01.01.2015 / 13:22

Праваслаўная святая Соф’я Слуцкая аказалася… каталічкай 28

Гісторыкі Вольга Бабкова і Настасся Скеп’ян сканфузілі Беларускі экзархат РПЦ

Соф’я, або Сафія Слуцкая (а ў яе час яе называлі ўвогуле ж па-­старабеларуску «Зафея») — шанаваная ў Беларусі праваслаўная святая. У Мінску ёсць прыход, названы ў яе гонар. Там у 2012-м, на 400­-годдзе спачыну, ёй паставілі невялікі помнік. Але нядаўна гісторыкі высветлілі, што княгіня Соф’я была… каталічкай. І праваслаўнай святой сталася выпадкова. Проста таму што давала грошы на праваслаўны манастыр і ў ім была пахаваная. Але кананічнае права гаворыць адназначна: не праваслаўны не можа быць праваслаўным святым.

На тры дакументы, датычныя Соф’і Слуцкай, першай наткнулася супрацоўніца Нацыянальнага гістарычнага архіва Вольга Бабкова. Яна збірала матэрыялы для кнігі пра старабеларускія тэстаменты. Знойдзеныя Бабковай дакументы зачапілі супрацоўніцу Інстытута гісторыі Акадэміі навук Настассю Скеп’ян. Яна пачала «капаць».

Самая багатая сірата ВКЛ

Соф’я Слуцкая рана засталася зусім адна на свеце. «Над родам князёў Слуцкіх нібыта вісеў нейкі праклён. Ён вымер літаральна за пакаленне. Спачатку князь Юрый памёр у 27 гадоў, потым не стала яго братоў Аляксандра і Яна­-Сімяона. Засталася адна гэтая маленькая Зафея», — кажа Вольга Бабкова.

Соф’я Юр’еўна нарадзілася ў 1586 годзе, 1 мая.

А праз 5 дзён, 6 мая, сканаў, найхутчэй ад сухотаў, яе бацька, князь Юрый ІІІ Слуцкі. Але дачку ён пабачыць паспеў.

Настасся Скеп’ян цытуе ліст старога слугі, пісаны да маці Юрыя, бабулі Соф’і. Слуга піша, як узрадаваўся князь, пабачыўшы, што яму будзе працяг на гэтым свеце.

У тыя самыя дні Юрый па просьбе слугаў склаў тэстамент, з чаго можна зрабіць выснову, што ні ён, ні яго атачэнне на адужанне не спадзяваліся.

Князь Юрый, дарэчы, быў праваслаўны — і вялікі кніжнік.

Ён уласнаручна перапісаў Евангелле, якое захоўвалася ў Свята­Троіцкім манастыры як шанаваная рэліквія.

Маці ж Соф’і, Барбара з Кішкаў, была каталічкай. І дачку, згодна з тагачаснай традыцыяй, хрысцілі ў веру маці.

Пасля смерці бацькі нованароджаная Соф’я ўспадкавала Стары Слуцк з двума замкамі, а праз некалькі гадоў, калі адзін за адным сканалі бяздзетныя бацькавы браты Аляксандр і Ян Сімяон, яна стала ўласніцай гіганцкай спадчыны Алелькавічаў: гарадоў Слуцка і Капыля, 7 мястэчак і 32 фальваркаў.

Яе маці, княгіня Барбара, аказалася нібыта адсунутай ад гэтай спадчыны. Вольга Бабкова звяртае ўвагу на трагічную загадку: праз некалькі гадоў, зайшоўшы замуж за гомельскага старосту Андрэя Сапегу, яна склала тэстамент, згодна з якім, усю сваю маёмасць — перлы, упрыгожанні, «быдла рагатае і нерагатае» — аддае мужу. Нічога не пакідае дачцэ. Можа, была нейкая крыўда? Не на малую Соф’ю, вядома, а на яе апекуноў.

Апякун са cваім інтарэсам

Інстытут апякунства быў пашыраным у Вялікім Княстве. Ва ўмовах тагачаснага жыцця з яго войнамі і пошасцямі часта здаралася, што дзеці ў маленстве гублялі бацькоў. Таму для чалавека было ў парадку рэчаў скласці загадзя тэстамент і вызначыць, хто будзе кіраваць маёмасцю яго сіротаў да іх паўналецця.

Апекі над Соф’яй і яе багатай спадчынай урэшце дабіліся Хадкевічы, далёкія сваякі князёўны. Пры Гераніму Хадкевічу Сафія жыла спачатку ў Наваградку, пасля ў Слуцку.

«У актавых, судовых кнігах мы часта сустракаем гісторыі пра тое, як апекуны вольна распараджаліся грашовымі сумамі, якія мусілі захоўваць», — адзначае Вольга Бабкова.

Хадкевічы ж вымушаныя былі разлічыцца нават не грашыма Соф’і, а ёй самой.

Калі ў 1595—96 г. на Случчыну з украінскіх земляў прыкацілася паўстанне Севярына Налівайкі, Хадкевічы вымушаныя былі прасіць вайсковай помачы ў магутных Радзівілаў. Радзівілы далі сваю пяхоту, выставіўшы ўмовай, што князёўна Соф’я выйдзе замуж за Януша Радзівіла. Хадкевічы, у якіх зямля пад нагамі гарэла, пагадзіліся. Шлюб меў адбыцца ў Вільні ў 1600 годзе, пасля запустаў. Нявесце на той час было б 13 гадоў.

Януш Радзівіл быў старэйшы за Соф’ю на сем гадоў. Яму было дазволена час ад часу наведваць будучую жонку ў Слуцку.

Аднак з часам Хадкевічы пачалі шукаць нагоды разарваць дамоўленасць. Абвастрыла адносіны тое, што Радзівілы забралі сабе Копысь, на які прэтэндавалі і Хадкевічы. Услед маладога князя Януша перасталі пускаць да Соф’і. Пра тое, каб ён і не спадзяваўся на шлюб з ёй, Радзівілу сказаў, спаткаўшыся з ім у карчме між Мірам і Нясвіжам, Ян Караль Хадкевіч — славуты ваяр і надзвычай скандальны чалавек.

Подых грамадзянскай вайны

Настасся Скеп’ян апісвае, як у 1599-­м Хадкевічы і Радзівілы, замест таго, каб рыхтавацца да вяселля, пачалі рыхтавацца да ўзброенага вырашэння спрэчкі. Войска і артылерыі ў ёй мела ўдзельнічаць больш, чым у бітве пад Кірхгольмам, якая пазней праславіць Яна Караля Хадкевіча.

На заклік Радзівілаў у Вільню ўзімку 1600 года з’ехаліся шэсць тысяч узброеных шляхціцаў. Хадкевічы з вялікім атрадам і 24 гарматамі замкнуліся ў камяніцы. Аднак да кровапраліцця, з якога ў ВКЛ магла пачацца паўнавартая грамадзянская вайна за «слуцкую спадчыну», не дайшло.

Пазней Хадкевічы, апісваючы сітуацыю, адзначалі, што шлюб не адбыўся з прычыны… няяўкі жаніха. Маўляў, нявесту яны паказвалі, а жаніх чамусьці не прыехаў.

«Я — каталічка»

У адзін голас з апекунамі гаварыла і сама Соф’я. І адной з прычынаў сваёй нязгоды на шлюб была якраз розніца ў веры: «Яго мосць пан Януш Радзівіл не з’яўляецца вернікам касцёла каталіцкага, (верніцай) якога я ёсць», — сведчыла дзяўчына перад вознымі, якія разбіралі гэтую справу. Януш, дарэчы, быў лютаранін, а не каталік, як піша праваслаўнае «Жыціе» Соф’і.

Бацька Януша, віленскі ваявода Крыштоф Радзівіл Пярун, дабіўся выдання баніцыі для Гераніма Хадкевіча. За парушэнне дадзенага слова яму пагражала пазбаўленне маёмасці, шляхецкіх правоў і выгнанне з краіны. І Хадкевічы саступілі. Шлюб адбыўся ўвосень таго самага года.

У шлюбнай дамове яшчэ раз пацвярджалася каталіцтва Сафіі: ёй надавалася права выбраць сабе ксян­дза-духоўніка па сваім жаданні і ахвяраваць на будаўніцтва касцёлаў, калі захоча.

Абумоўлівалася і пытанне святара, які меўся даць пратэстанту Янушу і каталічцы Соф’і шлюб. Па традыцыі ён мусіў належаць да канфесіі нявесты. Пра тое, што шлюб асвяціў каталіцкі ксёндз, пісалі пазней і Хадкевічы, спрабуючы той шлюб аспрэчыць.

Перакручаны ліст да Папы

Пытанне рознасці вераў было знятае. Заставалася пытанне крэўнага сваяцтва — Януш і Сафія мелі супольнага прадзеда, гетмана Канстанціна Астрожскага, пераможцу бітвы пад Оршай. Януш склаў ліст Папу Кліменту VIII з просьбай дазволіць шлюб са сваячкай.

Цікава, адзначае Настасся Скеп’ян, што анатацыя на гэты пісаны лацінай ліст падаецца ў «Собраніі древніх грамот і актов городов Мінской губерніі», выдаваным за часамі Расійскай Імперыі.

У той анатацыі ўсё перакручанае з ног на галаву: нібыта каталік Януш, беручы шлюб з праваслаўнай Соф’яй, просіць у Папы дазволу захаваць ёй яе веру.

Як пратэстант Януш спрыяў праваслаўным

Пасля шлюбу князёўна адпісала ўсю сваю маёмасць мужу. І пратэстант Януш, для якога галоўнымі ворагамі былі каталікі, а не праваслаўныя, вывеў слуцкія храмы з­пад юрысдыкцыі ўніяцкага епіскапа і вярнуў праваслаўным, падпарадкаваўшы канстанцінопальскаму патрыярху.

У «Жыціі» Соф’і гаворыцца, што гэта яна ўмаўляла мужа спрыяць праваслаўным. Аднак сам Януш меў у гэтым большы палітычны рэзон. Ён, лідар антыкаталіцкай апазіцыі ў Рэчы Паспалітай, якая яднала праваслаўных і пратэстантаў, мусіў узмацняць сваіх прыхільнікаў.

Сямейныя меладрамы

Жыццё маладой сям’і было няпростым. Ці мо такім яно паўстае з меладраматычных твораў Крашэўскага і Сыракомлі, прысвечаных Соф’і? Зрэшты, сучаснікі адзначалі выбуховы характар і ваяўнічасць князя Януша. Да таго ж памерла малым іх дзіця, пасля княгіня Соф’я, калі верыць польскаму гісторыку літаратуры Алёйзу Сайкоўскаму, завязала раман са слугой мужа, татарынам Асмольскім.

Таго Асмольскага­-Смольскага ледзь не злавілі «на гарачым» у яе апачывальні, ён паспеў выскачыць у акно ў той час, як слугі князя Януша ламалі дзверы. Каханак уцёк аж у Львоў, але быў схоплены і ўтоплены ў ставе на вачах у Соф’і.

Пасля скандалу Януш з Соф’яй працягвалі жыць як муж і жонка. Пасля няўдалага рокашу супраць караля Жыгімонта ІІІ Вазы, адным з кіраўнікоў якога быў Радзівіл, яны разам уцякаюць у Швейцарыю. А атрымаўшы каралеўскае дараванне, вяртаюцца ў Рэч Паспалітую.

Апошнія гады жыцця Соф’і прайшлі ў падляшскіх маёнтках. Там яна выношвала дачку Кацярыну, якая зусім нядоўга пажыла. Следам за дачкой, 19 сакавіка 1612 года, сканала і сама Соф’я.

Спачыла яна ў Свята­-Троіцкім манастыры ў Слуцку, там жа, дзе і бацька. Чаму каталічку пахавалі ў праваслаўным храме? Такія прэцэдэнты здараліся, адзначае Скеп’ян. Асабліва калі той храм фундавалі продкі.

Спакой пасля няпростага жыцця не будзе вечным. Праз дзвесце гадоў, пасля далучэння Беларусі да Расіі, разгорнецца гісторыя з «пакланеннем». Княгіня з праваслаўнага роду, замужам за «каталіком» — для Маскоўскага патрыярхату патрэбная была такая гераіня, быў «палітычны заказ». Ну, проста Юдзіф і Алаферн!

Мошчы Соф’і будуць абвешчаныя цудадзейнымі, будуць пісаць, што яны ратуюць Слуцк ад халеры, а канкрэтна вуліцу, на якой стаіць храм, — ад пажараў… У часе антырэлігійнай барацьбы парэшткі княгіні завязуць у Мінск «для вывучэння». Падчас вайны, у руінах універсітэцкага гарадка, іх адшукаюць салдаты вермахта, і па просьбе вернікаў цела Соф’і будзе перанесенае ў Свята-­Духаўскую царкву.

Праваслаўныя тэолагі сканфужана маўчалі, калі Настасся Скеп’ян прэзентавала вынікі свайго даследавання на 4-­м Кангрэсе даследчыкаў Беларусі. Каталікі ж жартуюць: мы гатовыя «забраць» Соф’ю Слуцкую сабе.

* * *

Дзе пачытаць пра Соф’ю Слуцкую?

Настасся Скеп’ян. Князі Слуцкія. — Мінск, 2013.

Вольга Бабкова. Тры дакументы пра Зафею Слуцкую. (Архіварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. — Мінск: БелНДІДАС, 2004. Вып. 2).

Сяргей Мікулевіч

0
Дзядзька з-пад Браслава / Адказаць
23.10.2014 / 10:03
Нагода адмяніць раскол 1054 г. :-)
0
Юзік з мюнхенскай піларамы / Адказаць
23.10.2014 / 10:27
Гэта бздуры каталіцкіх шпіёнаў Болека і Лёлека! )))
0
вось / Адказаць
23.10.2014 / 10:31
Народ літва - гэта тыя, што жылі на лясістым ўзбярэжжы мора, якое потым стала балотам, а затым Палесьсем. Назва народа паходзіць ад лацінскага litus. Палямон спачатку прыплыў на заваёвы са славянамі, якія і дагэтуль дапамагалі таргоўцам нявольнікамі здабываць тавар белатвары - з ільнянымі валасамі і блакітнымі вачыма. Да таго часу народ гэтага лясістага узбярэжжа навучыўся бараніцца. Потым Палямон трапіў у палон. Мо паранены быў.. Закахаўся ў дачку верхавода і так распачалася дынастыя літоўскай знаці... Знаю я гэтае ўсё праз повязь вякоў)) Ёсьць паліцыя афіцыйная - гісторыкі. А ёсьць прыватныя даследнікі.. Хоць што рабі, а вось цягне прасачыць - куды ж вядзе вось, напрыклад, гэтая повязь? ) Няміга - гэта горад нямецкі.. Што гэта значыць - трэба шукаць адказы. Вось і Мікола Ермаловіч піша ў "Старажытнай Беларусі" (полацкі і навагародскі перыяды): "На жаль, нашыя пісьмовыя крыніцы, шмат увагі ўдзяляючы міжкняскім адносінам, іх усобіцам, паходам, замірэнням, г. зн. знешнім гістарычным абставінам, амаль поўнасьцю абмінулі глыбінныя грамадскія працэсы.." Знешнія гістарычныя працэсы, дарэчы не надта таксама ўлічваліся.. Ці, лепей - акцэнтаваліся.. Задачка была простая: Кіеў+Масква = русь праваслаўная - Сьвятая. І кнігі - гарэлі. І рукапісы.. Таксама, вось, князь Святаполк, якога Акаянным празвалі.. Чую я тут русскую хлусь.. Сьвятыя Ўладзіміры і Яраславы - хлусь у фігведае ўжо, якой ступені.. Роля палякаў у русскай гісторыі.. Таксама насельнікі Нікейскай імперыі - полаўцы.. Занятак русі - "лавітва" і "палюддзе".. Назва - Рамейская імперыя, раманская культура.. І шлях у Рымы - не абавязкова па Дняпры.. Усё залежала ад часу і здольнасьці мясцовых бараніцца. Русафобія мне ўсё больш і больш здаецца адзінаратавальнай.. Мора доказаў, што гэты лек неабходны - каб захаваць у сабе чалавечнасьць. Як, каб не быць наркаманам - ня трэба прымаць наркотыкі.. Самае галоўнае - дзе набыткі русь-культуры, акром культа рабства ад Берасця да Курыл? Вы толькі паглядзіце на Матаролу з Гіві - конязей Навароссіі. На тое, што робіць тэлехунта.. На тысячы забітых ідэяй Руссіі СЁНЬНЯ.. Вы толькі адчуйце, колькі беспакаранага злачынства незамоленага адбылося на гэтай зямлі.. Пад сцягам Руссіі. І Беларуссіі.
Паказаць усе каментары/ 28 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру