Непрыкметная тонкая кніжка ў карычневай цвёрдай вокладцы. «200 тысяч», – адзіны прадавец, у якога ў кніжным павільёне на вуліцы Янкі Купалы можна знайсці штосьці па гісторыі Беларусі, называе кошт. Сума сур’ёзная, гэта ж не тоўстая біяграфія Джобса. Але цікавасць да гісторыі, якая ўзмацнілася ў сувязі з украінскімі падзеямі, дазваляе развітацца з грашыма адносна лёгка.

Здаецца, цікавасць узмацнілася не толькі ў мяне. Знаёмыя ў Facebook (прадстаўнікі спартовай сферы) спрачаюцца пра месца беларусаў у ВКЛ, сябар купляе сярэднявечную мапу княства і вешае яе на сцяну офіса, нават улада раптам узгадвае пра беларускую мову. Здаецца, гэта такі адваротны рух адносна георгіеўскіх стужак – ведаць і памятаць, хто мы такія.

Матыў майго інтарэсу да гісторыі – страх. Страшна за суседзяў-украінцаў і страшна, што гэта можа здарыцца з намі. Страшна, што «рускі свет» можа заявіць свае правы і на Беларусь. Таму зноў і зноў пераконваеш сябе, што мы – не яны. Што калі мы і маем дачыненне да гэтага свету, то прымусовае, гвалтоўнае.

Кніга, якую я набыў, – «Невядомая вайна» Генадзя Сагановіча. Пасля яе, гэтай вайны, на тэрыторыі Беларусі засталося менш за палову насельніцтва. Куды ўсе падзеліся? Каго забілі, каго павялі ў палон. Супернік – Маскоўская дзяржава. Час дзеі – сярэдзіна XVII стагоддзя. Кніга выдадзеная яшчэ ў 1995-м. Цяпер такія не выдаюць. Гэта чытво – не для таго, каб некага ненавідзець. Проста яно дапамагае трымаць дыстанцыю ад няпрошаных «брацкіх» абдымкаў і дакучлівай «брацкай» рыторыкі (мы са сваім братам асабліва не абдымаемся ды не нагадваем пастаянна адзін аднаму, што мы браты – навошта гэты заклён?).

Нашы продкі шмат з кім ваявалі. Не толькі з Масквой. Але помнік у Віцебску мы ставім князю Альгерду, які хадзіў на маскавітаў. Пра перамогу гетмана Астрожскага гаворым часцей, чым пра Грунвальд.

Падчас экскурсіі ў полацкую Сафію вам абавязкова раскажуць, як пасля Паўночнай вайны ад храма засталася толькі адна арыгінальная сцяна – гэта войскі Пятра (што захапілі горад) няўдала складавалі порах. Калі згадваем Суворава, то не толькі яго альпійскі пераход, але і задушанае паўстанне Касцюшкі.

Тое, што суседзі не ўвесь час жылі душа ў душу, – справа для гісторыі звычайная. Англічане і шатландцы заўзята рэзалі адзін аднаго цягам стагоддзяў, а цяпер ужо не хочуць разыходзіцца і быць паасобку. Супярэчнасці паміж народамі збольшага ўдалося пераадолець. Магчыма, таму, што ў іх сумеснай гісторыі было не толькі гора, але і нейкая радасць.

Беларуская прысутнасць у «рускім свеце» мне падаецца шляхам няўдач і пакут.

Прыгонніцтва, якога не было ў ВКЛ, русіфікацыя пасля паўстанняў, дзве сусветныя вайны, таталітарызм і рэпрэсіі, балючая для многіх перабудова – гэты шлях беларусы прайшлі разам з рускімі. Так, тут можна знайсці пэўную горкую веліч, але з гэтага сумеснага суседскага запою ўрэшце хочацца выйсці. І паспрабаваць жыць без трэшу і ўгару. Ці не? Тады давайце сходзім па дагонку і адновім імперыю.

Мне цяжка быць аб’ектыўным, бо далей за Магілёў на ўсход я ніколі не прасоўваўся. Чамусьці ў дачыненні Расіі ў мяне не ўзнікала ніякіх турыстычных памкненняў. Адносна Кіева і Львова – так, Вільні і Кракава – таксама. А вось Масква і Піцер – гэта хутчэй варыянт для заробкаў, чым для вандровак, тым больш рэгулярных. І сярод маіх знаёмых амаль няма людзей, хто матаецца ў Маскву на выходныя.

Маё ўяўленне пра Расію – выключна тэлевізійнае. Магчыма, праз гэта туды і не хочацца ехаць.

Часам здаецца, што наша ўсходняя суседка – адна з нешматлікіх краін у свеце, якая можа не баяцца, што нечая прапаганда папсуе яе імідж. Расійскае ТБ само з гэтым выдатна спраўляецца. Навіны з Расіі – гэта насычаны блокбастар, на фоне якога нават стужкі з удзелам Стэтхэма выглядаюць прэсна.

Прэзідэнт Чачні прызнаецца журналісту дзяржканала, што можа яго забіць проста так, бо любіць вайну. Міністр абароны Расіі з каханкай трапляюцца на махінацыях, і ім за гэта нічога няма (каханка раптам занялася творчасцю ды пачала пісаць карціны і вершы). Схемы алімпійскіх распілаў выкладаюцца з імёнамі і лічбамі – ніякай рэакцыі.

Забойствы, тэрарысты, бандзюкі, паліцэйскае бязмежжа, нацыяналісты і міжнацыянальныя канфлікты – тэмы для суседскіх навін звычайныя. Маштабы Расіі дазваляюць паблажліва глядзець на чалавечыя трагедыі. Сёння здарылася адна, заўтра будзе другая. Няма часу і магчымасці падоўгу перажываць. Мяне ўражвае канал «Еўраньюс», які ўсё распавядае і распавядае пра крушэнне Costa Concordia. У выніку таго, што на пачатку 2012 года круізны лайнер сеў на мель, загінула 30 чалавек – па расійскіх мерках лічба не ўражвае. А колькі разоў за апошнія месяцы вы чулі па суседскім ТБ згадкі пра «Булгарыю»? Гэты параход перакуліўся за паўгода да Costa Concordia, і загінула тады 122 чалавекі. Было – і сплыло.

І, вядома, Украіна. Калі старэйшы «брат» душыць «сярэдняга», «малодшаму» цяжка заставацца абыякавым. У такім «брацтве» (нават калі хтосьці яшчэ ў яго верыць) ёсць нешта Каінава.

Цяпер для мяне кожны перасяленец з Расіі – патэнцыйны сепаратыст і апалчэнец (а хто першым пачне крычаць, калі – чаго толькі ў свеце не бывае – белмову захочуць зрабіць адзінай афіцыйнай?). Кожны сілавік з расійскімі каранямі на адказнай пасадзе ў Беларусі – патэнцыйны здраднік (а хто «зліваў» украінцаў, калі пачалася буча на Данбасе?). Няма мяжы з Расіяй? Жах. Расійская ваенная авіябаза пад Лідай? Вашу ж маці, у Крыме таксама спачатку была проста база расійскага флоту. Магчыма, гэта нейкая фобія або нявартая баязлівасць, але мяжу хочацца добра ўмацаваць. Ветлівых ваяк з-пад Ліды адправіць дадому з усімі іхнімі прычындаламі. Усіх чыноўнікаў (не толькі з расійскімі каранямі) – праверыць на дэтэктары ілжы. Не на тое, бяруць яны хабары ці не, а на адданасць сваёй краіне, на гатоўнасць яе абараняць ці хаця б не здрадзіць у важны момант.

Ад расійскіх абдымкаў ужо пацярпелі Грузія і Малдова. Цяпер трашчаць косці ўкраінцаў.

Гэты хрумст зноў і зноў нагадвае, як хутка цэлы народ з «брацкага» ператвараецца ў «фашысцкі».

Дастаткова ўсяго пары тыдняў, каб для агромністай краіны «хахлы» зрабіліся «бандэраўцамі». І большасць расіян, калі меркаваць з апытанняў, гэта не надта здзівіла або засмуціла. Цікава, як доўга пратрымаецца «бульбаш», калі сусед абдыме яго? Колькі часу спатрэбіцца, каб у масавай расійскай свядомасці ператварыць «рахманага беларуса» ў «прыхвасня-паліцая»?

Наступная кніга, якую я набуду, – ілюстраваная гісторыя ВКЛ Уладзіміра Арлова. Ні жонка, ні кошт 350 тысяч рублёў мяне не спыняць. У гэтай кнізе я буду шукаць прыклады, дзе нашым продкам нічога не свяціла. Але, нягледзячы на гэта, яны перамагалі ды ішлі далей. З такімі прыкладамі сёння жыць спакайней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?