У Беларусі ў гэтым эпідсезоне чакаецца цыркуляцыя двух новых варыянтаў віруса грыпу. Аб гэтым сёння паведаміла журналістам загадчыца эпідэміялагічнага аддзялення Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Глінская.

«У бягучым эпідсезоне чакаем, што ў Беларусі будуць цыркуляваць два варыянты віруса грыпу, з якімі мы яшчэ не сутыкаліся. У сувязі з гэтым састаў вакцын змяніўся. Таму ў бягучым годзе асабліва мэтазгодна сфарміраваць абарону супраць захворвання з дапамогай прышчэпкі», — сказала Ірына Глінская.

Паводле яе слоў, у першую чаргу зрабіць прышчэпку ад грыпу неабходна людзям, якія ўваходзяць у групу рызыкі. «Засцерагчы сябе ад захворвання павінны асобы старэйшыя за 65 гадоў. Дарэчы, у мінулым годзе прышчэпку зрабілі амаль 60 працэнтаў пажылых людзей. Трэба таксама помніць аб тым каласальным эфекце, які мы атрымліваем, робячы прышчэпку цяжарнай жанчыне. Бо дзіця, народжанае ў прышчэпленай ад грыпу маці, першыя шэсць месяцаў абаронена ад хваробы», — падкрэсліла спецыяліст.

Загадчыца эпідэміялагічнага аддзялення адзначыла, што ў першую чаргу вакцынаваць трэба і дзяцей, нагадаўшы, што больш за 90 працэнтаў шпіталізаваных з-за грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый —непаўналетнія. Засцерагчы сябе супраць грыпу спецыялісты таксама рэкамендуюць працуючаму насельніцтву. «Мы не першы год атрымліваем доказ, што вакцынацыя супраць грыпу на прадпрыемствах у 3-5 разоў зніжае захваральнасць сярод работнікаў», — сказала Ірына Глінская.

У бягучым годзе прышчапіць ад захворвання за кошт бюджэтных крыніц фінансавання плануецца каля 780 тыс. (амаль 40 працэнтаў) жыхароў Мінска. Бясплатна прэпарат атрымаюць людзі з высокай рызыкай развіцця цяжкіх постгрыпозных ускладненняў (хранічнымі захворваннямі сардэчна-сасудзістай, дыхальнай і эндакрыннай сістэм, асобы старэйшыя за 65 гадоў і іншыя), а таксама грамадзяне, якія маюць высокую рызыку захворвання на грып (дзеці, медыцынскія работнікі, супрацоўнікі МНС, МУС і іншыя).

За кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў у Мінску прышчэпліваюць вакцынай кітайскай вытворчасці «Флюваксін». Яна выкарыстоўваецца ў рэспубліцы на працягу чатырох гадоў і даказала сваю эфектыўнасць і бяспеку. Прышчэпку супраць захворвання на платнай аснове можна зрабіць і іншымі вакцынамі, дазволенымі да прымянення ў Беларусі, у тым ліку «Грыпол плюс» (Расія), «Ваксігрып» (Францыя), «Флюарыкс» (Бельгія), «Інфлювак» (Нідэрланды). Кошт платнай прышчэпкі вар'іруецца ад Br65 тыс. да Br150 тыс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?