Павінны застацца – Мілінкевіч і Казулін. Але павінна адбыцца ратацыя на чале апазыцыйных сілаў. І галоўнае – калі б Лукашэнка паспрабаваў дзеля захаваньня сувэрэнітэту Беларусі ўступіць у перамовы з Захадам, апазыцыя не павінна замінаць яму гэта рабіць. Мяркуе Аляксандар Фядута.

Гэтыя нататкі – абяцаньне, дадзенае аўтарам рэдактару газэты «Наша Ніва» яшчэ даўно. Аўтар не зьбіраўся рабіць іх. Але спадар рэдактар, які надрукаваў мой «Ліст да Кангрэсу» ў кастрычніку 2005 г., узяў зь мяне слова, што я буду адказваць па сфармуляваных у гэтым лісьце тэзах і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў – калі я перакананы ў сваёй праваце.

На няшчасьце, я перакананы ў сваёй праваце больш, чым калі-небудзь. Таму замест чарговай рэцэнзіі паэтычны аглядальнік «НН» ізноў змушаны пісаць тэкст у якасьці аглядальніка палітычнага. Гэты тэкст адначасова друкуецца на сайце «Наше мнение».

19 сакавіка назаўсёды застанецца ня толькі ў найноўшай беларускай гісторыі, але і ў гісторыі многіх удзельнікаў палітычнага працэсу як дзень вялікай нечаканасьці. Дзень, да якога былі негатовымі ўсе.

Менавіта таму варта паспрабаваць адказаць на тыя вечныя інтэлігенцкія пытаньні, зьвязаныя з гэтым днём, каб вырашыць – для саміх сябе – куды рухаецца наш карабель і мы – на ім і разам зь ім, пакуль не кіруючы працэсамі, але ўжо ў стане ўплываць на курс капітана.

Пытаньняў усяго тры.

1. Хто вінаваты?

Гэта ўжо ня грае аніякае ролі. Задаваць пытаньне няма сэнсу, бо вядомы адказ на яго. Вінаватыя – усе, кожны па-свойму.

Акрамя моладзі. Той моладзі, якая знайшла ў сабе моц супрацьстаяць беспрадзелу ўлады і безначальлю апазыцыі.

На тым і вырашым.

2. Быць ці ня быць?

Пытаньне, прыцягнутае зусім не за вушы. Гэта менавіта тое пытаньне, якое паўстала перад капітанам беларускага дзяржаўнага карабля 19 сакавіка – і на якое ў яго сёньня няма выразнага і адназначнага адказу.

Да 19 сакавіка Аляксандар Лукашэнка быў перакананы: гэтымі выбарамі ўсё сканчаецца. З-за гэтага намаляваўся такі злавесна непраўдападобны вынік: маўляў, грохнем апанэнтаў па галаве лічбай, і яны адчэпяцца ад нас уражаныя.

Высьветлілася: усё толькі пачынаецца. Так, 19 сакавіка народу выйшла на плошчу далёка ня досыць, каб зрушыць асновы, мякка выражаючыся, «палітычнай стабільнасьці». Але досыць, каб астатнія, якія ня выйшлі, зразумелі: нешта ня так у нашай маленькай, але вельмі сувэрэннай дзяржаве. Прычым зразумелі ня толькі ў самой Беларусі, але і за яе межамі. Ужо відавочна, што «беларускае пытаньне» трапіла на парадак дня сусьветных дзяржаваў і рана ці позна націск грамадзкай думкі на іх лідэраў стане такім моцным, што тыя будуць матэрыялізаваць яго ў выглядзе санкцыяў куды больш сур’ёзных, чым абмежаваньні на ўезд у Эўропу трыццаці з гакам беларускіх чыноўнікаў.

Відавочнасьць гэтага ня можа ня мець свайго ўплыву на ўсіх, датычных беларускай палітыкі. У тым ліку – і на яе галоўную дзейную асобу.

Для Аляксандра Лукашэнкі ўсё толькі пачынаецца. 12 гадоў улады можна лічыць другім актам драмы гэтага моцнага чалавека і арыгінальнага палітыка (хто зьбіраецца аспрэчваць – прад’явіце аргумэнты). Пачынаецца трэці акт. Нагадаем, што паводле правілаў драматургіі наперадзе тры акты якраз і застануцца. У канцы ж – сумны фінал?

У героя – некалькі магчымых варыянтаў палітычнага лёсу.

Першы – паспрабаваць пазьбегнуць палітычнай адказнасьці за ўсё, «у чым быў/ня быў вінаваты». Гэта – элемэнтарныя ўцёкі. Але – куды? Куды ўцякаць можна?

Да нядаўняга часу папулярным у колах палітычнага істэблішмэнту лічыўся варыянт, калі Лукашэнка ўцякае ў Расею і прыносіць з сабой у якасьці прыданага беларускую дзяржаўнасьць.

Ня думаю, каб ён абраў менавіта гэта. Аргумэнты простыя. Ён ня верыць Расеі. Ён разумее, што там, у бліжнім Падмаскоўі, на лецішчы, ён усё адно будзе нікому непатрэбным: у вялікую палітыку зганьбаванаму сатрапу (а ў выніку ўцёкаў «з прыданым» ён будзе ўспрымацца расейцамі толькі так, а зусім ня ў якасьці раўнапраўнага лідэра сувэрэннай дзяржавы) вярнуцца не дадуць ніколі. Нарэшце, да 19 – і галоўнае – да 20 сакавіка, да маладзёвага намётавага гарадка – ён мог бы яшчэ паверыць у міт аб беспакаранасьці падобнай ліквідацыі беларускай дзяржаўнасьці. Але пасьля 20 сакавіка Лукашэнка – дапусьцім, што ён гісторык ня толькі паводле дыплёму, але штосьці з нашай нядаўняй мінуўшчыны памятае – напэўнае мусіў бы рэанімаваць у сваёй памяці іншы міт – пра «рэспубліку-партызанку». А калі ўжо гаўляйтэра Кубэ ўзарвалі!..

Да таго ж – ліквідацыя беларускай дзяржаўнасьці раўназначная перакрэсьліваньню ўсяго, што ён сам рабіў да гэтага часу. Самыя зацятыя зь ягоных апанэнтаў вымушаны прызнаць, што ніводнага рэальнага рычага кіраваньня краінай Лукашэнка да гэтага часу не перадаў у рукі расейцам. Гэта прынцыпова істотны момант. Якія б матывы пры гэтым ім ні кіравалі, ён быў і застаецца гарантам беларускай дзяржаўнасьці. І пакаленьне, што супрацьстаіць яму, – нават юныя тэолягі выйшлі на Кастрычніцкую плошчу! – гэта, падобна, улічвае. Невыпадкова найменшую падтрымку сёньня ў выбарца атрымліваюць менавіта тыя кандыдаты, якія найбольш апантана выкарыстоўваюць прарасейскую рыторыку (прычым адчувалася гэта ўжо ў 2001 годзе).

Але і другі варыянт застаецца амаль немагчымым – з уцёкамі не на Ўсход, а на Захад. Да гэтага часу Лукашэнка спрабаваў размаўляць з Захадам з пазыцыі сілы. Маўляў, прыміце мяне чорненькім, а беленькаму вы мне і зусім патрэбныя ня будзеце!

Цяпер усе крыкі пра двайныя стандарты адышлі на другі план. Стандарт – адзін, заходні, дэмакратычны. Прымаеш – ласкава запрашаем. Не прымаеш – зачыняем дзьверы.

І дзьверы ж сапраўды пачынаюць паціху зачыняцца ўсё шчыльней і шчыльней. Не праскочыць.

Адсюль – адчыйны крык аб прагматызьме Захаду беларускага пасла ў Польшчы Паўла Латушкі, маладога хлопца, які разумее галоўнае: яшчэ некалькі такіх «элегантных» і «аглушальных» перамог у стылі спадарыні Ярмошынай, і ўвесь беларускі МЗС будзе проста нікому непатрэбным.

Самае цікавае: Латушка мае рацыю! Захад насамрэч прагматычны, настолькі прагматычны – і цынічны адначасова – што калі іншага спосабу ўзьдзеяньня на нашую сувэрэнную транзытную тэрыторыю апроч як перадаць яе пад палітычную юрысдыкцыю Расеі, ня будзе, то – перададуць! Без задавальненьня, пад гучныя крыкі нашых суседзяў, але – перададуць! Няхай нават насуперак сапраўднай волі яе цяперашняга кіраўніка.

Сытуацыя зьмянілася. Раней, да 19 і 20 сакавіка, Лукашэнка успрымаўся ў якасьці адзінага пераможцы ў беларускім палітычным канфлікце. І ён быў гэтым адзіным пераможцам. Кастрычніцкая плошча ў горадзе-героі Менску 19 і 20 сакавіка стала ягоным Барадзінскім полем. Колькі б ні адступала сёньня апазыцыя, наперадзе нашага Напалеона чакае ягонае ўласнае адступленьне. Занадта далека зайшоў, не пасьпявае кансалідаваць і падцягваць палітычныя рэзэрвы.

Але менавіта таму, што досьвед падказвае – асабісты крах імпэратара абарочваецца крахам і кіраванай ім дзяржавы, менавіта таму мы павінны быць гатовыя да таго, каб гэтага краху не дапусьціць. Іншымі словамі: калі Лукашэнка паспрабуе дзеля захаваньня сувэрэнітэту Беларусі ўступіць у перамовы з Захадам, апазыцыя не павінна замінаць яму гэта рабіць і не павінна напрошвацца ў якасьці «трэцяга лішняга» у гэтыя перамовы. Ад нашага імя будуць гаварыць абодва ўдзельнікі гэтых перамоваў: Лукашэнка – абараняючы дзяржаўнасьць, Захад – абараняючы дэмакратыю. І няхай даюць гарантыі адзін адному – то бок нам, грамадзянскай супольнасьці.

Раней ці пазьней гэта здарыцца. Моладзь на плошчы зрабіла для гэтага ўсё магчымае.

3. Што рабіць?

Ня будзем расьпісваць Лукашэнку, што варта рабіць яму. Жыцьцё падкажа.

Вернемся да апазыцыі.

Я не выпадкова абмовіўся, што да 19 сакавіка былі негатовымі ўсе. Генэралы-рэвалюцыянеры рыхтуюцца да прамінулых рэвалюцыяў, як і генэралы-вайскоўцы – да прамінулых войнаў. Заклінаньнямі сваімі спрабуючы пераканаць усіх вакол у тым, што Майдан у цэнтры Менску магчымы, аніводны з нашых рэвалюцыянераў у яго сам так і не паверыў.

Нагадаю: перад Кангрэсам дэмакратычных сіл я заклікаў нашых партайгеносэ да сумленнасьці. Калі верыце ў перамогу – вазьміце на сябе абавязальніцтва сысьці ў адстаўку ў выпадку паразы.

Што адбылося 19 сакавіка?

Перамога новага палітычнага пакаленьня. Таго, у якое так і не паверылі ідэолягі нашых паразаў.

Таму яны павінны сысьці. Я перакананы ў гэтым яшчэ і таму, што эфэкт ад зьяўленьня перад выбарцамі новых людзей – Мілінкевіча і Казуліна, асабліва Казуліна, – аказаўся значна больш дзейсным, чым эфэкт аб шматгадовай дзейнасьці якога-небудзь Дабравольскага.

Павінна адбыцца пачатая на Кангрэсе зьмена кіраўніцтва беларускай апазыцыі.

Павінны застацца – Мілінкевіч і Казулін.

Мілінкевіч – як рэальны палітык, вядомы па-за межамі Беларусі ў якасьці лідэра большай часткі дэмакратычнага сэктару, які карыстаецца асабістым аўтарытэтам. Як «дырэктар апазыцыі», які калі і не кіруе ёй пэрсанальна, то, прынамсі, прадстаўляе яе на міжнароднай арэне і ўнутры краіны.

Казулін застанецца ў палітыцы ў любым разе. Відаць, пра гэта паклапаціўся Аляксандар Лукашэнка, які ня мае намеру бліжэйшым часам выпускаць спадара прафэсара на альтэрнатыўнае палітычнае поле. І Казулін, які цяпер у зьняволеньні, атрымлівае рэальны шанец ацалець да наступных прэзыдэнцкіх выбараў, як гэта ні цынічна гучыць, – не маргіналізавацца, застацца ў сьвядомасьці выбарцаў моцным чалавекам, які насьмеліўся сказаць праўду ў вочы апошняму дыктатару Эўропы.

Гэта шмат. Аляксандар Уладзіслававіч можа сказаць за гэта дзякуй Аляксандру Рыгоравічу.

Галоўнае: ня даць, каб нашыя «пэнсіянеры-апазыцыянеры» затапталі Мілінкевіча і Казуліна дзеля сваіх асабістых палітычных амбіцыяў, як у 2001 годзе самі ж затапталі Ганчарыка. Пра гэта і павінны паклапаціцца тыя, хто выйшаў на Кастрычніцкую плошчу 19 і – галоўнае! – 20 сакавіка 2006 году.

Зараз гэтая моладзь павінна зьдзейсьніць культурную рэвалюцыю ва ўласных галовах і адкрыць агонь па ўласных партыйных штабах.

Не таму, што гэтыя штабы ў нечым жудасным вінаватыя.

Проста: яны не жадаюць сыходзіць. Яны не жадаюць расчысьціць месца для новых людзей. Яны ня здольныя прывесьці да дапамогі.

Як казаў Казулін у сваім тэлезвароце: «Дзякуй, Аляксандар, ты зрабіў усё, што мог – адпачні!»

Дзякуй, Аляксандар Альгертавіч, Вы зрабілі ўсё, што маглі, – адпачніце!

І астатнія – таксама.

Я разумею, што гэта выкліча крайняе незадавальненьне кіруючай у апазыцыі эліты. Але калі яны так настойліва выступалі супраць «трэцяга тэрміну» для Лукашэнкі, то якое тады ж маральнае права ў іх ёсьць, каб выступаць супраць выкананьня прынцыпу ратацыі ў дэмакратычных партыях? Альбо вы выступаеце за зьмену пакаленьняў па ўсім палітычным полі ў дзяржаве беларускай, альбо спыніце пратэставаць супраць таго, што Лукашэнка столькі гадоў калупае пальцам ва ўласным носе. Стандарты павінны быць адныя і тыя ж – што для ўлады, што для апазыцыі.

Маладая апазыцыя можа і павінна прыдумаць сваю рэвалюцыю. У яе ёсьць для гэтага два гады. Праз два гады на пэнсію павінен сысьці нават Мілінкевіч. Патрэбны будзе іншы твар, больш малады, больш прывабны, больш энэргічны. Патрэбны будзе іншы сымбаль Беларусі. Выйдзе Казулін – будзе Казулін. Не – будзе іншы.

У гэтым – галоўная навука мінулай кампаніі. Народ у роўнай ступені стаміўся і ад твару з вусамі, і ад бязвусых твараў, калі яны тоўпяцца каля палітычнай кармушкі з 1991 г. За пятнаццаць гадоў мы ўсе абрыдлі выбарцам. Нашае пакаленьне павінна сысьці.

Ня хоча нехта – дык віламі яго! Устанавіце намётавы гарадок ля чарговага Палацу Культуры, дзе будзе адбывацца чарговы зьезд – і скідвайце лідэраў, што заседзеліся там.

Дапускаю, што новыя ня будуць лепшыя. Але горш быць цяжка. Таму сыдзем усе разам – і лепш, калі дабраволь... на.

Праграма-мінімум

Ну добра, – запярэчыць мне чытач, – скінулі вы ў дабравольска-прымусовым парадку старых партыйных лідэраў, а што потым?

Не бяруся вучыць маладых. Думаю, яны абыдуцца і без маіх парадаў. Магу толькі адзначыць слушнасьць некаторых ідэяў, што прагучалі 19 – 20 сакавіка.

Меў рацыю Мілінкевіч, калі патрабваў стварэньня шырокага агульнанацыянальнага руху – гэта шанец перафарматаваць нашае палітычнае поле, перайсьці ад малых партыяў да больш моцнай структуры, да таго, чым быў Народны Фронт на пачатку свайго існаваньня.

Меў рацыю Казулін, калі патрабаваў стварэньня пастаянна дзейнага кансультатыўнага органу на парытэтнай аснове, які прадстаўляе штабы абодвух кандыдатаў. Больш прадстаўляць няма каго. Гэта дазволіць разьвязаць рукі і Мілінкевічу, і Казуліну і скараціць працэс прыняцьця рашэньняў да прымальнага часу і колькасьці ўдзельнікаў.

Мела рацыю моладзь, што патрабавала канкрэтных дзеяньняў ад тых, хто лічыў сябе лідэрамі апазыцыі. Ужо сёньня неабходна праграма дзеяньняў – на год, на тры гады і на пяць гадоў. Усе павінны разумець, хто і чым будзе займацца да наступных выбараў. Не інтрыгаваць, а працаваць. Хто ня лічыць сябя ўправе ці ў сілах працаваць у палітыцы, няхай піша рэцэнзіі на паэтычныя зборнікі і друкуе іх у «Нашай Ніве».

Прыклад – ёсьць.