30.10.2014 / 10:37

Тут нарадзіўся першы прэзідэнт. Але не Лукашэнка. Рэпартаж з беларускай радзімы Хаіма Вейцмана 8

 

Хаім і Вера Вейцманы.

Парадокс: у нашай краіне нарадзіўся толькі адзін беларускі прэзідэнт, а вось Ізраіль атрымаў у тры разы больш. Між іншым, і першага. «Наша Ніва» пабывала на радзіме Хаіма Вейцмана ў Моталі напярэдадні яго 140-годдзя.

Моталь знаходзіцца ў Іванаўскім раёне. Хаця самі месцічы кажуць па-іншаму — Янава. Вейцман нарадзіўся тут 27 лістапада 1874.

Пра такога ўраджэнца мястэчка стала вядома ўжо ў наш час. Хаця тады, за Саветамі, каму трэба, той ведаў. А калі хто з вяскоўцаў і чуў пра першага прэзідэнта Ізраіля, то наўрад ці надаваў гэтаму якую ўвагу.

Падчас вайны амаль усіх мотальскіх яўрэяў расстралялі нацысты. А ўратаваныя ў мястэчка ўжо не вярнуліся. Так сувязь паміж двума народамі тут абарвалася на дзесяцігоддзі.

«Сям’я Вейцманаў жыла ў самым цэнтры мястэчка. Усяго было народжана 15 дзяцей, але толькі дзевяць выжылі. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Хаім быў трэцім па ліку дзіцём,

— расказвае Марыя Ксёнда, галоўны захавальнік фондаў Мотальскага музея народнай творчасці. — Тут былі дзве сінагогі і хедар (яўрэйская школа). У Хаіма з маленькага ўзросту былі здольнасці да навукі. І яго ў 11 гадоў бацькі адправілі вучыцца ў Пінскае рэальнае вучылішча. Пакуль там вучыўся, прыязджаў у Моталь. А праз тры гады і ўся сям’я пераехала ў Пінск. Затым усе перабраліся ў Заходнюю Еўропу. У 24 гадоў Хаім стаў доктарам хімічных навук — гэта вялікі вучоны».

Бацька Хаіма, Эўзар, быў адукаваным чалавекам. Займаўся лесагандлем. Па Дняпроўскім канале, па Мухаўцы, па Вісле сплаўляў лес. Не сам, зразумела, а наймаў людзей. Маці, Рахель, выхоўвала дзяцей — сям’я ж была вялікая.

Пасля Пінска Хаім навуку спасцігаў у Нямеччыне, Швейцарыі. Там і далучыўся да сіянісцкага руху. Ён выступаў за стварэнне яўрэйскай дзяржавы на «зямлі абяцанай», а не на тэрыторыі сучаснай Кеніі ў Афрыцы — «план Уганды». Да 1918 года ён стаў адным з найпапулярных лідараў сіянісцкага руху. Працягваў займацца і навукай.

Ён прыняў удзел у стварэнні бяздымнага пораху, штучнай гумы, высокаактанавага паліва…

 

Разам з Эйнтштэйнам.

У 1948 годзе Вейцмана абралі кіраўніком Сусветнай дзяржаўнай рады Ізраіля, а з лютага 1949 Кнесэт зацвердзіў яго першым прэзідэнтам краіны. Але Вейцман часта хварэў. Ад працяглай хваробы ён і памёр 9 лістапада 1952, праз год пасля пераабрання на другі прэзідэнцкі тэрмін.

«Да нас яўрэі часта прыязджаюць, падтрымліваюць з намі сувязі, шануюць памяць пра радзіму першага прэзідэнта Ізраіля», — адзначае Марыя Ксёнда. Хаця асобнага стэнда пра Вейцмана тут няма: скіраванасць у музея іншая.

У 1999 сюды прыязджала афіцыйная дэлегацыя на чале з кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Ізраіля Ар’е Шомерам. Была тады і пляменніца Вейцмана Міхаль Брэнер. Праўда, на тым кантакты са сваякамі пачаліся і скончыліся.

 

«Так і напішыце!»

У Моталі захаваўся дом Вейцманаў. Цяпер ён знаходзіцца на вуліцы Лазневай, 1. Там гаспадарыць баба Хрысця. Але гаспадарыць — гучна сказана: трымае ключ і адмыкае дзверы для цікаўных.

 

«Што тут — нічога няма. Купіў гэту хату і нічога не зрабіў»,

— гэта баба Хрысця з папрокам да кіраўніка аналітычнага цэнтра Ecoom Сяргея Мусіенкі. Ён набыў дом, каб адрэстаўраваць і стварыць музей. Пакуль, праўда, праца не пачалася.

Бабця Хрысця з 1935 года. Яўрэяў памятае з дзяцінства. А вось пра Вейцмана загаварылі мо толькі ў 1990-х. Тады адшукалі і яго дом. Аказалася, што проста ў суседнім з ёй двары.

«Я добра яўрэяў памятаю: я жыла каля іх. Мае бацька і дзядуля былі рыбакамі. А яўрэі ж гандлявалі. І бацька рыбу ім у крамы аддаваў. То мы вельмі сябравалі. А ідзем з бабуляй да царквы ці яшчэ куды, а яны: «Тэкля (да бабулі), зайдзі». — «Адчапіцеся, у мяне няма грошай». А ў вайну сям’я яўрэйскага хлопчыка хавала ў сябе. «Баба ўсё ў хлеў нясе місу. Я кажу: «Баба, што ты тут нейкую ежу носіш?» — «Гэта я свінням нашу». — «Свінням у вядры носяць». Пабыў ён у нас, а пасля бацька яго ў партызаны завёз. А дзе ён падзеўся, Гасподзь яго знае».

 

Баба Хрысця.

«Пасля вайны ў хаце быў дзетдом (яна стаяла ў цэнтры, дзе цяпер кафэ). А пасля дзетдом расфарміравалі, і дырэктар хату сюды перавёз. Ажаніўся і застаўся жыць. І вось такую частку адкінуў, — баба Хрысця паказвае на фота на сцяне — на ім дом Вейцманаў значна большы. — Навошта ж такі дом для жыцця? Ён і так бы казарма».

 Так дом Вейцманаў выглядаў да вайны.

А стаяў ён на месцы кавярні.

Пасля ў ім жыла жанчына. І ўжо ў наш час у яе дом выкупіў Сяргей Мусіенка. Былая гаспадыня была моцна задаволеная з той угоды: новы дом купіла і дзецям дапамагла.

Памеры дома вялікія нават у такім, «скарочаным», выглядзе. Чатыры пакоі. Высокія столі, масіўныя дзверы, печка…

«У нас таксама столь высокая — метры 3, а тут мо 3,20. Гэтыя дошкі (на падлозе) — яшчэ з тых часоў. Дом з дрэва з Белавежскай пушчы будавалі», — расказвае жанчына.

У чатырох пакоях амаль няма экспанатаў. У адным стаяць ложак і шафа. Бабця кажа, што гэта мэбля з яўрэйскіх хат. Але не Вейцманава. На сценах — копіі фотаздымкаў першага прэзідэнта Ізраіля.

«Я ўсім кажу: памажыце яму (Мусіенку). Нічога няма ў доме — смех людскі. Праўду пішыце, што тут нічога няма. Ганьба!» — пад канец «экскурсіі» выдаве бабця Хрысця.

 

«Галоўнае захаваць…»

 

— Я і набываўся для таго, каб зрабіць музейны комплекс. Але гэта ж вёска — там няма такой плыні турыстаў, — расказаў Сяргей Мусіенка. — Праца вядзецца, каб удыхнуць жыццё ў праект. Цэлы цыкл мерапрыемстваў плануецца пачаць з 27 лістапада, якія будуць доўжыцца да «Мотальскіх прысмакаў» у жніўні 2015.

Мусіенка адзначыў, што ў працы дапамагае ізраільскі бок. Праўда, гаворка ідзе не пра звычайную музеефікацыю, а шэраг праектаў. Хацелі б наладзіць абмен з ізраільскімі студэнтамі. А пакуль збіраюць экспанаты.

— Перадаюць прадметы, нават з ЗША. Усё гэта абрастае добрым напаўненнем. Перадалі аўтабіяграфію Вейцмана з аўтографам Шымона Перэса [ураджэнец валожынскага Вішнева, дзявяты прэзідэнт Ізраіля] З польскімі рэстаўратарамі дамова ёсць, каб захаваць гэты дом, — тлумачыць Мусіенка. Аднаўляць яго ў першапачатковым выглядзе не збіраецца. — Пры аднаўленні адкінутай часткі дома гэта будзе новабуд. І тады ён выходзіць за межы двара. Галоўнае — захаваць тое, што ёсць.

 ***

Яшчэ адным ураджэнцам Беларусі, пасёлак Мір, які заняў крэсла прэзідэнта Ізраіля, быў Залман Шазар (трэці па ліку). А сёмы прэзідэнт Ізраіля, Эзар Вейцман, быў пляменнікам Хаіма Вейцмана. Праўда, нарадзіўся ён у Тэль-Авіве.

Сяргей Макарэвіч, Моталь—Мінск

0
Анатоль Сідарэвіч / Адказаць
30.10.2014 / 11:36
Хвайная жыдовачка гэтая Вера Вейцман!
0
зьмітрок / Адказаць
30.10.2014 / 14:57
а слоўнік кажа, што: обетованная земля — запаветная зямля (не абяцаная)
0
партызанскімі сцежкамі / Адказаць
30.10.2014 / 15:48
да ужж.. [не скажу родзіць)] -гадуе зямля беларуская.. але ці не хопіць ужо мецэнацтва? хватит чужих.. пара своих растит)
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру