Два месяцы таму Мечыслаў Гой, які дагэтуль узначальваў райвыканкам у Смаргоні, быў прызначаны мэрам Гродна. Чыноўнік даў інтэрв’ю, у якім распавёў пра інвестыцыі ў рэгіёне, затрыманні чыноўнікаў за карупцыю і свой заробак.

— Спадар Мечыслаў, ці было нечаканым для вас прызначэнне на пасаду старшыні Гродзенскага гарвыканкама? 

— Не, таму што апошнія сем год я знаходзіўся ў рэзерве кадраў на пазіцыю першага намесніка старшыні аблвыканкама, які курыруе сельскую гаспадарку. Таму рана ці позна пасада павінна была знайсці мяне. 

— У Беларусі высокіх чыноўнікаў прызначаюць, у той час як у суседніх краінах гэта выбарныя пасады. Можа, і нам варта праводзіць выбары мясцовай улады? 

— Трэба ці не трэба, не магу адказаць. На сёння існуе такі парадак у Беларусі, і гэта замацавана заканадаўча. 

— Якія задачы вы ставіце перад сабой на новай пасадзе? 

— Апошнія 10 год я працаваў старшынём Смаргонскага райвыканкама. Давялося шмат чаго зрабіць — гэта і рэарганізацыя сельскай гаспадаркі, і абнаўленне прамысловага сектару. Раён за час майго кіравання ўпершыню ў гісторыі стаў чацвёртым па аб’ёме выпуска прамысловай прадукцыі. Атрымалася прыцягнуць замежныя інвестыцыі, што вельмі важна, бо на сёння не хапае заёмных сродкаў. Вось гэтая практыка будзе працягнутая і ў Гродне. Горад інтэнсіўна развіваецца, за апошнія чатыры гады на 26,5 тысячы жыхароў стала больш. Важна, каб гродзенцам было не толькі дзе адпачыць, але і — у першую чаргу — дзе працаваць. Па ўзроўні заробку Гродна ідзе ўслед за Мінскам у рэйтынгу абласных гарадоў. Вельмі важна і надалей трымацца гэтых паказальнікаў.

Асобная ўвага будзе нададзена кадравай палітыцы. Вельмі важна, каб больш моладзі прыходзіла ў дзяржаўнае кіраванне. У іх зусім іншыя погляды, больш прагрэсіўныя. Вобразна кажучы, у мэра ў адной руцэ — грошы, у другой — кадры. І толькі пры правільным кіраванні можна дасягнуць балансу. 

— Два месяцы вы ўзначальваеце гарвыканкам ў Гродне. Якія першыя праблемы ў горадзе ўжо паспелі заўважыць? 

— Я быў здзіўлены, што каля 30% зваротаў грамадзян датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аналіз паказвае, што шмат грошай у ЖКГ можна знайсці, калі ўдасканаліць кіраванне структурамі. Шэраг арганізацыяў выконваюць пасярэдніцкую фунцыю. Яны будуць спрошчаныя. 

— Віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін заявіў, што да 2017 года беларусы будуць на 100% аплачваць камунальныя паслугі. На ваш погляд, ці гатовыя да гэтага нашыя людзі? 

— Хачу адзначыць, што па вывазу смецця ў Гродна мы амаль выйшлі на поўную аплату. Тое самае і па вадзе. А калі прыбраць усё разгільдзяйства ў ЖКГ, то выйдзем за 100%. Адзінае пытанне стаіць па ацяпленні, мы пакуль не гатовыя да гэтага. Але паступова мы павінны выходзіць на поўную аплату камунальных паслугаў. 

— Смаргонь падчас вашага кіравання мела досыць высокія паказальнікі па інвестыцыях. Ці ёсць ідэі, якіх інвестараў можна прыцягнуць у Гродна? 

— Перадусім Гродна патрэбныя паслугі гасцініц. Горад гістарычны, яго нездарма называюць каралеўскім. Дзве гасцініцы, якія на балансе горада, проста ніякія. Паслугі пражывання павінны прадастаўляць прыватныя структуры. І гэтага не трэба баяцца. На сферу гандлю, турыстычныя і іншыя паслугі не трэба траціць бюджэтныя грошы. Задача дзяржавы — будаваць школы і дзіцячыя сады, бальніцы і паліклінікі. Уся астатняя інфраструктура можа фарміравацца за кошт інвестараў, беларускіх ці замежных. Гэта мая стратэгія. 

— А калі звярнуцца да буйных інвестыцыйных праектаў, як, напрыклад, горадаўтваральнае прадпрыемства «Гродна Азот»? Конкурс па продажу акцый не адбыўся. Эксперты, аналізуючы інвестыцыйны клімат Беларусі, кажуць, што адна з прычын нізкай зацікаўленасці бізнэсу — высокі кошт праектаў і звышнагрузка на інвестараў у выглядзе сацыяльных аб’ектаў, якія знаходзяцца на балансе дзяржаўнага прадпрыемства. Што вы думаеце на гэты конт? 

— Я прытрымліваюся той пазіцыі, што ўсёй непрамысловай сферай павінен займацца бюджэт. І я згодны, што прадпрыемствы павінны займацца вытворчасцю, а не цягнуць баласт… Задача «Гродна Азота» — выпускаць угнаенні і плаціць падаткі. А мы на гэтыя грошы павінны ўтрымліваць структуры. Сёлета перадалі пяць інтэрнатаў і чатыры дзіцячыя садкі на баланс горада. Летась — паліклініку «Гродна Азота». Такую палітыку падзяляе і Гродзенскі аблвыканкам. Што тычыцца продажу акцый «Гродна Азота», то, наколькі мне вядома, на прапанову інвестара дырэктар прадпрыемства адказаў: «Я з такімі ўмовамі сам з завода зраблю цацку». Таму тут пытанне, ці патрэбны такі інвестар. 

— Я б хацела перайсці да сферы адукацыі. Наколькі мне вядома, у Гродне востра стаіць праблема з беларускамоўным навучаннем у садах і школах… 

— Калі была б праблема, на працягу двух месяцаў да мяне прыйшлі б і пра гэта сказалі. Напрыклад, пытанне са школай у мікрараёне Вішнявец мы вырашылі. Прэм’ер-міністр даў загад, і сёння будаўнікі працуюць на аб’екце.

— Але маё пытанне закранае не інфраструктурную праблему. Вельмі прыкра, што ў горадзе, як вы адзначылі, гістарычным, каралеўскім і, я б яшчэ дадала, прабеларускім, фактычна не засталося навучання па-беларуску. 

— Я не гатовы на сёння адказаць на гэтае пытанне. 

— Давайце тады пагаворым пра яшчэ адну праблему ў горадзе — кіёскі «Тытунь», якія з’явіліся на прыпынках грамадскага транспарту. У інтэрнэце вельмі шмат нараканняў. Цыгарэты па-ранейшаму прадаюць у крамах, а цяпер яшчэ і на прыпынках. Як усталяванне такіх аб’ектаў стасуецца з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя і колькі яшчэ ў горадзе з’явіцца кіёскаў з тытунём? 

— Праграма размяшчэння гэтых кіёскаў была прадугледжана летась. Частка з’явілася год таму, частка сёлета. Але ў далейшым іх размяшчэнне не прадугледжваецца. Я асабіста не палю, як і трое маіх сыноў. 

— Яшчэ адна шкодная звычка ператварылася ў цэлую праблему, прычым не толькі для Гродна, але і для ўсё краіны. Я маю на ўвазе алкагалізм. Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў, 100% забойстваў на Гродзеншчыне здзейснена ў стане алкагольнага ап’янення. Як можна вырашыць гэтую праблему? 

— Тыя забарончыя меры, якія прымаюць некаторыя раёны Гродзенскай вобласці, — забарона продажу пладова-ягадных вінаў, абмежавання часу продажу алкаголя, напэўна, не дадуць таго станоўчага выніку, якога мы хочам. 

— Тады якім чынам супрацьстаяць? 

— Алкаголь жа прадаецца ва ўсіх краінах свету… 

— Але цэны на алкаголь розныя. 

— Вядома ж, у першую чаргу можна паўплываць цэнамі. Другое — даступнасць алкаголя. У невялікіх крамах крокавай дасяжнасці няма патрэбы прадаваць алкаголь. Павінны быць асобныя кропкі. Але проста забараняць продаж алкаголя немэтазгодна. З’яўляюцца «туры» ў іншыя раёны — хто на веласіпедзе, хто на кані едзе за танным віном. Я калісьці яшчэ выкарыстоўваў прафілактычныя меры — сустрэчы з працоўнымі калектывамі ў прысутнасці ксяндза і бацюшкі, прадстаўнікоў «Ананімных алкаголікаў».

— На мінулым тыдні стала вядома, што на працоўным месцы былі затрыманыя два чыноўнікі Гродзенскага гарвыканкама. Іх падазраюць у атрыманні хабару. Ці вядомыя нейкія падрабязнасці? 

— Я пакуль устрымаюся ад каментароў, паколькі справаю займаецца Следчы камітэт. Адзначу толькі, што адзін з супрацоўнікаў вызвалены ад займанай пасады. Наконт другога рашэнне пакуль не прынятае, паколькі ідуць следча-аператыўныя мерапрыемствы. 

— Апошнім часам усё часцей стала з’яўляцца інфармацыя пра падобныя выпадкі. Выглядае, што праваахоўныя ворганы сур’ёзна ўзяліся за такія справы. На ваш погляд, як можна стрымаць карупцыю ў Беларусі? 

— Я зараз чытаю кнігу «З трэцяга свету ў першы» былога прэм’ер-міністра Сінгапура Лі Куан Ю. У Сінгапуры, як вядома, карупцыя была вынішчана. Для чыноўніка майго рангу вельмі важна азнаёміцца з такімі выданнямі. Як толькі яго прачытаю, дам дадатковы каментар па гэтай тэме. 

— Гэта сапраўды выдатная кніга. Але дазвольце ўдакладніць. Многія эксперты кажуць, што перамагчы карупцыю немагчыма без адкрытасці і падсправаздачнасці чыноўнікаў. У суседніх краінах — Польшчы, Літве — грамадзяне могуць без праблем атрымаць поўную інфармацыю пра заробкі і маёмасць чыноўнікаў. У Беларусі чамусьці гэта інфармацыя закрытая. На ваш погляд, ці варта нашым дзяржслужачым паказаць свае даходы народу? 

— Зараз ідзе абмеркаванне закона аб прадухіленні карупцыі, таму вы можаце накіраваць сваю прапанову… 

— Такая прапанова ўжо накіроўвалася. Але асабіста вы маглі б агучыць, які ў вас заробак? 

— Я абсалютна нармальна да гэтага стаўлюся. Я пабудаваў дом у Смаргоні. Узяў крэдыт на 40 год пад 1%. Такі быў крэдыт, якім карысталіся практычна ўсе жыхары Смаргоні. Мой заробак — 14 млн. рублёў у месяц. Працую я без выхадных. На першы погляд, праца старшыні можа быць незаўважнай. Але калі бачыш поспехі ў адукацыі, медыцыне, калі паступае менш скаргаў, думаеш: і мая заслуга ў гэтым ёсць… 

— А ваша сям’я? 

— Малодшы сын пераехаў са мной у Гродна, а старэйшыя засталіся ў Смаргоні. Абодва скончылі Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Адзін працуе ў сістэме міжрайгаза, другі — інжынерам-механікам на «Смаргонскіх малочных прадуктах».

— Апошняе пытанне, яго прасілі задаць гродзенцы. Вельмі доўга абмяркоўваецца стварэнне вуліцы імя Васіля Быкава. Было вельмі шмат зваротаў і просьбаў… 

— Рашэнне па гэтым пытанні прынятае. Вуліца імя Васіля Быкава з’явіцца ў новым мікрараёне Альшанка. Там жа будуць пабудаваныя царква і касцёл.

* * *

Даведка

Мечыслаў Гой нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Шловенцы Воранаўскага раёна. Скончыў Беларускі інстытут механізацыі (1989), Акадэмію кіравання пры прэзідэнце (2004). Працаваў галоўным інжынерам ў калгасе імя Леніна, пазней узначальваў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Агра-правожа». У 2004 годзе прызначаны старшынём Смаргонскага райвынканкама, у 2014 — старшынём Гродзенскага гарвыканкама. Жанаты, мае трох сыноў. Па веравызнанні — каталік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?