Праз паўгода ў Беларусі пачнуць дзейнічаць ліміты на разлікі наяўнымі. Пакупкі і паслугі, якія апынуцца даражэйшымі за 1000 базавых велічынь (сёння гэта 150 мільёнаў рублёў), можна будзе аплаціць толькі з дапамогай банкаўскай карткі.

Адпаведны ўказ 16 кастрычніка падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Сёння дакумент афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

З устаноўленага правіла ёсць толькі адно выключэнне. Абмежаванне не распаўсюджваецца на плацяжы фізічных асоб за тавары, работы ці паслугі, якія праводзяцца за наяўны разлік непасрэдна ў касах банкаў для залічэння на рахункі юрыдычных асоб і прадпрымальнікаў.

Сёння, каб стымуляваць кліентаў разлічвацца «пластыкам», банкі прапануюць розныя праграмы лаяльнасці. Адна з іх — кэшбэк, калі частка кошту пакупкі, аплочанай па карце, вяртаецца назад на рахунак. Як прапісана ва ўказе, да 1 студзеня 2017 года такі даход не будзе абкладацца падаткам. Праўда, калі бонус не перавышае двух адсоткаў.

Дакументам таксама прадугледжана, што сумы грашовых сродкаў, выкрадзеныя ў фізічных асоб з рахункаў (да якіх выпушчаныя ў абарачэнне аплатныя карткі) і ў наступным вернутыя ім банкамі, не прызнаюцца аб'ектам падаткаабкладання.

Сёння доля безнаяўных плацяжоў у Беларусі складае 25%. Мэта ўказа — павялічыць дадзены паказчык.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?