Вёска Альшаны ў Столінскім раёне — самая вялікая ў Беларусі. У ёй жыве каля 8000 чалавек. «Агурковая сталіца» — кажуць пра яе.

Вёска вядома яшчэ і вялікай пратэстанцкай грамадой. Палова Альшан — пяцідзясятнікі, ці, правільней кажучы, хрысціяне веры евангельскай. Яны адрозніваюцца і ад каталікоў, і ад праваслаўных. Не прызнаюць іконаў, не пакланяюцца мошчам, але строга выконваюць усе прыказанні Бібліі. Яны ствараюць пры цэрквах дружныя грамады. І прынцыпова не п’юць.

«Беларусь за дзень завалім»

«Гадоў 35 таму з’явіліся першыя цяпліцы ў Альшанах. Цяпер гэта асноўная крыніца прыбытку, — расказвае 40-гадовы Юрый Логвінка, які рыхтуецца стаць пратэстанцкім дыяканам. Яго да такой працы далучылі яшчэ падлеткам у савецкі час. — Мяне дзед браў, і мы ездзілі ў Латвію: збіраеш тыдзень 8—10 мяхоў агуркоў па 80 кг, іх яшчэ называлі «кітайцамі» (невысокія і шырокія). Прадавалі на рынках. А цяпер оптам усё забіраюць».

Галоўныя скупшчыкі — з Расіі. «У асноўным расіяне скупляюць. А Беларусь мы за адзін дзень завалім. Вы не ўяўляеце аб’ёмаў. У разгар сезона ў сярэднім — каля 1000 тон у дзень! Гэта 25 фур і дзясяткі мікрааўтобусаў».

На выездзе з Альшанаў ёсць рынак, які адкрыў мясцовы фермер. Прыязджаюць туды не толькі на фурах, але і меншым транспартам: загрузілі 3—5 тон — і паехалі.

Вагі на аптовым рынку Альшан.

Вагі на аптовым рынку Альшан.

Сезон агуркоў — вясна і лета. Пасля да маразоў — капуста. «А зімой жа дровы трэба прывезці — цяпліцы ацяпляюцца буржуйкамі». Газам тапіць нявыгадна.

Яшчэ восень, а альшанцы ўжо рамантуюць парнікі.

Яшчэ восень, а альшанцы ўжо рамантуюць парнікі.

Працаваць у Альшаны прыязджаюць нават з суседніх раёнаў. У вёсцы з’явілася свая «біржа працы»: каля крамы збіраюцца людзі. Праўда, добрыя работнікі на вагу золата. «Чужыя выпіваюць, — тлумачыць Юрый. — Асабліва прыезджыя: ім бы да вечара зарабіць, каб выпіць».

Ёсць у Альшанах і СВК, колішні калгас, — спецыялізуецца на малацэ, ялавічыне, зерні, цукровых бураках.

Абяцанкі-цацанкі

На пад’ездзе да Альшанаў стаяць яблыневыя сады.

На пад’ездзе да Альшанаў стаяць яблыневыя сады.

На пад’ездзе да Альшанаў стаяць яблыневыя сады. Гэта гаспадаркі фермераў. Адзін з іх — Якаў Грыб. Ён таксама прыхаджанін пратэстанцкай царквы.

Фермерствам ён займаецца з 1999. Тады яму толькі-толькі споўнілася 30 гадоў. Да таго зарабляў грузавымі перавозкамі. Была і свая цяпліца з агуркамі. А як выйшаў закон аб зямлі, узяў 12 га. Потым яшчэ. На сёння мае 70 га.

Якаў Грыб мае 70 гектараў зямлі.

Якаў Грыб мае 70 гектараў зямлі.

Грыб атрымаў зямлю пад Давыд-Гарадком — за 10 км ад Альшан. Зямля была непрыдатная. Грыб яе акультурыў. Цяпер у яго там 25 га яблыневага саду. Першыя 3 га засадзіў 7 гадоў таму. Сартоў некалькі: «Чэмпіён», «Лігол», ананасавы «Голдэн»… Яшчэ вырошчвае капусту, буракі, моркву, агуркі, памідоры. Кавуноў у Альшанах не садзяць.

Пасля сезона агуркоў праца не заканчваецца. Да маразоў вяскоўцы займаюцца капустай.

Пасля сезона агуркоў праца не заканчваецца. Да маразоў вяскоўцы займаюцца капустай.

Яблыкі раней ішлі на Мінск. Але пасля ўвядзення Расіяй эмбарга на садавіну з Еўрасаюза тэлефон фермера разрываўся ад званкоў з Расіі.

Праўда, як пачалі збіраць ураджай, Беларусь ператварылася ў «перавалачную базу» для яблыкаў з Малдовы, Украіны, Польшчы, кажа фермер. Іх садавіна таннейшая, бо ўкладанні ў іх меншыя. А свой ураджай даводзіцца прадаваць за бясцэнак.

Закладка саду патрабуе да 20 тысяч даляраў інвестыцый на гектар: саджанцы, бамбук альбо калкі, дрот, слупы… Сёлета засталося гектараў 6 непадвязаных яблынь, дык дрэўцы былі паўляжачыя. Фермер і рады б укласці грошы, але няма лішніх. Якаў кажа, што холдынгам з большымі садамі дапамагае дзяржава, меншым — не. «А калі ён загубіў той сад — яму зноў дапамогуць. У выніку і саду няма, і грошы ўкладзены».

Залатыя часы для фермера Грыба былі да фінансавага крызісу — дзяржава дапамагала тэхнікай, угнаеннямі. А сёлета скарацілі ўгнаенні па льготных цэнах, менш субсідзіруюць. Перад фермерам востра стаіць і пытанне пра сховішча. Кажа, што атрымаць ільготны крэдыт пад яго фактычна немагчыма.

70-гектаравая фермерская гаспадарка — гэта ўжо не малое, а сярэдняе прадпрыемства. У Грыба пастаянна працуюць 15 чалавек плюс наймаюць падзёншчыкаў — скажам, на праполку, на ўборку капусты. Працаваць прыязджаюць людзі са Століна, з Мікашэвіч, з-пад Пінска, нават за 100 км, з мясцовасцяў, у якіх няма добрай працы.

Наймічка можа зарабіць 150—200 тысяч у дзень, а то і больш. Але іншы і 50 тысяч не заробіць, прызнае Грыб. Гаспадар стараецца сам працаваць разам з найманымі работнікамі: «тады на працэнтаў трыццаць эфектыўней работа пойдзе».

Галоўная праблема фермераў Альшан — зямельны голад. Грыбу частку зямлі далі за 60 км ад дому. Калі літр паліва — даляр, гэта істотна павышае расходы. У цэлым асноўная частка зямлі застаецца ў калгасе.

У красавіку 2012, калі сюды прыязджаў Лукашэнка, фермеры хацелі расказаць яму пра некалькі «мёртвых» калгасаў у ваколіцах, якія неэфектыўна карыстаюцца зямлёй. І прасіць гэтую зямлю ў прыватную ўласнасць. Не выйшла. Перад прылётам фермераў сабралі ў кавярні і выставілі ахову. Паабяцалі паклікаць пазней. Так яны і прасядзелі, пакуль Лукашэнка не адляцеў. У той паездцы ён, між іншым, даў даручэнне пабудаваць у Альшанах лагістычны цэнтр. Праўда, цэнтра няма і да сёння.

Пачалі адпачываць

Альшаны не ведаюць дэмаграфічнай праблемы. У пратэстанцкіх сем’ях вялікая нараджальнасць. У адзінай школе нейкі час даводзілася вучыцца ў тры змены.

Школу рэканструявалі і вучняў развялі на дзве змены. І вырашылі пабудаваць яшчэ і пачатковую школу. Праўда, пакуль яе будавалі, узнікла патрэба не ў пачатковай, а ў сярэдняй — перад самым адкрыццём у 2011 яе перапрафілявалі. Цяпер тут дзве сярэднія школы.

У Альшанах няма дэмаграфічнай праблемы.

У Альшанах няма дэмаграфічнай праблемы.

Моладзь у Альшанах застаецца. Да 18 гадоў, працуючы з бацькамі, можна назбіраць на ўласны аўтамабіль. «Хаця пытанне заробку — пытанне цяжкае. Камусьці здаецца, што грошы з неба сыплюцца. А хто з намі пажыве месяц, той разумее, што ўсё не так проста», — заўважае Логвінка.

На што трацяць грошы? На сябе. Юрый адзначае, што апошнімі гадамі пачалі выязджаць на адпачынак — у Турцыю, Егіпет.

«Калі ёсць лішняя капейка. Бо калі сям’я вялікая, аддаць такія грошы за 10—14 дзён… Гэтая капейка мае месца для іншага: дзяцей трэба абуць, апрануць, адправіць у школу». Але тут хто працуе — той і мае.

Альшаны растуць. Новыя дамы паўстаюць у розных канцах вёскі. Маладыя ўзводзяць сапраўдныя палацы. Прычым не на дзяржаўныя грошы, на свае. Купляюць дарагія машыны. З’язджаць з Беларусі і не думаюць.

«Поспех нараджае зайздрасць»

«Пратэстанты — пяцідзясятнікі — тут з’явіліся ў 1927. А сёння мы маем каля 1700 дарослых, якія прынялі хрост. У нас гэта дазволена з 18 гадоў, калі чалавек усведамляе, што ён робіць. Дзяцей у нядзельнай школе ў нас каля тысячы: іх вучаць Бібліі», — расказвае Юрый Логвінка.

Пратэстанцкая царква ў Альшанах — нібы сталічны тэатр.

Пратэстанцкая царква ў Альшанах — нібы сталічны тэатр.

Пратэстанцкая царква ў Альшанах уражвае сваёй веліччу. Пабудавалі яе ў 1990-х вернікі за свае грошы — да гэтага маліліся ў будынку, які паўстаў яшчэ падчас нямецкай акупацыі. Нядаўна да царквы зрабілі яшчэ і прыбудову — усе не змяшчаліся падчас службы. Побач выкупілі і два надзелы зямлі для паркоўкі.

Тут не існуе дзесяціны, калі дзясятую частку прыбытку ты мусіш аддаць на патрэбы царквы. Людзі ахвяруюць самі, хто колькі зможа. І гэтага хапае. Дапамагае грамада Альшан і іншым, меншым цэрквам.

Унутры царквы. Адбываецца вянчанне.

Унутры царквы. Адбываецца вянчанне.

Як ужываюцца пратэстанты з астатнімі? Па-рознаму, не абыходзіцца і без зайздрасці. «Трэба часам ператрываць, дараваць, не заўважыць. Ёсць людзі з пачуццём зайздрасці. Адкуль яно? У Бібліі напісана: поспех паміж людзьмі нараджае зайздрасць. Добра, калі яна на ўзроўні сэрца, бо яна ж можа нейкім чынам сябе і праявіць…»

Чаму там не тут?

Калі б ва ўсёй Беларусі было столькі евангелістаў, была б яна такой багатай, як Альшаны, уся краіна? Відаць, так.

Альшаны такія ж, як любая іншая вёска Беларусі. Тая ж зямля, балоты ды супесак. Тыя ж хлопцы, таксама служаць у войску, таксама любяць машыны. Тыя ж дзяўчаты, тыя ж бабулькі.

Але такая квітнеючая эканоміка — толькі ў Альшанах. Такая заможнасць. Такія дамы багатыя толькі ў Альшанах. Такая аптымістычная дэмаграфія — толькі тут. Тут і ў іншых пратэстанцкіх вёсках Палесся.

Вось так Альшаны, Столінскі раён, абверглі Карла Маркса. Не быццё вызначае свядомасць, а свядомасць вызначае быццё. 

* * *

Фенаменальныя Альшаны

На сёння Альшаны — адзін з самых паспяховых у краіне населеных пунктаў. Высокі ўзровень жыцця, сацыяльная стабільнасць і прырост насельніцтва ствараюць «альшанскі феномен». Працавітасць, стабільнасць у сямейным жыцці, адсутнасць міграцыі моладзі ў гарады, нізкі ўзровень злачыннасці — усё гэта мае рэлігійны падмурак.

У адрозненне ад беларускіх праваслаўных і каталікоў, пяцідзясятнікі ствараюць асаблівую суполку са сваім сацыяльным парадкам, які грунтуецца на рэлігійных прынцыпах.

Вучэнне хрысціян веры евангельскай пачало распаўсюджвацца ў Беларусі ў 1920-я. Яго прынеслі беларусы, што выязджалі на заробкі ў Амерыку і там прынялі хрышчэнне. Яны і пачалі прапаведаваць.

Як расказвае пастар Уладзімір Чынікайла, праваслаўная царква ў Альшанах у 1920—30-я цалкам страціла свой уплыў. Гэта было звязана з тым, што прысланы на службу бацюшка, расійскі афіцэр, не здолеў паразумецца з вяскоўцамі.

У савецкі час вернікі ўладкоўвалі жыццё згодна з евангельскімі прынцыпамі светаўспрымання. Яны імкнуліся максімальна адмежаваць сваіх дзяцей ад свецкай адукацыі. Па рэлігійных перакананнях яны не ўступалі ў камсамол, а таму пытанне пра вышэйшую адукацыю не стаяла, і моладзь не выязджала з вёскі.

Так у Альшанах утварылася самая шматлікая ў Беларусі грамада кансерватыўных пяцідзясятнікаў. Актыўныя вернікі ствараюць рэлігійную большасць у вёсцы, дзе налічваецца каля 8000 жыхароў. У кожнай пратэстанцкай сям’і выхоўваецца ад 3 да 15 дзяцей.

Настасся Даманская, даследчыца рэлігіі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?