Учора, 10 красавіка, у 18.30 каля 70 чалавек прыйшлі зь белымі і чырвонымі гвазьдзікамі на Цэнтральную плошчу Менску да знаку «Пачатак дарог Беларусі».

«Мы ўскладаем кветкі на тое месца, дзе баранілі сваю свабоду. На тое месца, дзе нас заганялі ў аўтазакі. На тое месца, дзе мы былі разам, нягледзячы на арышты, халадэчу і ноч. Мы хочам паказаць – наш шмат, мы адзіныя, нас не запужаць,» – абвесьцілі надоечы ініцыятары акцыі.

Знак пачатку дарог быў усьцелены белымі і чырвонымі кветкамі – «па адной ад кожнага, каму не падабаецца гэты рэжым; ад кожнага, хто за свабоду; ад кожнага, хто чакае пераменаў».

Адзін хлопец прынёс кветкі, схаваўшы іх пад курткай.

Зь неаразабраных пасьля інаўгурацыі трыбунаў акцыю здымалі трое невядомых у цывільным. Калі акцыя пачалася, да яе наблізіліся амапаўцы. Яны ўвесь час перадавалі інфармацыю па рацыі, але не заміналі ўдзельнікам.

У часе акцыі да ўдзельнікаў далучыўся граф Аляксандар Прушынскі. Ён падняў адну з ускладзеных кветак і пазіраваў зь ёй на камэру.

Людзі, усклаўшы кветкі, не разыходзіліся. Па цёплых абдымках, радасьці і размовах было бачна, што некаторыя зь іх упершыню сустрэліся пасьля арышту.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0