13 кастрычніка ў мінскім кінатэатры «Кастрычнік» адбылася прэм'ера фільма Аляксандры Бутар «Белыя росы. Вяртанне». Трыццаць гадоў таму карціну паглядзела больш за 36 мільёнаў чалавек. А што цяпер азначае выхад фільма для пастаянна крызіснай нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм»?

Ёсць на што раўняцца

Для рэжысёрскага дэбюту Аляксандры Бутар быў абраны працяг аднаго з самых папулярных фільмаў беларускага кінематографа. Неймаверная сёння для прадукцыі «Беларусьфільма» аўдыторыя ў 36,1 млн чалавек на прасторах СССР не проста паглядзела фільм у кінатэатрах — чытачы папулярнага ў той час часопіса «Савецкі экран» назвалі «Белыя росы» лепшай камедыяй года! Нават сёння ў шматлікіх дарослых людзей менавіта «Белыя росы» у першую чаргу асацыююцца з беларускай кінапрадукцыяй. Гэта вельмі добра для новага фільма,бо дазваляе далучыцца да брэнда і гарантуе дадатковую ўвагу. З іншага боку — гэта вялікі выклік, бо ад стужкі чакаюць пэўнай пераемнасці, працягу традыцый і па значнасці абавязкова будуць параўноўваць са звышпаспяховым фільмам-папярэднікам.

Вядома, колькаснага параўнання не атрымаецца — фільм чакае пракат толькі ў Мінску, абласных цэнтрах Беларусі, Маскве і Вільні (бо галоўную ролю выконвае літоўскі акцёр Юозас Будрайціс). Зрэшты, для прадукцыі «Беларусьфільма» сёння можна лічыць дасягненнем паказы нават у самой Беларусі — пракатчыкі звычайна непатрыятычна спасылаюцца на непапулярнасць айчынных фільмаў, і стужкі застаюцца пыліцца на паліцах.

Але карціне «Белыя росы. Вяртанне» такі лёс сапраўды не пагражае — прэм'ерны паказ у «Кастрычніку» быў аншлагавым, а квіткі на наступныя сеансы браніруюць ужо за некалькі дзён да паказу. Зрэшты, спяшацца з аптымістычнымі пракатнымі прагнозамі не варта: з самім фільмам усё не так адназначна.

Што засталося ад пераемнасці?

Стваральнікі фільма пастаянна нагадваюць, што гэта — не рэмейк працы Ігара Дабралюбава, а яе працяг. Аднак з уласна пераемнасцю ў фільма вельмі туга. Асноўны момант — гэта ўдзел у здымках Мікалая Карачанцава, які ўсё яшчэ грае Васіля Ходаса, пастарэлага на 30 гадоў.

Прычым «Белыя росы. Вяртанне» сталі першым фільмам, дзе Карачанцаў зняўся пасля амаль дзесяцігадовага перапынку — акцёр аднаўляўся пасля сур'ёзнай аўтамабільнай аварыі. Стваральнікі фільма нават арганізавалі прыезд Карачанцава на мінскую прэм'еру, хоць для гэтага (мяркуючы па словах на прэм'еры) ім спатрэбілася дапамога цэлага жаночага манастыра па доглядзе за акцёрам. Між тым, фактычна ўдзел Карачанцава ў фільме абмяжоўваецца фінальным эпізодам у некалькі дзясяткаў секунд, дзе ён прамаўляе адну фразу — «Я вярнуўся» (па сюжэце Васіль Ходас ўсе гэтыя гады правёў недзе на заробках). Сімвалічнае значэнне ўсяго гэтага безумоўна вельмі і вельмі вялікае — асабліва для тых гледачоў, якія памятаюць і любяць Карачанцава (на прэм'ерным паказе яго ціхі ўваход у залу ў суправаджэнні жонкі і медсястры выклікаў шквал апладысментаў, заглушыўшы гаворку вядучага). І з маральнага пункту гледжання стваральнікі фільма, якія далі Карачанцаву магчымасць сказаць з вялікага экрана «Я вярнуўся», выглядаюць проста выдатна.

Аднак для фільма мінімальны эпізод з Карачанцавым застаецца толькі сімвалічным і на якасць кінакарціны асабліва не ўплывае.

Больш нікога з першага фільма на экране гледачы не ўбачаць. Аднак заставалася яшчэ надзея на сцэнарыста, які працаваў і над першым фільмам, — Аляксея Дударава (ён, дарэчы, на прэм'еры адзіны размаўляў на беларускай мове, у адрозненне ад папярэдніх выступоўцаў — міністра культуры Барыса Святлова і кіраўніка «Беларусьфільма» Алега Сільвановіча, — чым таксама сарваў апладысменты). Аднак, на жаль, варта прызнаць, што сцэнар (дзе Дудараў, зрэшты, толькі сааўтар з рэжысёрам Бутар) — гэта самая слабая частка фільма. Нават калі не ўдавацца ў дэталі і не шукаць кіналяпы, нестыкоўкі і проста дзіўныя месцы, то ў вочы кідаюцца зусім прыцягнутыя за вушы тры галоўныя моманты — завязка, развіццё сюжэту і кульмінацыя.

Укласці ўсе грошы ў хмарачосы з гатэлямі ў беларускім лесе

З першых жа секунд фільма гледачоў сустракае прэзентацыйны ролік будаўнікоў, якія збіраюцца пасярод беларускага лесу ўзвесці адразу тры хмарачосы з пяцізоркавымі гатэлямі, самым буйным аквапаркам і іншым глупствам, прычым у гэты абсурдны бізнес-праект нямецкі бізнэсмэн укладвае ўсе свае сродкі, а ў якасці месца для рэалізацыі выбіраюць… прыватную тэрыторыю зусім незнаёмых людзей (якімі аказваюцца Андрэй Ходас, яго сусед Струк і «ведзьма» Паліна). Можна было б адразу заявіць пра новы касмапорт марсіян на Зямлі — атрымалася б прыкладна гэтак жа лагічна.

Далей усё дзеянне фільма круціцца вакол таго, як двое няўдачлівых бізнэсмэнаў спрабуюць выкупіць (або падманам займець бясплатна) зямлю і дамы ў Андрэя Ходаса і яго суседзяў. Стваральнікі карціны ігнаруюць той факт, што ў Беларусі адсутнічае прыватная ўласнасць на зямлю і весці доўгія перамовы з нязгодлівым дзядком наўрад ці б нехта стаў — хутчэй бы сумнеўныя прадпрымальнікі звярнуліся да постацяў накшталт старшыні сельсавета, які паказвае ў фільме вобраз чыноўніка больш чым каларытна (толькі чамусьці не валодае пры гэтым паўнамоцтвамі).

Нарэшце, кульмінацыяй становіцца сцэна з падпалам злашчаснага хутара (пры гэтым зусім незразумела, як згарэлыя дамы зменяць прававы статус зямлі). Аднак фактычна падпальваецца толькі лодка, што ляжыць на беразе, якую ў гэты момант смаліў Андрэй Ходас. І замест таго, каб даць лодцы спакойна сабе згарэць на беразе, усё чамусьці пачынаюць імкліва яе тушыць, прычым вадой, што зусім лагічна як раз і прыводзіць да распаўсюджвання смалянога пажару (на шчасце, у рэшце рэшт вагнягаснікі дапамагаюць справіцца з агнём).

Пералічваць усе такія абсурдныя моманты можна доўга, але факт у тым, што з-за гэтага сюжэт фільма атрымліваецца зусім нелагічным, нацягнутым і штучным.

На жаль, такімі ж атрымаліся і дыялогі персанажаў. Немагчыма паверыць, што так могуць размаўляць рэальныя людзі. Практычна няма слоў у галоўнага персанажа, Андрэя Ходаса; як следства, Юозас Будрайціс скаваны ў сваёй ігры ледзь не нямым кіно і вымушаны праяўляць акцёрскія таленты ў позірку і хадзе.

Псуюць штучныя рэплікі і вобраз Галюні, выдатна створаны, мабыць, лепшай актрысай гэтага фільма — Ганнай Палупанавай. Выдатны ў сваёй эпізадычнай ролі і юрыст Максім Паніматчанка. На жаль, усяго гэтага нельга сказаць пра большасць іншых акцёраў - гульня многіх з іх зусім не дацягвае да ўзроўню сур'ёзнай кінастужкі.

Заканчваючы з персаналіямі, варта адзначыць аператарскую працу Алега Гірэля, зробленую на вельмі добрым узроўні.

… І ўсё ж прарыў

Нават з улікам усёй гэтай крытыкі, фільм у цэлым глядзіцца нядрэнна. Ратуе згаданая вышэй добрая ігра асобных акцёраў, разбаўленне дзіўнага сюжэту некаторымі мілымі сцэнамі (накшталт ведзьмінай партрэтнай пескаграфіі)… Нават добрая праца рэквізітараў у сельскіх дамах надае фільму свой шарм.

Для нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» гэта сапраўды прарыў: зняты цалкам сучасны фільм, на які ёсць попыт у публікі; гэты фільм трапіў у рэспубліканскі і нават міжнародны пракат; брэндавае імя і імкненне ўбачыць абяцанага любімага Карачанцава могуць нават забяспечыць фільму нейкую касу. Самае важнае — гэты фільм застанецца не на пыльнай паліцы, а ў памяці ў гледачоў. Прыкра, вядома ж, што гэты факт становіцца для нацыянальнай кінастудыі чымсьці асаблівым, але трэба ж калісьці пачынаць мяняць трэнд. Да гэтага часу пакідаць у архівах новыя працы застаецца сумнай нормай.

Калі вам здаецца, што на «Беларусьфільме» здымаюць па адным-два фільмы ў год, то гэта не так. Па статыстыцы, за 2012 нацыянальная кінастудыя выпусціла 7 ігравых, 68 неігравых і 9 анімацыйных фільмаў; у 2013 годзе праца вялася над 16 ігравымі, 31 неігравых і 12 анімацыйнымі стужкамі. Усяго атрымліваецца больш за 140 (!) кінакарцін за апошнія два гады, з якіх гледачы бачылі і могуць успомніць добра калі дзве-тры.

На такім фоне выпуск цалкам пракатнага і цікава фільма «Белыя росы. Вяртанне» выглядае наогул выдатна.

Інвестары — Астапы Бэндэры, а ў нас — самагон і буслы

Напрыканцы важна адзначыць ідэйны змест фільма. «Белыя росы» ў свой час ўздымалі няпростую тэму гвалтоўнай савецкай урбанізацыі і адпаведнага ёй прыўнясення сельскіх практык і поглядаў на жыццё ў гарады. Заадно ў знакамітым аповедзе Фёдара Ходаса пра «верных, чыстых белых росаў» паміж справай спрабавалі ні многа ні мала апісаць паходжанне і нацыянальныя асаблівасці беларускага народа.

«Белыя росы. Вяртанне» такіх высокіх тым ужо не закранае (мабыць, і дзякуй Богу), аднак пэўныя сацыяльныя шаблоны ўсё ж прыкмячае, у адпаведнасці з сутнасцю кінематографа — праз іх гіпертрафіраванне.

Беларусы выглядаюць у фільме, кажучы словамі Васіля Ходаса, «вось такімі ўжо нестандартнымі, сваімі». Прыход цывілізацыі і наогул перамены прыраўноўваюцца да драпежніцкага захопу, замежныя інвестары і айчынныя бізнесмены — да беспрынцыпных Астапаў Бэндэраў, а вось Васіль Ходас, які жыве зусім традыцыйным жыццём — гэта сумленны, адказны, які любіць сваю зямлю і сваіх блізкіх архетып мудрага старца. Хто жыве на хутары, топіць дровамі печ і плавае на ўласнаручна прасмоленай лодцы — той добры, а хто займаецца бізнэсам, працуе з замежнікамі, бавіць час у начным клубе і ездзіць на «Мэрсэдэсе» — той і чалавека гатовы спаліць, калі яму шмат грошай прапануюць. Пры гэтым матэрыяльнай прыладай Ходаса выступае яго самагон, які раптам паражае бізнесменаў напавал (мяркуючы па сцэнах у клубе — не непітушчых), а сімвалічным — бусел, у канцы фільма шчасна прылятаў у гняздо на даху выратаванага дома.

Няма сумненняў, што пры ўсёй спецыфічнасці такога погляду на свет ён знойдзе сваіх гледачоў, якія будуць рады сярод засілля галівудскіх блокбастараў нарэшце ўбачыць чыстае і светлае кіно, знятае ў краіне чыстых і светлых «белых росаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?