўнымі, але дэманстратыўна стрыманымі візітамі. Нядаўна амбасадар ЕС у Беларусі Майра Мора нават заклікала беларусаў падтрымаць Лукашэнку ў сувязі з канфліктам ва Украіне.

Мяркуючы па ўсім, у гэтыя дні геапалітыка для Захада азначае больш, чым каштоўнасці і прынцыпы.

Аднак раўнавага нацыянальных інтарэсаў, якія пастаянна змяняюцца, – ненадзейная аснова для ўстойлівага міжнароднага міру. Прыклад Расіі – напамін пра тое, што інтарэсы дзяржаў могуць разыходзіцца вельмі хутка.

Між тым, такое штучнае пацяпленне адносінаў з Захадам дапамагае Лукашэнку ўмацоўваць сваю асабістую ўладу, нават пакуль залежнасць Беларусі ад Расіі паглыбляецца і яе будучыня становіцца менш пэўнай з кожным днём. Больш таго, застаецца нявысветленай роля Лукашэнкі ў вайне яго адзінага саюзніка Расіі супраць Украіны і адначасова супраць дэмакратычнага свету. Гэтаксама як і сама вайна за Украіну яшчэ далёкая ад сканчэння.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Мікола ))) / Адказаць
13.10.2014 / 22:40
Пуцін (Крэмль) ня проста бачыць, ён ужо стварыў такое ў Крыме і частцы Данбасу. Хацеў ва ўсёй - не атрымалася - ўкраінцы скінулі дыктатара.
0
Няхлюй / Адказаць
13.10.2014 / 23:32
Нядаўна прачыталі, што палова насельніцтва Расеі верыць у сусьветныя змовы. Сьмяяліся ўсёй ложай.
0
Max / Адказаць
14.10.2014 / 00:23
Поэтому АГЛ может говорить что угодно об Украине)
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру