Старшыня Еўрарады Херман ван Рампей паведаміў, што ўдзельнікі сустрэчы ў Мілане, у тым ліку Уладзімір Пуцін і Пятро Парашэнка, выказаліся за неабходнасць выканання Мінскіх дамоўленасцей.

«Канфлікт ва Украіне пакуль не знайшоў палітычнага рашэння», — сказаў ён на прэс-канферэнцыі па выніках форуму «Азія-Еўропа» (АСЕМ) у Мілане.

Рампей таксама сцвярджае, што Пуцін даў зразумець, што ён супраць замарожвання канфлікту на ўсходзе Украіны і лічыць Данбас украінскай тэрыторыяй.

«І хоць ёсць розныя пункты гледжання па гэтай праблеме, і сустрэчы па гэтым пытанні будуць працягвацца, важна падкрэсліць, што спадар Пуцін даў выразна зразумець, што ён не зацікаўлены ў замарожаным канфлікце ва Украіне, і што Данбас з'яўляецца неад'емнай часткай Украіны», — сказаў ён.

У сваю чаргу старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу адзначыў, што ў ходзе сустрэчы ўдзельнікі таксама дамовіліся, што ўжо ў пятніцу на ўзроўні экспертаў пачнуцца сустрэчы паміж Украінай, Расіяй і ЕК. Такія сустрэчы працягнуцца на наступным тыдні, у тым ліку і па пытаннях энергетыкі.

«Адносіны паміж Украінай і Расіяй вельмі адбіваюцца на Еўропе», — дадаў ён.

Акрамя таго, па словах Барозу, ЕС гатовы разглядаць пытанне павелічэння фінансавай дапамогі Украіне, пра што напярэдадні ў Мілане вялася гаворка з Парашэнкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?