Ганаровае консульства Францыі адкрылася 24 кастрычніка ў Брэсце. 

Паўнамоцтвы новай дыпламатычнай установы распаўсюджваюцца на Брэсцкую вобласць. Ганаровым консулам прызначаны дырэктар ТДА «Захадгазсэрвіс» Леанід Стаецкі. 

Ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, дыпламатычных місій у Брэсце, пасольства Францыі ў Беларусі. 

Як адзначыў консул пасольства Францыі ў Беларусі Крыстоф Брамуле, гэта першае ў Беларусі французскае ганаровае консульства. 

«Францыя выбрала беларускі Брэст месцам сваёй прысутнасці невыпадкова. Бо тут кожная пядзя горада прасякнутая гістарычнымі падзеямі. Брэст таксама вядомы эканамічным дынамізмам, — сказаў дыпламат. — Яго геаграфічнае размяшчэнне мяжы з Еўрасаюзам, а таксама статус горада, бадай, самага галоўнага на аўтамабільнай восі, якая спалучае Парыж з Масквой, з'яўляецца неаспрэчнай перавагай і стварае ўсе неабходныя перадумовы для глыбінных пастаянных абменаў». 

У сваю чаргу старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук выказаў надзею, што адкрыццё ганаровага консульства будзе садзейнічаць развіццю эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва рэгіёну з Францыяй. 

За студзень—жнівень 2014 года тавараабарот Брэсцкай вобласці з Францыяй склаў больш за 16 млн долараў ЗША. З іх экспарт — 1,3 млн долараў. 

Дапоўнім, што ў Брэсце ўжо працуюць генеральныя консульствы Расіі, Украіны і Польшчы, консульства Казахстана, консульскі пункт Манголіі і ганаровае консульства Чэхіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?