У чацвер з фракцыі крайніх правых у Еўрапейскім парламенце, EFDD (Еўропа за свабоду і прамую дэмакратыю), выйшла прадстаўніца Латвіі. Яе выхад азначае, што група EFDD павінна спыніць сваё існаванне.

Аб выхадзе латвійскай дэпутаткі Іветы Грыгул з EFDD абвясціў прэзідэнт Еўрапейскага парламента Марцін Шульц. Брусельскае выданне European voice нагадвае, што гэта цягне за сабой ліквідацыю групы, паколькі цяпер група не адпавядае патрабаванням ЕП.

У групу EFDD уваходзяць радыкальныя правыя партыі, пераважная большасць якіх трапіла ў ЕП ўпершыню. Група галасавала супраць ратыфікацыі Пагаднення аб асацыяцыі з Украінай, а яе прадстаўнікі не хаваюць сваёй лаяльнасці да Крамля.

Лідар групы Найджэл Фарадж называў Пуціна «лідарам, які выклікае захапленне».

Усе члены групы з'яўляюцца «еўраскептыкамі», пераважная большасць выказваецца за выхад іх краіны з ЕС.

Па рэгламенце ЕП палітычныя групы (фракцыі) павінны складацца з як мінімум 25 дэпутатаў, якія прадстаўляюць як мінімум 8 краін ЕС. EFDD да гэтага часу адпавядае першаму крытэрыю, у ёй засталося 48 сяброў (усяго ў ЕП 751 дэпутат). У той жа час, лік прадстаўленых краін зменшыўся да 7.

У выпадку, калі EFDD не вырашыць праблему ў кароткі тэрмін, яна будзе ліквідаваная, а рэгламентныя паўнамоцтвы «сяброў Пуціна» ў Еўрапарламенце паменшацца.

BBC адзначае, што прычыны выхаду Грыгул з групы дакладна невядомыя. Між тым, дэпутаты ЕП ўжо назвалі гэту падзею «паразай еўраскептыкаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?