Насельнiцтва Беларусi сёлета за адзiнаццаць месяцаў набыло амаль тону залатых мерных злiткаў, а дакладней — 972,7 кiлаграма. Усяго ў банках было куплена за згаданы час 38 тысяч 408 штук злiткаў, паведамiў карэспандэнту «Звязды» прэс‑сакратар Нацыянальнага банка Мiхаiл Журавовiч.

Як i раней, найбольшай папулярнасцю ў людзей карыстаюцца 10‑грамовыя злiткi, якiх куплена за 11 месяцаў 9845 штук (больш за 25 працэнтаў ад агульнай колькасцi). Кiлаграмовых «брусоў», кошт якiх на сёння «заважвае» на 58 мiльёнаў 220 тысяч, прададзена 143 штукi, а таксама 138 злiткаў па паўкiлаграма.

Агульная вага набытых насельнiцтвам за студзень—лiстапад плацiнавых мерных злiткаў склала 10,35 кiлаграма (набыта 577 штук). Мiж iншым, з пачатку рэалiзацыi банкамi плацiны яе куплена 32,63 кiлаграма. Першае месца тут за пяцi‑ i дзесяцiграмовымi злiткамi, якiх прададзена па 209 штук. На паўкiлаграмовыя злiткi, якiя «цягнуць» на 53 мiльёны 180 тысяч рублёў, запалу хапiла сёлета пакуль толькi ў двух пакупнiкоў.

Што датычыцца сярэбраных злiткаў, то аб’ём iх продажу за 11 месяцаў склаў 371,67 кiлаграма (4198 штук). Як i ў выпадку з золатам, найбольшы попыт тут — на 10‑грамовыя злiткi. Праўда, знайшлiся i тыя, хто купiў кiлаграмовы злiтак з серабра, — iх прададзена 110 штук.

Паводле: Ігар Грышын, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0