24.10.2014 / 19:31

Лукашэнка: Будаўніцтва жылля ў Мінску трэба скарачаць 3

Аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва ў Мінску неабходна скарачаць, аддаючы прыярытэт кропкавай забудове ўчасткаў, якія пакуль не выкарыстоўваюцца, развіццю фонду арэнднага жылля і гарадоў-спадарожнікаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання 24 кастрычніка раёна жылой забудовы Міхалова-2 у Мінску. 

Наведванне аднаго з новых дамоў мікрараёна было прымеркавана да мерапрыемстваў, прысвечаных 20-годдзю Службы бяспекі прэзідэнта Беларусі. «Менавіта ў гэтым доме за ўласныя сродкі пры дзяржаўнай падтрымцы кватэры для сваіх сем'яў пабудавалі супрацоўнікі гэтай службы. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з планіроўкай жылога дома, пагутарыў з членамі сем'яў супрацоўнікаў Службы бяспекі прэзідэнта», — паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. 

«У цэлым ў мікрараёне Міхалова-2 50% жылля, якое будуецца, прызначана для ваеннаслужачых і супрацоўнікаў іншых сілавых структур. Яшчэ 50% — для асоб, маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і стаяць на ўліку ў адміністрацыях раёнаў Мінска, у тым ліку мнагадзетных сем'яў», — гаворыцца ў паведамленні. 

«Маё патрабаванне аб скарачэнні як у цэлым будаўніцтва ў Мінску, так і будаўніцтва жылля застаецца нязменным: абавязкова трэба скарачаць», — падкрэсліў Лукашэнка. Гэта не азначае, што Мінск у існуючых межах МКАД замрэ і ў ім нічога не будзе будавацца, дадаў ён. «Тут таксама будзе будавацца, няхай мінімум, нейкага жылля. Але вы не чакайце, што заўтра вам дадуць землі з сельгасугоддзяў або ляснога фонду», — сказаў Лукашэнка. 

Ён падкрэсліў: зніжэнне планаў па будаўніцтве жылля ў Мінску не азначае, што сталіца не будзе забяспечваць праграму па жыллёвым будаўніцтве. Прыярытэт будзе аддавацца развіццю гарадоў-спадарожнікаў. І адной з найбольш прыярытэтных тэрыторый стане Рудзенск, улічваючы яго забяспечанасць сур'ёзнымі энергетычнымі магутнасцямі. 

Ужо ў наступным годзе павінен быць зацверджаны план дэталёвай планіроўкі Рудзенска, а ў 2016 годзе мяркуецца пачаць будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры для гэтай тэрыторыі. Гэта дазволіць у 2017 годзе пачаць будаўніцтва жылых дамоў. Акрамя таго, у Рудзенску на сумежнай з жылой забудовай тэрыторыі прадугледжана развіццё вытворчых магутнасцей. 

Для больш эфектыўнага развіцця адпаведных тэрыторый прапанавана перадаць Рудзенск пад кіраванне Мінска па аналогіі з тым, як гэта цяпер існуе ў дачыненні да пасёлка Сокал, размешчанага за 25 кіламетраў ад сталіцы. Лукашэнка гэтую прапанову падтрымаў. 

Кіраўнік дзяржавы распарадзіўся паступова наводзіць у Мінску лоск, асвойваць і добраўпарадкоўваць тыя ўчасткі, якія ў сілу іх рэльефу і размяшчэння пакуль застаюцца незадзейнічанымі і адначасова не могуць выкарыстоўвацца для патрэб сельскай гаспадаркі. 

«Разлічвайце на тыя ўчасткі, дзе немагчыма ні араць, ні сеяць, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі. — Трэба забудоўваць гэтыя месцы, добраўпарадкоўваць, ствараць паркі, зоны адпачынку. Мы не можам людзей загнаць у «бетонныя мяшкі», дзе няма ні зелені, ні травы». 

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў аб недапушчальнасці празмернага ўшчыльнення забудовы, што выклікае абгрунтаваныя прэтэнзіі грамадзян. «Ушчыльняць некаторыя тэрыторыі трэба, але ні ў якім выпадку нельга там «ціснуць» людзей, каб ім было немагчыма выйсці на вуліцу», — сказаў ён. 

Лукашэнка ўказаў на важнасць комплекснай планіроўкі жылых раёнаў, дзе разам з жыллём павінны быць у дастатковай колькасці розныя сацыяльныя ўстановы. Але многія такія аб'екты ўсё яшчэ будуюцца па старых савецкіх схемах, напрыклад дзіцячыя садкі, дадаў ён. 

«Гэта дорага. Трэба рабіць функцыянальна, прыгожа, каб дзецям было цёпла, але не трэба размахвацца, як мы гэта робім цяпер, — гэта тычыцца і матэрыялаў, і плошчаў. Падумайце аб тым, каб сацыяльныя аб'екты, якія фактычна будуюцца за кошт дзяржавы, былі аптымальныя па цане. На дзецях не трэба эканоміць, але ў нас шмат празмернасцей», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Паводле слоў Лукашэнкі, пабудаваўшы той ці іншы сацыяльны аб'ект, асабліва з дадатковым наборам паслуг, дзяржава не павінна поўнасцю несці на сабе расходы па яго ўтрыманні. Дзяржава ў асобе мясцовых уладаў бярэ на сябе выкананне пэўных мінімальных сацыяльных патрабаванняў і стандартаў, а дадатковыя работы і паслугі павінны аплачвацца самім жыхарамі, лічыць ён. 

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, добра зарэкамендавала сябе практыка замацавання тэрыторый за суб'ектамі гаспадарання, у абавязкі якіх уваходзіць іх прыбіранне, утрыманне і бягучы рамонт. Гэта ў асноўным участкі, якія мяжуюць з магазінамі і ўстановамі, рознымі офіснымі памяшканнямі на першых паверхах будынкаў.

Лукашэнка заявіў, што станоўчы вопыт прыцягнення грамадзян і арганізацый да работ па добраўпарадкаванні неабходна і надалей паступова пашыраць.

0
))))) / Адказаць
24.10.2014 / 19:37
Это точно. Само ведь себя оно не сократит.
0
ada / Адказаць
25.10.2014 / 11:05
Яно і само б скарацілася без указівак, бо крэдытаў няма і грошаў на такое дарагое жытло таксама. А ахоўнікам і чыноўнікам хопіць.
0
P.S.KOLTSOV / Адказаць
26.10.2014 / 21:56
Да,да.Обязательно сокращать,что бы цены на жильё ещё больше выросли.А потом найдёшь крайних,за увеличение цены за кв.метр.Учителей с строителями лбами столкнёшь,мол первые с высшим образованием меньше получают,вот гады эти строители.Потом психанёшь,мол страна во вторую Молдавию превращается,не досчитавшись 800 тысяч,ни где официально не работающих, всех в колхоз или в тюрьму с января 2015 года.Это по нашему!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру