Флот ЗША атрымаў універсальны дэсантны карабель, які стане пачаткам цэлай серыі новых караблёў гэтага класу, паведаміў сайт public.navy.mil.

У адрозненне ад дэсантных «Містраляў», якія будуюцца ў Францыі для Расіі, карабель «Амерыка» можа дзейнічаць не толькі як верталётаносец, але і як лёгкі авіяносец для класічных самалётаў — такіх, напрыклад, як найноўшы стэлс-знішчальнік F-35B Lightning II.

Таксама палубу карабля могуць выкарыстоўваць канвертапланы Bell V-22 Osprey — адзіныя серыйныя самалёты ў свеце, якія могуць дзейнічаць і як верталёты. Такім чынам, яны могуць дэсантаваць вялікую колькасць пехацінцаў на вялікія адлегласці, але пры гэтым не патрабуючы падрыхтаваных пляцовак для пасадкі ці ўзлёту.

Канвертаплан Bell V-22 Osprey

Плануецца, што звычайна карабель будзе несці 12 V-22 Osprey, 6 F-35B, 4 цяжкія транспартныя верталёты CH-53K, 7 ударных верталётаў (штурмавікоў) AH-1Z Viper ці UH-1Y Venom і 2 верталёты MH-60 Seahawk для ратавання людзей у моры. З іншага боку, «Амерыка» можа цалкам выкарыстоўвацца як авіяносец і несці 20 F-35B з 2 MH-60.

Водазмяшчэнне карабля — 45700 тон, што больш чым у два разы перавышае водазмяшчэнне «Містраляў», адпаведна і карабель прымае значна большы кантынгент марской пяхоты і тэхнікі. У той час, калі расейскія караблі французскай канструкцыі могуць узяць максімум 450 дэсантнікаў, амерыканскі ўніверсал прымае на борт каля 1800 жаўнераў.

Значна лепшае і зенітнае ўзбраенне карабля — дальнабойныя ракеты RIM-116 Rolling Airframe і RIM-162 Evolved SeaSparrow — у той час як на «Містралях» будуць стаяць комплексы з ракетамі ад перанасных «Іглаў».

Ці пачне Францыя перадаваць «Містралі» Расіі, вырашыцца ў канцы гэтага месяца. Пакуль што Францыя думае пра магчымую адмену кантракта з-за ўдзелу РФ у вайсковым канфлікце з Украінай і анексіі Крыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?