У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага адбылася прэм’ера спектакля «Пясняр».

«Гэта пастаноўка пра Мулявіна ці не пра Мулявіна?» – пытаецца на прыступках тэатра глядач. І так, і не. Так – бо ёсць красамоўная назва, дзе абыгрываецца знакаміты музычны брэнд; ёсць відавочнае прысвячэнне Уладзіміру Георгіевічу; песні гурта «Песняры», якія гучаць са сцэны; партрэт і сцэнічная вопратка музыканта, што сустракаюць тэатралаў у фае (у стварэнні спектакля ўдзельнічалі супрацоўнікі музея, што прысвечаны яго творчасці). Не – бо гэты спектакль у той жа час… пра трох розных Мулявіных. Яны не вельмі падобныя як да рэальнай гістарычнай асобы, так і паміж сабой.

Версія драматурга

Першая версія належыць Васілю Дранько-Майсюку. У цэнтры яго п’есы «Пясняр» – вобраз нават не Мулявіна, а абагуленага нацыянальнага творцы. Адпаведна, у тэксце мінімум біяграфічных звестак (акалічнасці прыезду спевака ў Мінск, а таксама згадкі пра раскол у «Песнярах», што здарыўся ў 1990-х. Праўда, мяркую, не зусім карэктна інтэрпрэтаваць падзеі, што здарыліся ў ансамблі, з пазіцыі толькі яго кіраўніка). Галоўны канфлікт п’есы – сутыкненне нацыянальнага і антынацыянальнага.

Згодна з сюжэтам, да Песняра (Сяргей Жбанкоў), які знаходзіцца паміж жыццём і смерцю, прыходзяць айчынныя класікі. І просяць аб дапамозе. «Нас і ўсё, што з намі звязана, забываюць… тое, дзе мы знаходзімся, называецца нябыт. Ужо адзін раз ты вярнуў нас з нябыту…» – кажа Колас (Андрэй Захарэвіч). «Прыгадай: канец 60-х, пачатак 70-х. Нашыя вершы, якія ты заспяваў, ведалі на памяць ад Варшавы да Іркуцка!» – дадае Купала (Аляксандр Ждановіч). «А значыць, ведалі і пра Яе!» – далучаецца да іх Цётка (Анастасія Шпакоўская). «Забудуць нас – забудуць і Яе… Так што, дапамажы, дружа!» – просіць Колас.

Хто такая «Яна»? Хутчэй за ўсё, сама Беларусь, увасабленне нацыянальнай ідэі. Такое разуменне ўзнікае пасля рэплікі Янкі Купалы: «Кожны з нас, да каго яна прыходзіла, мусіў быў у свой час яе адпусціць, каб Яна магла наталяць сабой новага песняра… Яе, на жаль, нельга крыўдзіць. Лепей самому скочыць у лесвічны пралёт, чымся абразіць гэтую ганарлівую дзяўчыну! (…). Цяпер у Яе няма памяці, красы, мовы…»

Такім чынам, з аднаго боку барыкадаў знаходзяцца пісьменнікі, якія бачаць у асобе Уладзіміра Георгіевіча Песняра. З другога – людзі, абыякавыя да нацыянальнай ідэі. Яны бачаць каштоўнасць толькі ў тых творах, дзе Мулявін не дэманстраваў беларускую адметнасць. «Зачем вам надо было тратить время на эти «Гусляры» и прочие «Венки»… программы, на которые никто не ходил», – не разумее Чорны (Сяргей Чекерэс). Дарэчы, нават па гэтай рэпліцы бачна, што двухмоўе п’есы (фактычна, нават трохмоўе, бо гучыць і «трасянка», цалкам апраўданае).

Творца і шэрая маса

Зусім іншае разуменне сюжэта ў рэжысёра Валянціны Ераньковай, якая не акцэнтавала нацыянальную праблематыку. У п’есе Купала і яго аднадумцы спрачаліся з Песняром, патрабавалі і змагаліся, каб ён зноў звярнуўся да айчыннай літаратуры, а значыць, і да Беларусі. У пастаноўцы супярэчнасцяў паміж героем Жбанкова і пісьменнікамі няма. Пясняр адразу знаходзіць з класікамі агульную мову. Таму галоўны канфлікт бачыцца ў змаганні паміж сапраўдным творцам і шэрай масай. Адпаведна, Чорны, яго паплечнік Шэры (Сяргей Юрэвіч) ды іншыя дзейныя асобы – усяго толькі люмпен, які не разумее славутага артыста (нездарма героі ў адным з эпізодаў нацягваюць на твар маскі звяроў). Але навошта тады ўводзіць у дзеянне Цётку або Коласа? Няўжо выключна дзеля маральнай падтрымкі Песняра? Пры такім падыходзе існаванне пісьменнікаў у якасці персанажаў робіцца бессэнсоўным.

У п’есе Пясняр паміраў, адстойваючы свае прынцыпы. І ўрэшце аказваўся нацыянальным прарокам. У пастаноўцы натоўп ладзіць судзілішча над літаратарамі, якія ўсяляк падтрымліваюць Мулявіна, але Песняра не чапае (усё застаецца на ўзроўні пажадання не пісаць музыку да беларускамоўных вершаў). Дарэчы, нежаданне Мулявіна ствараць песні на беларускамоўныя вершаў рэжысёр тлумачыць… ягонай стомленасцю. Але раптоўна Уладзімір Георгіевіч чуе верш Яўгеніі Янішчыц («Ты пакліч мяне, пазаві») і імкнецца напісаць на яго музыку. Вось яна, моц беларускага мастацкага слова! Урэшце творцы не адмаўляюцца ад сваіх поглядаў. А ў фінале Пясняр мірна сыходзіць са сцэны, абняўшыся з Янкам Купалам. Ну проста класічны хэпі-энд!

Канцэрт Еранькова

Нарэшце, трэцяе, зусім іншае разуменне асобы Уладзіміра Георгіевіча прадэманстраваў кампазітар Аляксей Еранькоў, які выступіў аўтарам тэатральнай версіі п’есы і музычнай канцэпцыі спектакля. Для яго Пясняр – госць на канцэрце Еранькова (асабліва ў першай дзеі). Так, я не жартую. Кампазітар згадаў уласную маладосць (калі з’яўляўся кіраўніком двух ВІА) і выйшаў на сцэну. Выкананне ўрыўкаў з большасці песняроўскіх хітоў ўмантаванае ў спектакль вельмі «элегантна». Напрыклад, адзін з герояў кажа Песняру: «Пора спать», – і адразу ж гучыць «Калыханка» («Спіць над лесам аблачынка»). Па радыё аб’яўляецца загад Вярхоўнага галоўнакамандуючага – Еранькоў адразу спявае песню «Міша Камінскі» («Міша Камінскі – хлопчык хатынскі!). Калі на сцэне з’яўляецца Максім Багдановіч (Іван Стральцоў), дык як абысціся без «Веранікі» і «Пагоні»? Тады славуты паланез Агінскага «Развітанне з Радзімай» можа ўключыць проста так, каб паслухаць цудоўную мелодыю. Спачатку думаеш, што музыка, якая прысутнічала ў рэпертуары «Песняроў», выконвае ў спектаклі цалкам ілюстрацыйныя функцыі (да таго ж, калі са сцэны гучаць мулявінскія песні, навошта творцы скардзяцца на забыццё?). А потым прыходзіш да іншай высновы: магчыма, наадварот, увесь спектакль з’яўляецца ілюстрацыяй да музыкі? Дык, можа, варта ўключыць апаратуру для караоке і спяваць усёй залай?

Пясняр, але без драйву

У выніку атрымаўся спектакль адразу пра трох розных Песняроў. Але гэтыя падыходы не супадаюць, таму акцёры імкнуцца сумясціць несумяшчальнае. Найбольш выразнымі аказваюцца два выканаўцы. Янка Купала ў трактоўцы Аляксандра Ждановіча паўстае не забранзавелым класікам, а жывым, крыху ганарлівым шляхцічам, які цудоўна ўсведамляе значнасць таго, што зрабіў. А Сяргей Чэкерэс, маючы нават невялікі матэрыял, стварае вобраз Чорнага, цыніка і манкурта. Але відавочна, што яму няма дзе разгарнуцца.

Асобна варта сказаць пра выканаўцу галоўнай ролі.

Сяргею Жбанкову блізкія мяккія, часам лірычныя героі, пра што сведчаць ролі як у кіно (Русачэнка ў «Белыя Росы. Вяртанне»), так і ў родным тэатры (Юра ў «Нататках стомленага рамантыка», Джон у «Леў зімой»). Такім мяккім паўстае яго і Пясняр, у якім не бачна ні драйву, ні асаблівай харызмы. Асабліва гэта адчуваецца ў фінале. Пасля таго як Пясняр і Купала сыходзяць са сцэны, на экране ўзнікаюць кадры, калі рэальны Мулявін выконвае купалаўскую «Малітву». Тады верыш: такі апантаны чалавек мог стварыць легендарны ансамбль, вывесці яго на музычны Алімп і ўтрымліваць там два дзесяцігоддзі. У героя Жбанкова гэта, на жаль, не атрымліваецца. Яго Пясняр не зведвае падчас спектакля ніякай эвалюцыі. Ён толькі і можа, што слухаць, стоячы воддаль, уласныя песні. Магчыма, такім чынам стваральнікі «Песняра» хацелі пераканаць нас, што Мулявін – такі ж чалавек, як і звычайныя гледачы?

У выніку атрымаўся напалову спектакль, напалову канцэрт з песняў ансамбля «Песняры». Тым, хто прыйшоў на прэм’еру, засталося толькі сядзець і слухаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?