Сёньня ў Вашынгтоне тамтэйшыя экспэрты прэзэнтуюць даклад "Альтэрнатыўныя сцэнары будучыні Расеі". Самы эпатажны варыянт у Эндру Качынса: "Расея і сьвет будуць узрушаныя забойствам Уладзімера Пуціна на выхадзе з храму Хрыста Збаўцы пасьля ўсяночнай 7 студзеня 2008 году".

Далей Качынс прадракае забурэньні, надзвычайнае становішча, умацаваньне клану сілавікоў, рост нацыяналізму, расстрэл страйку нафтавікоў, сьмяротныя прысуды Матвіенцы і Лужкову (!) — карацей, поўны кашмар!

Дай бог здароўя пералічаным асобам, але ж калі адкінуць долю эпатажу, то намаляваны сцэнар наўрад ці назавеш неймаверным.

Усе імпэрыі хісткія. Ці прадбачыла Расея стагодзьдзе таму, што на парозе ўжо бальшавіцкі пераварот і крывавая грамадзянская вайна? А ці шмат хто падчас брэжнеўскага застою меркаваў, што Савецкі Саюз абрынецца, як гэта адбылося ў 1991-м?

Сёньняшнюю Расею сілкуе адно што "энэргетычны напой". На вар'яцкай нафтагазавай кан'юнктуры робіць калясальныя грошы вузкае кола асобаў. Астатнім перападае хіба каліва. Пра сапраўдную мадэрнізацыю эканомікі, здаецца, ніхто ня дбае. Але ж да пары збан ваду носіць.

Расея, гэтае шматковае поліэтнічнае і поліканфэсыйнае ўтварэньне з карумпаванай уладай, можа паехаць па швох калі заўгодна. Выглядае на тое, што і цягам цяперашняй апэрацыі "Пераемнік", хаця нібыта ўсё і схоплена, на душы ў крамлёўцаў не зусім спакойна. Гэта можа адбіцца і на тактыцы перамоваў Пуціна з Лукашэнкам.

Спалучэньнем шантажу і дробных саступак Крэмль хацеў бы зараз, калі ягоныя коні на пераправе, нэўтралізаваць палітычны імпэт беларускага кіраўніка. Бо яшчэ накаркае той Качынс… Лукашэнка ж — фігура, здольная маланкава згуляць на сытуацыі, варта толькі ў Расеі заварыцца якой кашы. Менавіта таму, дарэчы, вэрсыя, што Масква прапануе яму нейкую сталую пасаду ў аб'яднанай дзяржаве, выглядае малаймавернай.

Брутальны жа разгон учорашняй акцыі пратэсту, прымеркаванай да вызыту Пуціна, наўрад ці можна трактаваць найперш як жаданьне лінуць бальзаму на сэрца госьцю. Гэта хутчэй мэсыдж палітычна няўрымсьлівым суграмадзянам. А то пасьля восеньскіх маршаў іх мо' ўжо эўфарыя апанавала. Загаманілі: во, табу з Кастрычніцкага пляцу зьнятае! Дык вось хай ведаюць, хто ў хаце гаспадар!

Відавочна, што ня хочацца саступаць ні каліва ні Маскве, ні Захаду, ні грамадзянскай супольнасьці. Але ж трымаць адразу тры франты нерэальна. І крый божа, каб абрынуўся ўсходні фронт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?